“Пражылі з мужам больш за 20 гадоў, аднак сям’я наша фактычна распалася, хочам скасаваць шлюб, але да гэтага вырашылі заключыць Шлюбны дагавор, бо нам падказалі, што па ім будзе прасцей і танней падзяліць сумесную маёмасць. Ці так гэта? І што трэба зрабіць?”
– Артыкул 13 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і абвяшчае, што муж і жонка маюць права заключыць Шлюбны дагавор у любы час, а не толькі перад рэгістрацыяй у загсе. Дагавор і складаецца для таго, каб пазбегнуць пры скасаванні шлюбу спрэчак, бо па сутнасці гэта пагадненне абаіх наконт маёмасных правоў і абавязкаў як у перыяд шлюбу, так і пасля яго скасавання. Асноўнае, каб такая дамова не парушала правы і законныя інтарэсы іншых асоб і не супярэчыла заканадаўству.
У сувязі з гэтым зазначу, што Шлюбны дагавор складаецца толькі на сумесна нажытую маёмасць. Нельга прапісаць у ім, напрыклад, падзел дома, які быў падараваны, ці кватэры, што знаходзілася ва ўласнасці мужа або жонкі, ці атрымана адным з іх у спадчыну падчас шлюбу. Асабістая маёмасць па законе і застаецца маёмасцю аднаго з членаў сям’і. У дагаворы прапісваецца падзел як ужо нажытай сумеснай маёмасці, так і той, што яшчэ можа з’явіцца, долі ў кватэры, абавязкі з дзецьмі – абсалютна ўсё. Калі ж вы збіраецеся скасаваць шлюб і ведаеце ўсю сваю сумесную маёмасць, у дагаворы можна канкрэтна прапісаць, што, напрыклад, дом і дача будуць уласнасцю мужа, а кватэра і машына – жонкі.
Сапраўды, дзяліць маёмасць на падставе шлюбнага дагавору прасцей і танней, чым праз суд. У апошнім выпадку пры падзеле вам трэба заплаціць 5 працэнтаў ад кошту нерухомасці, а перад гэтым яшчэ і зрабіць яе ацэнку. Пры першым варыянце рэгістратар нерухомасці пераафармляе на мужа дом і дачу, на жонку – кватэру на падставе выключна шлюбнага дагавору. Ён таксама платны. Праект дагавору каштуе 2 базавыя велічыні (зараз 80 рублёў), яго засведчанне – 6 (240) і 12 рублёў – тэхнічныя расходы.
Жанна КАВАЛЕНКА,
натарыус натарыяльнай канторы Ушацкага раёна.