У час нашай вандроўкі па глыбачанскіх палетках неба раптоўна зацягнулі шэрыя хмары. Нездарма ў народзе кажуць: дождж ідзе не калі просяць, а калі косяць…
У 2023-м, праўда, прыказка не спрацавала: нябесная канцылярыя была зусім скупой на вільгаць – што літаральна змарнавала першы ўкос. У “Глыбачанах”, як і паўсюдна, з кармамі было няпроста, і хоць экстрэмальную зімоўку вытрымалі і нават падставілі плячо суседзям, паўтараць такое выпрабаванне нікому не хочацца – і сёлета аграрыі поўныя жадання максімальна плённа правесці першы этап касавіцы.
Крыху “размяліся” на нарыхтоўцы сена, назапасіўшы 20 тон, а калі надвор’е стала пераменлівым, актыўна пераключыліся на сянаж. На мінулым тыдні пачалі закладаць першую траншэю, зараз жа прыступілі да другой. Дажджлівыя дні крыху збіваюць рытм, і глыбачанцы стараюцца максімальна выкарыстоўваць кожную спрыяльную гадзіну. Пра нюансы тэхналогіі і страту якасці пры яе незахаванні тутэйшым механізатарам расказваць не трэба: усе не толькі вопытныя, але і адказныя.
Па выніках мінулагодняй касавіцы Сяргей Гатоўка (на здымку) стаў абсалютным пераможцам раённага спаборніцтва сярод камбайнераў кормаўборачных машын, нарыхтаваўшы 8905 тон зялёнай масы.
У дзень нашага візіту пачатак “зялёнаму канвееру” задавалі Мікалай Лях і Аляксандр Баратынскі. Дарэчы, іх намаганнямі першым укосам у гаспадарцы ўжо скошана больш трэці палеткаў. На валкаванні быў заняты Аляксандр Лях, ну а на КВК мы ўбачылі Сяргея Гатоўку. Ненадоўга пакінуўшы кабіну, ён патлумачыў, што вытворчыя працэсы для сябе не выбірае, работа на камбайне яму падабаецца, але пры патрэбе гатовы выконваць любую іншую.
Рабочых рук у гаспадарцы не хапае, але невялікая баявая брыгада ўжо прывыкла да таго, што працаваць даводзіцца і за сябе, і “за таго хлопца”. Таму максімальна хутка стараліся даставіць “зялёнку” на комплекс Максім Целепень і Васіль Качан – апошні далучыўся да касавіцы, завяршыўшы справы на ўчастку ЖКГ. На трамбоўцы траншэі дуэтам шчыравалі Андрэй Літвін на “Амкадоры” і яшчэ адзін памагаты з камунгаса Васіль Камовіч на МТЗ-3022 – стараліся якасна ўшчыльніць сянаж, каб унутры засталося як мага менш паветра. “Пастаянна кантралюем вільготнасць, дадаём кансервант і, канечне, намагаемся максімальна скараціць тэрмін закладкі, каб захаваць пажыўныя якасці”, – зазначыла галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Святлана Пячура.
У гаспадарцы сёлета плануюць атрымаць 4065 тон гэтага віду кармоў. На ўчарашнюю раніцу было нарыхтавана 770 тон сянажнай масы. Не надта радуе пакуль глыбачанцаў ураджайнасць травяных палеткаў, якая крыху ніжэй за сярэднераённую, але гэты паказчык пакрысе паляпшаецца.
У цэлым па раёне на ўчарашнюю раніцу было скошана 37,6 працэнта палеткаў траў першага ўкосу, заданне па нарыхтоўцы сенажу выканана на 17,1.
Корманарыхтоўчы марафон, канечне, яшчэ толькі на стартавым адрэзку: колькасць кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы пры плане 27,9 цэнтнера ў “Глыбачанах” зараз складае 2,3, аднак гэта на парадак больш, чым на адпаведную леташнюю дату.
Лідарам жа па тэмпах корманарыхтоўкі, як і па ўрадлівасці сенажацяў, з’яўляецца “Вялікадолецкае”, дзе ўжо заклалі трэцюю частку запланаванага сенажу. А вось самы вялікі нарыхтаваны аб’ём – 1810 тон – на рахунку “Сафійскіх дароў”, аднак тут і план куды большы, чым у калег.
Наталля БАГДАНОВІЧ.