Секрет стабильности ОАО «Ушачи»

Общество

Заўтра сваё прафесійнае свята будуць адзначаць работнікі лесу. Адным з перспектыўных прадпрыемстваў нашага раёна з’яўляецца ААТ “Ушачы”, дзе працуюць 65 чалавек. Калектыў на працягу многіх гадоў узначальвае Васіль Фаміч Бяльковіч. І хаця на момант нашага візіту на прадпрыемства ён быў у водпуску, нам удалося застаць яго на рабочым месцы. Тэлефон кіраўніка не заціхаў ні на хвіліну: заказы, пералічэнне сродкаў на сыравіну – здаецца, усе паўсядзённыя рабочыя клопаты пастаянна знаходзяцца пад увагай Васіля Фаміча. Напэўна, дзякуючы гэтаму прадпрыемства на працягу ўсяго перыяду свайго існавання працуе стабільна, штогод нарошчваючы тэмпы вытворчасці.

На прадпрыемстве займаюцца лесанарыхтоўкай, перапрацоўкай драўніны, робяць зрубы, выпускаюць дошку, вагонку. Альтанкі ў раёне – таксама справа старанных рук работнікаў ААТ “Ушачы”. Працуюць на мясцовай сыравіне, якая пастаўляецца Ушацкім, Лепельскім, Полацкім лясгасамі. Цэны на прадукцыю ААТ “Ушачы” за прайшоўшы перыяд 2011 года значна не мяняліся, павелічэнне склала толькі 10 працэнтаў.
За месяц на прадпрыемстве перапрацоўваюць каля тысячы кубаметраў драўніны, а гэта даволі высокі паказчык. Заказаў хапае: напрыклад, на зрубы яны распісаны аж да будучага года. Асноўнымі накірункамі экспарту з’яўляюцца Прыбалтыка, Літва, Латвія, Польшча, Германія і Галандыя, з якімі ў прадпрыемства наладжаны цесныя сувязі.  
Зараз многія непакояцца, каб не застацца без работы. У ААТ “Ушачы” праблемы з працаўладкаваннем не існуе. Кожны, хто гатовы працаваць, знойдзе работу. Спаду заработнай платы за апошні час на прадпрыемстве не было, наадварот, назіраецца яе павелічэнне. Арганізацыя працуе стабільна, ёсць прыбытак. Планаў на будучае ў кіраўніцтва прадпрыемства многа. Цяпер усе намаганні накіраваны на тое, каб падняць работнікам зарплату. Плануюць таксама да канца гэтага года правесці работу па добраўпарадкаванні тэрыторыі прадпрыемства, тым больш для гэтага ёсць рэзервы.
Асноўным дасягненнем дзейнасці арганізацыі В.Ф.Бяльковіч лічыць тое, што ўдалося захаваць так званы касцяк прадпрыемства – тых, хто працуе тут не месяц-два, а гадамі адказна выконвае свае абавязкі, заслужыў павагу і аўтарытэт шчырай працай. Да такіх адносяцца станочнік Іосіф Іосіфавіч Шавярноўскі, рамшчыкі Андрэй Сяргеевіч Жаўранак і Уладзімір Уладзіміравіч Атрашкевіч, вальшчык лесу Валерый Віктаравіч Войніч, слесар Пётр Аляксеевіч Гарыслаўка. Сакрэт стабільнасці работы прадпрыемства заключаецца ў напружанай і самаадданай працы кожнага ў калектыве. А пад кіраўніцтвам вопытнага і неабыякавага да сваёй справы спецыяліста можна дасягнуць абсалютна ўсіх пастаўленых задач.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *