Ушачскому лесхозу — 75 лет!

К профессиональному празднику

Патрэбныя ўсім

Так адбылося, што не могуць беларусы пахваліцца запасамі нафты з газам, няма ў нас цёплага мора, ды і глеба тут не надта ўрадлівая, таму трафарэтны выраз “Лес – наша багацце” мае ўсе падставы для чарговага выкарыстання на газетнай старонцы. Бо сапраўды, лес для беларуса – без перабольшвання крыніца жыцця. Спрадвеку ён і карміў, і саграваў, і захоўваў ад ворага. Ён дорыць нам асалоду яднання з першабытнай прыгажосцю, магчымасць адпачыць ад будзённай мітусні. Нават той, хто не бывае ў лесе і бачыць яго калі толькі за вокнамі аўто, пэўным чынам сутыкаецца з вынікамі працы работнікаў лясной гаспадаркі, калі набывае ў магазіне мэблю ці сшыткі, п’е бярозавы сок альбо ўпрыгожвае навагоднюю ёлку. Сёння мы мусім расказаць пра людзей, якія ахоўваюць і памнажаюць наша багацце, тым больш што падстава для гэтага вельмі грунтоўная: сёлета ДЛГУ “Ушацкі лясгас” адзначае 75-годдзе з дня свайго заснавання. 

Адметныя вехі гісторыі

Ушацкі лясгас – адно са старэйшых прадпрыемстваў раёна. Першыя лясніцтвы з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі яшчэ ў 19 стагоддзі. У 1869 годзе Мінская губерня падзялялася на 25 лясніцтваў, у ліку якіх было Докшыцкае. У склад гэтага лясніцтва ўваходзіла Вялікадолецкая воласць – зараз гэта аднайменнае лясніцтва Ушацкага лясгаса. У 1936 годзе было арганізавана Беларускае ўпраўленне лясной аховы і лесанасаджэнняў, у тым жа годзе створаны Ушацкі лясгас, які займаў плошчу 29779 гектараў. У яго склад уваходзіла чатыры лясніцтвы: Вялікадолецкае, Плінскае, Глыбачанскае і Ушацкае. У 1960 годзе было арганізавана Весніцкае (пазней яго перайменавалі ў Касарское), у 1969 – Кубліцкае, у 2000 – Сарочынскае. Зараз плошча Ушацкага лясгаса складае 72586 гектараў.
Хочацца прыгадаць слаўныя імёны людзей, што прысвяцілі жыццё ўшацкай лясной гаспадарцы. Гэта заслужаныя лесаводы БССР Мікалай Дарафеевіч Бабаедаў, які кіраваў прадпрыемствам на працягу 28 год, і галоўны ляснічы Мікалай Васільевіч Хамічонак, кавалер ордэна “Працоўнага Чырвонага Сцяга” вадзіцель Том Іванавіч Пугачоў, які зараз узначальвае пярвічную арганізацыю ветэранаў лясгаса, ляснік Вялікадолецкага лясніцтва Мікалай Іванавіч Правада, інжынер лесакарыстання Надзея Паўлаўна Вішанкова, інжынер аховы лесу Васіль Дзмітрыевіч Маркавец, памочнік ляснічага Плінскага лясніцтва Уладзімір Паўлавіч Каўнурка, ляснік Вялікадолецкага лясніцтва Фёдар Прокопавіч Дальчанін. Нельга не адзначыць і цяперашняга дырэктара прадпрыемства Аляксандра Паўлавіча Рудасава, які прафесійна і паспяхова кіруе лясгасам з 1997 года.

«І елка ў пары з хваіною…»
Толькі на тое, каб проста пералічыць усе функцыі і віды дзейнасці лясгаса, пойдзе добрая палова старонкі. Таму ўзгадаем толькі асноўныя, сярод якіх найпершая – догляд за лесам, яго ўзнаўленне, рацыянальнае выкарыстанне. З пачатку бягучага года пасаджана 219 гектараў лесу, што складае 146 працэнтаў да запланаванага. Для гэтага выкарыстоўваюцца сеянцы елкі, хвоі, лістоўніцы, вырашчаныя ў пітомніку Вялікадолецкага лясніцтва. Распачаліся работы па закладцы дэндрапарку ва Ушацкім лясніцтве: зараз тут ідзе ўзворванне зямлі, завозіцца жвір. Догляд за лесам – гэта таксама своечасовая высечка пашкоджаных дрэў, ухіленне наступстваў стыхійных бедстваў, барацьба з ляснымі пажарамі, незаконнымі высечкамі, ахова дрэў ад шкоднікаў і хвароб. 

Дух спаборніцтва

У гэтым годзе Ушацкі лясгас быў абраны месцам правядзення цэлага шэрагу мерапрыемстваў. На яго базе праходзіў абласны семінар па ахове лесу. На высокім узроўні былі арганізаваны спаборніцтвы “Лесаруб-2011”, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі розных рэгіёнаў рэспублікі. Адметнай падзеяй стаў абласны турнір рыбаловаў, што праводзіўся на Чарсцвядскім возеры. Не застаюцца лесаводы ў баку і ад спартыўнага жыцця. З апошніх дасягненняў – першае месца ў раённай спартакіядзе сярод працоўных калектываў.

Айчынная мэбля і замежная папера

Акрамя таго лясгас вядзе разнастайную прамысловую дзейнасць. Тут створана новае падраздзяленне – лесапункт, якое займаецца комплекснай нарыхтоўкай драўніны. Піловачнае бярвенне, фанерная сыравіна выкарыстоўваюцца айчыннымі вытворцамі для вырабу мэблі, пастаўляюцца на будаўнічыя прадпрыемствы, а так званая балансавая драўніна (з якой, напрыклад, вырабляецца папера) экспартуецца ў Польшчу, Прыбалтыку, Фінляндыю. Сучасная вытворчасць немагчыма без выкарыстання новай тэхнікі. За два апошнія гады Ушацкі лясгас значна мадэрнізаваў сваю тэхнічную базу. Набыта шматаперацыйная машына (харвестэр) на базе “Амкадор”, якая ажыццяўляе валку дрэў, распілоўванне і абразанне сучча – такая тэхніка дазваляе значна павялічыць вытворчасць працы. Для вывазкі драўніны таксама выкарыстоўваюцца сучасныя машыны – фарвардэры “Амкадор”, адзін з якіх з’явіўся ў арсенале лясгасаўцаў сёлета. Безумоўна, такая складаная тэхніка патрабуе асаблівых навыкаў: каб кіраваць ёю, работнікі лесапункта праходзяць спецыяльную падрыхтоўку. Увогуле, на прадпрыемстве вядзецца значная кадравая работа. У гэтым годзе створана 17 новых працоўных месцаў, па крэдыце ад цэнтра занятасці набыта тры трактары.

З нагоды юбілею

У пятніцу адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю Ушацкага лясгаса, на якое былі запрошаны ветэраны прадпрыемства і цяперашнія яго работнікі. Падчас ўрачыстасці былі адзначаны лепшыя працаўнікі ДЛГУ “Ушацкі лясгас”. Сярод іх – ляснік Кубліцкага лясніцтва Г.П.Коршун, які ўзнагароджаны граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, вальшчык лесу Ушацкага лясніцтва М.В.Карабань, які атрымаў удзячнасць міністра лясной гаспадаркі. Ганаровымі граматамі Віцебскага ДВЛГА ўзнагароджаны вадзіцель П.Н.Шамровіч, вальшчык лесу лесанарыхтоўчай брыгады С.В.Краўчанка і вальшчык лесу Касарскога лясніцтва А.М.Бычынскі. Граматай раённага Савета дэпутатаў адзначана праца ляснічага Плінскага лясніцтва А.С.Баратынскага.
Хочацца далучыцца да віншаванняў і пажадаць усім работнікам лясной гаспадаркі і надалей выдатна выконваць сваю няпростую, але пачэсную місію і пажадаць ім усяго зямнога дабра.
Н.БАГДАНОВІЧ.

На здымку: работнікі Ушацкага лясніцтва.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *