Что такое «земельная амнистия» и как под нее попасть жителям Ушачского региона? Рекомендации от специалиста

Общество

З 1 верасня 2022 года дзейнічае “зямельная амністыя” – закон, які дазваляе легалізаваць самавольна занятыя ўчасткі. А праведзеная інвентарызацыя толькі па нашым раёне выявіла каля 350 парушальнікаў. І першае, на што хочацца засяродзіць увагу чытачоў – час. Ён абмежаваны, каб узаконіць межы надзелаў па спрошчанай схеме і без праблем. Амністыя дзейнічае толькі па 31 жніўня 2025 года. Як гэта зрабіць, расказвае начальнік аддзела землеўпарадкавання Ушацкага райвыканкама Л.І.АНДРЭЙЧЫК.

– Людміла Іванаўна, ці ўсе незаконныя карыстальнікі зямлі ведаюць пра лішнія соткі?

– Так, тым ушачанам, у якіх выяўлены парушэнні, былі разасланы паведамленні. Аднак заявы ў аддзел падалі пакуль толькі 96 чалавек. Між тым на збор дакументаў патрэбны час, паколькі для прыняцця станоўчага рашэння па легалізацыі неабходна выкананне шэрагу ўмоў.

– На гэтым важным аспекце давайце спынімся падрабязней.

– Грамадзяне самі павінны прынесці згоду сумежнага карыстальніка на захаванне самавольнай пабудовы, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць, што ўзведзена яна да 1 верасня 2022 года. Гэта могуць быць як звесткі з зямельна-кадастравых дакументаў, рэестраў нерухомасці, так і любыя рашэнні, што прымаліся ў адносінах такога будынка. Нават прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці таксама з’яўляецца пацвярджэннем. Пад роспіс грамадзянін сведчыць, што адсутнічаюць судовыя спрэчкі па зямлі. Акрамя гэтага ўжо камісія правярае, што пры ўзвядзенні захаваны градабудаўнічыя нормы і правілы. Як бачыце, час для збору можа расцягнуцца, нярэдка тыя ж суседзі па ўчастку доўга адсутнічаюць. Таму раю не чакаць да апошняга.

– Дапусцім, бацькоўскі дом стаіць даўно, а потым нашчадкі паставілі лазню, арэлі, альтанку. Што з іх лічыцца самавольнымі пабудовамі?

– Абсалютна ўсё, калі ўзведзены не на сваіх сотках на трывалым фундаменце (мае мацаванне ў зямлі). Не толькі гараж, лазня, хлявы, альтанка. Самавольнай пабудовай лічыцца нават агароджа, калі слупы забетанаваны ў зямлю. А самая распаўсюджаная прычына “захопу” дадатковых сотак – прывычка, што імі карысталіся здаўна, хаця зямля і не была аформлена. Гэта памылка актуальная і зараз. Таму перш чым пачынаць нешта пераносіць і нават мяняць агароджу, пераканайцеся, што вы не выходзіце за межы свайго участка.

– Людзям давядзецца не толькі сабраць дакументы, але і заплаціць за легалізацыю. Калі ўчастак у прыватнай уласнасці – то двайны памер кадастравага кошту за лішнія метры. Сума можа аказацца вялікай, а калі яе няма?

– З 1 верасня 2023 года з’явілася магчымасць плаціць яе з двухгадовай растэрміноўкай – Прэзідэнт краіны ўзгадніў такое рашэнне ўрада, паколькі па гарадах сапраўды “набягала” вялікая сума. Для ўшачан гэта не так актуальна, але цалкам рэальна, калі паспець падаць заяву ў аддзел землеўпарадкавання да 1 верасня 2025 года. Аднае яшчэ раз паўтару – займіцеся легалізацыяй сваіх участкаў зараз, не чакайце гэтай даты, бо “амністыя” скончыцца, а рашэнні ў адносінах самавольнага будаўніцтва будуць прымацца абавязкова – і ўжо на падставе Грамадзянскага кодэкса.

На сённяшні час прынята 22 рашэнні па легалізацыі самавольна занятых зямельных участкаў, за якую грамадзяне заплацілі 15 192 рублі.

Гутарыла Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *