“З новага года брыгада выйшла на 100-працэнтны план. Гэта ўжо не паніжаныя паказчыкі, як для навічкоў, а аб’ёмы, што выконваюць нашы полацкія швейнікі”. Такую ацэнку дала Ушацкаму ўчастку намеснік дырэктара, галоўны інжынер Полацкага філіяла “Магатэкса” Ірына Іванаўна Кандыба. І падмацавала статыстыку красамоўнымі лічбамі. Калі ў жніўні за дзень выпускалі 30 адзінак вырабаў, то зараз – 100. Вось такі прагрэс.
Полацкае кіраўніцтва адзначае, што ўчастак трывала трымаецца на нагах, дзякуючы майстру Алене Васільеўне Шынкоўскай, якая ўмее граматна ўпраўляць людзьмі і правільна размеркаваць абавязкі. А гэта зусім няпроста. Хоць у штаце ўсяго 10 швачак, іх прозвішчы абнаўляліся на працягу года. Прыходзілі прэтэндэнты, якія “ніколі іголку ў руках не трымалі”. Іх вучылі, а з цягам часу навабранцы разумелі, што гэта не іх. Не прыжыўся і неадказны кантынгент – у невялікай камандзе, як у хоры – у кожнага свая партыя, якую не заменіш. І зараз асабістыя паказчыкі швачак хоць і розняцца, аднак не так значна. Калі Н.Паршонак, Ганна Сурвіла, Галіна Мароз, Алена Калясінская, Алена Кірпічонак – стабільна перавыконваюць план, то астатнія вельмі блізкія да запаветнай лічбы 100.
Сімвалічна пра рост ушацкіх швейнікаў гаворыць нават прадукцыя. Год выпускалі вопратку для повараў, а ў канцы мая запусцілі новы выраб – падшпільку да мужчынскай курткі “Капітан”. Уцяпляльнікі да верхняй вопраткі бачыла і раней, аднак прадукцыя нашага цэха з імі не пасуецца. Самая сапраўдная куртка з кішэнямі, капелюшом, мехавым каўняром, лейбай, замкамі, мноствам дробязных элементаў.
Зразумела, што новы від на старце пагаршае статыстыку, аднак і тут яўная дынаміка. “34 курткі – 3 чэрвеня, 39 – 4-га, 63 – 5-га, а гэта ўжо практычна норма”, – паказвае запісы А.Шынкоўская. – Калі на выраб умоўна патрэбна 4 тысячы секунд, то мая задача з улікам здольнасцяў распісаць загрузку патоку, прасачыць, каб ніхто не прастойваў, і забяспечыць работай. Для гэтага загадзя раскладаюцца дэталі, у тым ліку і па памерах”.
“Блытаніна па памерах нават тэарэтычна не дапускаецца”, – абвяргае маю версію кантралёр Ірына Пятроўна Гуль-Пархоменка. – А вось тканіны спецыфічныя трапляюць, падкладачныя любяць утварыць складку, пераглядаю ж літаральна кожнае шво, выварочваю кожную кішэню. За год існавання не было ніводнага вяртання прадукцыі назад. Марку якасці трымаем”.
“Ні дня не пашкадавала, што пагадзілася ўзначаліць калектыў”, – зазначае А.Шынкоўская. Цяжка: вялікая адказнасць, розныя людзі. Аднак няма нічога больш прыемнага, калі тваё дзіця пайшло. І хачу падзякаваць кіраўніцтву і спецыялістам Полацкага філіяла “Магатэкс”, без якіх бы гэта не атрымалася. Мы не былі пакінуты сам-насам. Дапамагалі людзьмі, парадамі, граматны – па сілах навічкоў – падбор першай мадэлі. Ды што казаць – кожнага работніка ведаюць па імя. Такі стыль кіравання.
Заслугу Ірыны Пятроўны кіраўніцтва Полацкага філіяла таксама падкрэслівае. “Да Дня лёгкай прамысловасці яна будзе ўзнагароджана Ганаровай граматай. Да 8 Сакавіка яе атрымала Ганна Сурвіла. Матэрыяльная дапамога прадугледжана ўсім да кожнага прафесійнага свята і юбілею, – адзначае І.І.Кандыба. – На прадпрыемстве акрамя годных заробкаў (сярэдняя зарплата ў швачак складае 1300 рублёў) выдатны і сацыяльны пакет: заніжаная норма выпрацоўкі для навічкоў, штомесячнае патанненне харчавання для мнагадзетных сямей, бясплатная страхоўка, зніжэнне аплаты на пуцёўкі ў дзіцячыя лагеры і санаторыі. Расказваю гэта для ўшачан, бо мы не адмовіліся ад ідэі стварэння другой брыгады, таму чакаем новага прытоку швачак, а таксама кантралёра. А што ўшацкі ўчастак стабільна працуе і будзе развівацца – пацвердзіў самы складаны – першы год”.