«Профессиональное выгорание педиатрам не грозит»: рассказываем о молодом враче-педиатре Ушачской ЦРБ Валерии Северин

Общество

“Ці баішся ты ўколаў?”, – запыталася ў Сняжаны, якая самастойна, без бацькоў, лячылася ў стацыянары. “А мы тут не робім уколаў, мы кормім матылькоў”, – адказала за юную пацыентку загадчыца дзіцячага аддзялення Валерыя Алегаўна Севярын. “Жоўтага”, – дабавіла дзяўчынка і падцягнула рукавок, каб паказаць, дзе ён хаваецца. Пластыр на месцы кропельніцы сапраўды быў жоўтым, а разам з іголкай і крыламі катэтара нагадваў мілае насякомае. Так, урач і медсёстры аддзялення расказваюць казкі, прыносяць цацкі, прыдумваюць алегорыі: на мноства хітрыкаў даводзіцца ісці, каб замаскіраваць пад гульню не надта прыемныя маніпуляцыі.

Не адно ўрачэбнае амплуа прымерыла на сябе Валерыя падчас вучобы ў Віцебскім медуніверсітэце, перш чым канчаткова спынілася на педыятрыі. А зараз, праз тры гады практыкі ў ЦРБ, ад якой карэнная ўшачанка брала мэтавае накіраванне, сцвярджае, што з дарослымі працаваць бы ўжо не змагла. “Дзеці – гэта ж заўсёды пазітыў. Яны выздараўліваюць і растуць на тваіх вачах – пастаянна ідзе эмацыянальная “падзагрузка”. “Значыць прафесійнае выгаранне педыятрам не пагражае?”, – лаўлю на слове субяседніцу. “Пакуль што не. Ва ўсялякім выпадку хвалююся, як у першы дзень працы, і магу ноч не заснуць, перажываючы за дастаўленага хворага, – шчыра гаворыць малады спецыяліст. – Ды і прыклад маіх асабістых урачоў і калег Святланы Іванаўны Ерашовай і Ніны Васільеўны Літвінавай сведчыць аб гэтым. Ніколі не бачыла іх абыякавымі на прыёмах. Уважліва ўнікнуць, калі звяртаюся да іх за парадай, і зараз”.

Прыгаданыя медыкі не працуюць ужо, і больш чым два гады ўсе дзеці раёна заставаліся пад патранажам В.Севярын і як загадчыцы аддзялення, і як галоўнага педыятра раёна, і як урача паліклінікі. Нават двух спецыялістаў на ўсе гэтыя функцыі – мала. Таму вельмі задаволена Валерыя, што летась яе разгрузіла малады спецыяліст Яніна Булаева, якая ўзначаліла адзін з участкаў. Па-ранейшаму на сяле дапамагаюць урачы агульнай практыкі і загадчыкі ФАПаў, якія першымі прымаюць хворых. Ды і на мабільнай сувязі Валерыя “24 на 7” не толькі ў дні “экстры”. Так скарочана медыкі называюць дзяжурства на доме, калі павінны прыбыць у бальніцу па першым выкліку. У педыятраў іх у разы меней, чым у рэнтгенолагаў, бываюць як спакойныя ночы, так і загружаныя. Здараецца, што бацькі запанікуюць з-за тэмпературы, а ёсць і вельмі складаныя выпадкі з сутаргамі, дыхальнай недастатковасцю – калі ўсё вырашаюць гадзіны.

Дарэчы, на гэтым тыдні Валерыя Алегаўна адпрацоўвала практыкум па аказанні першай меддапамогі, які праводзілі калегі з Віцебскай абласной бальніцы. Зразумела, яна праходзіла гэты курс ва ўніверсітэце, ды і ў рэальным жыцці яшчэ студэнткай аказвала яе дзяўчыне, якая на аўтобусным прыпынку згубіла прытомнасць. Але ўрачы, як вядома, вучацца ўсё жыццё. Кажа, што вельмі многа дала інтэрнатура ў абласной бальніцы. І цяпер, калі паступае немаўля з сімптомамі, падобнымі аднолькава на вятранку, алергію і менінгіт, яна ведае, што рабіць. Ды і пры каласальнай нагрузцы Валерыя здолела скончыць яшчэ і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце: атрымала дадатковую спецыяльнасць юрыста.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *