Паласа перашкод, конкурс краязнаўцаў, песні ля вогнішча… Апошнія майскія дні ў навучэнцаў Віцебшчыны, аматараў турызму праходзілі ярка, шумна, весела. Каля возера Вечалле палаткі расставілі 13 каманд – у абласным турзлёце сёлета прынялі ўдзел больш за 200 школьнікаў.
Раніцай ля афіцыйнага ўшацкага пляжа яблыку няма дзе ўпасці. Адны з берага апрабоўваюць вадзіцу, другія з цікавасцю аглядаюць бліжэйшы дэндрапарк, трэція абсталёўваюць быт. Прыкмячаю, што няма сумак-халадзільнікаў – у такую спёку ніякія прадукты не захаваюцца. “Вы проста не там шукаеце, – усміхаецца трэнер ушацкай каманды Дзмітрый Дрозд. – Наша ахалоджваючае абсталяванне – у зямлі. Выкапалі яму, паставілі бочку для харчоў, абклаўшы з усіх бакоў крапівой – і ўсё гатова”. Слінкі цякуць ад паху прыгатаваных на вогнішчы страў. Акрамя паходных макаронаў па-флоцку, кашы з тушонкай на стале ў нашых землякоў нават працаёмкія дранікі. “З прыгатаваннем дапамагаюць педагогі цэнтра дзяцей і моладзі Ганна Бабянок і Таццяна Лапёнак, – уводзяць у курс спраў ушачане. – На стартах шмат сіл і энергіі патрабуецца – вось і падмацоўваем”. Забягаючы наперад, скажу, што ў конкурсе турыстычных навыкаў і побыту ў фінале ўшачане сталі абсалютнымі лідарамі.
Ужо ў першы дзень пасля ўрачыстага адкрыцця злёту юныя турысты прынялі ўдзел у спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні, якія ўпершыню для многіх праходзілі не ў лясным масіве і без выкарыстання компасаў. Гляджу на лабірынт з пярэстых стужак і не магу зразумець, як у такой мітусні – сярод некалькіх дзясяткаў удзельнікаў, якія бегаюць па розных маршрутах, – знайсці патрэбныя кропкі. Калі ж бачу, як наш Даніла Юрэвіч першым прыходзіць на фініш, як упэўнена адціскае плячом саперніка-хлопца Ганна Дрозд, спакойна выдыхаю.
У праграму турзлёту было ўключана наведванне мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, на якім прайшоў мітынг-рэквіем, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Не менш напружана ідзе тым часам барацьба ў краязнаўчай віктарыне. У ліку тых, хто загадзя рыхтаваўся, – толькі дзесяцікласніца Паліна Юркевіч. Надзя ж Раманоўская і Віялета Міхейка, якім з-за накладак у праграме давялося падмяніць занятых у арыентаванні знаўцаў гісторыі, геаграфіі і нават эканомікі Віцебшчыны, хвалююцца, але таксама набіраюць вялікую колькасць балаў. Як вынік – наша тройка разам з прадстаўнікамі Полацкага раёна дзеляць 1 і 2 месцы.
На гадзінніку 22.00 – і з камандай “Адбой!” усе разыходзяцца па палатках. Калі ж ранкам наступнага дня чуюць ад райкама БРСМ заклік на зарадку, спачатку абураюцца: яшчэ ж столькі часу да стартаў! Але ж ужо праз хвіліну радасна актыўнічаюць пад кіраўніцтвам інструктара спарткомплексу Юліі Казак.
З такім жа бадзёрым настроем выходзяць пазней на выпрабаванні, самае складанае з якіх – праходжанне маршруту ў тэхніцы пешаходнага турызму. Гэта толькі тым, хто ніколі не спрабаваў, здаецца, што ўсё проста. На самой жа справе з цяжкім абсталяваннем на плячах, у спёку трэба бегчы па лясным масіве са шматлікімі перашкодамі ажно 5 кіламетраў, пры гэтым арыентавацца па компасе. Упершыню на такой трасе – Ягор Заруба, Міша Хілько, Марат Цішкоў і Лёша Салодкін з Ушач, якія ўвайшлі ў склад сярэднеўзроставай каманды. Але ж пад кіраваннем вопытнай турысткі з Ільюшына Леры Шопа, разам з яе сяброўкай па школе Міланай Лабёнак годна спраўляюцца. У гэтым відзе нашы старэйшыя турысты, нягледзячы на нявопытнасць большасці (сярод такіх – ушачане Улада Цюкала, Насця Корань і два Пашы: Шакута і Федарэнка), прыходзяць на фініш трэцімі і практычна без штрафных балаў! Такога высокага выніку нашы трэнеры і ўзгадаць не могуць. Прывялі ж каманду да прызоў яе “капітан” Максім Бука, які спецыяльна прыехаў на турзлёт з Полацка, дзе зараз вучыцца, і дзевяцікласнік Ушацкай СШ Арсеній Глінскі, які ў мінулым годзе быў камандзірам сярэднеўзроставай групы.
Кіпяць справы тым часам і ля палатачнага лагера: адны прадумваюць павестку сваіх газет, другія – рэпеціруюць выступленні для конкурсу самадзейнасці. Дарэчы, у апошнім нашы землякі літаральна “парвалі” залу. З баянам на сцэну выйшаў Глеб Кісель. Пад суправаджэнне яшчэ траіх гітарыстаў вясёлыя пераробленыя песні і любімую ўсімі “Смуглянку” зацягнула Надзя Раманоўская.
Завяршыўся вечар вясёлай дыскатэкай, на якой, праўда, да канца дабылі не ўсе: пайшлі адпачываць тыя, каму зранку – на веласіпедную трасу.
Зноў гляджу на заблытаную дыстанцыю і не ўяўляю, як яе можна прайсці на двух колах – не абаперціся на нагу пры рэзкім развароце, не зачапіць спартыўныя снарады, прасунуцца пад нізкую арку, ды яшчэ хуткасць прадэманстраваць. Здаецца, калі б і пешшу выйшла, штрафных балаў назбірала. Вялікадальчане ж Мікіта Белякоў і Маргарыта Стрыжонак паказалі самы лепшы тэмп, а юнак – яшчэ і практычна беспамылковае праходжанне этапаў.
…Усе выпрабаванні завершаны – час падводзіць вынікі. Для ўшацкай каманды, калі ўлічыць яе пераважна абноўлены састаў, яны добрыя – агульнае сёмае месца. Трыумфатарамі ж прадказальна сталі навучэнцы з Першамайскага раёна г.Віцебска і Полаччыны, якія рыхтуюцца на турыстычным абсталяванні вельмі высокага ўзроўню. “Бронза” – у прадстаўнікоў Пастаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Очень крутой слет, эмоции на всю жизнь