Делегация Китайской Народной Республики посетила Ушачский район

Общество

“У вас цудоўна!” Гэтыя словы не раз прасілі перакладчыка перадаць гаспадарам прадстаўнікі Кітайскай Народнай Рэспублікі падчас наведвання Ушаччыны на гэтым тыдні. Праграма візіту была прадуманай і насычанай, госці паспелі наведаць шмат аб’ектаў і абмеркаваць перспектывы міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

Беларусь і Кітай звязваюць даўнія сяброўскія адносіны. Не першы год наладжвае сувязі з жыхарамі Паднябеснай і Ушацкі раён. Летась прадстаўнікі дзвюх правінцый Кітая ўжо прыязджалі да нас для вывучэння патэнцыялу рэгіёну з мэтай эканамічнага супрацоўніцтва, а пасля візіту нашай дэлегацыі быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Ушацкім раёнам і горадам Тайань правінцыі Шаньдун. Сёлета заснавальнік адкрытага акцыянернага таварыства “Белчайна коннект” Яна Вонг, якая ўжо добра знаёма з Ушаччынай, арганізавала яшчэ адну дзелавую вандроўку, і ў складзе дэлегацыі Шаньдунскай правінцыі аказаліся прадстаўнікі бізнесу, кіраўнікі арганізацый розных сфер дзейнасці.

Пачаўся ж візіт замежнай дэлегацыі з наведвання “Юнацтва-Ушачы”, дзе акрамя экскурсіі па комплексе і будучым інтэрнаце для спартсменаў была наладжана выстава выпускаемай у раёне прадукцыі. Свае ўзоры выставілі лясгас, ТАА “Лес”, Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства, “Твестуба-Про”.

Кітайскія бізнесмены цікавіліся літаральна ўсім і задавалі шмат пытанняў. Убачыўшы кардонныя гільзы, паведамілі, што ў Кітаі выпускаецца дастаткова падобнай прадукцыі, а вось сярод узораў лясгаса нечакана вылучылі бярозавік. Зняўшы пробу, пыталіся пра яго нарыхтоўку, магчымыя аб’ёмы, тэрміны прыдатнасці і захоўванне. Дарэчы, азнаямленне з прамысловасцю не абмежавалася толькі выставай. Бачны быў інтарэс гасцей падчас візіту ў цэх дрэваапрацоўкі лясгаса: цікавіліся лагістыкай, фатаграфавалі, мацалі ў руках розныя віды пілавання і прасілі даць кавалачак ўзору з сабой. Дарэчы, беларускі 2 сорт драўніны ў Кітаі адпавядае першаму. А ўбачыўшы, што на іх погляд добрую сыравіну прапускаюць праз станок і робяць дровы, нават прыйшлі ў роспач, зазначыўшы, што гэта раскоша. Кожны з прадстаўнікоў дэлегацыі сфатаграфаваў макет зруба дома і цікавіўся коштам, адразу пераводзячы ўсё ў юані.

Сяргей Садоўскі, старшыня райвыканкама:

“Наша сустрэча будзе мець працяг, паколькі ў кітайскага боку ёсць шчырая зацікаўленасць і перспектыўнае бачанне ва ўкладанне інвестыцый на тэрыторыі Беларусі”.

У цэху безалкагольных напіткаў Ушацкага філіяла падчас візіту гасцей з КНР па лініі разліву “беглі” бутэлькі з ліманадам “Лімон-лайм”. Спачатку працэс павышанага інтарэсу не выклікаў – такія вытворчасці ёсць у Кітаі, аднак пасля дэгустацыі “пасыпаліся” пытанні і нават прапановы на будучае. “Ваша вада і напіткі намнога смачнейшыя, а вось наша лінія больш сучасная. Трэба кааперавацца!” – зазначаў кітайскі бок. Так, калі лінія Ушацкага філіяла здольна выпусціць да трох тысяч бутэлек напіткаў за гадзіну, то тая, якую выкарыстоўваюць у Кітаі – у пяць разоў больш.

У параўнанні з прыгаданымі аб’ектамі, у санаторыі “Лясныя азёры” затрымаліся больш за ўсё. Гасцей азнаёмілі з работай лячэбнага корпуса і спа-цэнтра, умовамі размяшчэння гасцей, а таксама адметнай “фішкай” – крыніцамі. Не маглі не палюбавацца краявідамі возера Должыца, нават без перакладу па эмоцыях гасцей было зразумела, што ім падабаецца. Што і казаць, у асаблівай рэкламе наша здраўніца не мае патрэбы: у цяперашні час пуцёўкі ўжо раскуплены да пачатку кастрычніка. Не менш маляўнічыя ўчасткі на берагах азёр для будаўніцтва аб’ектаў турыстычнай дзейнасці былі прапанаваны кітайскаму боку падчас пасяджэння ў райвыканкаме, дзе перайшлі да канструктыўнага дыялогу. Так, напрыклад, маецца распрацаваны маштабны праект, які прадугледжвае стварэнне аб’ектаў адразу некалькіх накірункаў – турыстычнага і сельскагаспадарчага комплексаў, паляўнічай гаспадаркі з базай адпачынку. І калі гэта пакуль на паперы, то “Сарочына-Агра” ўжо працуе і шукае інвестараў для рэканструкцыі памяшканняў і пашырэння вытворчасці. Даволі перспектыўна выглядаюць праекты, звязаныя са здабычай торфу і сапрапелі. Залежы першага на Ушаччыне складаюць 29,5 мільёна тон, а запасы другога – 175. Дарэчы, каб мець уяўленне аб такой прапанове, для кітайскай дэлегацыі была спецыяльна наладжана экскурсія ў суседні Докшыцкі раён на філіял УП “Віцебскторф” – прадпрыемства першым у Беларусі стала прадаваць торф на кітайскі рынак. У сваю чаргу кітайцы таксама агучвалі некаторыя свае прапановы, да прыкладу, наладзіць вырошчванне часнаку.

З цікавасцю кітайскія госці знаёміліся з экспазіцыяй музея народнай славы імя У.Е.Лабанка, а на мемарыяльным комплексе “Прарыў” усклалі кветкі да брацкай магілы і разам з кіраўніцтвам раёна ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.

Якім будзе працяг візіту кітайскай дэлегацыі – пакажа час. Раён зацікаўлены ў інвестыцыях, новых вытворчасцях і рынках збыту прадукцыі, кітайскі бок – таксама. А паколькі размова ідзе пра эканоміку, усяму папярэднічаюць дакладныя разлікі, а падлічвае кітайскі бок усё вельмі грунтоўна. Ну а пакуль падпісаны пратакол аб намерах рэалізацыі супрацоўніцтва на 2024-2030 гады ў сферы турызму паміж сектарам спорту і турызму Ушацкага райвыканкама і Шаньсі (Яньтай) кампаніяй інвестыцыйнага развіцця з абмежаванай адказнасцю.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *