Апошнім часам кожнае выступленне ўшачан на абласной спартакіядзе “Сельскія гульні”, якая праводзіцца на пастаўскім туркомплексе “Азяркі”, нязменна прыносіць пазітыўныя эмоцыі – калі не ў плане месца ў выніковым заліку, дык з нагоды дасягненняў у асобных відах праграмы. Не сталі выключэннем і сёлетнія старты: у бадай самым складаным і відовішчным выпрабаванні – паласе перашкод – наш квартэт узышоў на першую прыступку п’едэстала!
Прымяраліся ўшачане да гэтай вяршыні яшчэ пазалетась: тады таксама былі вельмі хуткімі і спрытнымі, але заваявалі “срэбра”, саступіўшы толькі гаспадарам трасы, якія ведаюць яе куды лепш. Сёлета ж каманда стала яшчэ больш моцнай: да загартаваных у турнірных баталіях Віталя Жогаля і Юліі Казак далучыліся Віктар Каваленка і Тарас Шаўчэнка (апошні ўзяў на сябе і дадатковую нагрузку па “ажыўленні” нашай брэндавай вавёркі). “Настройваліся толькі на перамогу – любы іншы вынік нас не задавольваў. Пралічылі, як аптымальна прайсці кожнае выпрабаванне, дамовіліся пастаянна падбадзёрваць адзін аднаго гучнымі воклічамі – а на трасе былі на такім адрэналіне, што нават не заўважылі, як даімчалі да фінішу. Ляжым на зямлі без сіл і чуем ад суддзяў: “У вас лепшы час”. Так выглядае момант сапраўднай эйфарыі!”, – падзялілася ўражаннямі Юлія.
Яшчэ адну ўзнагароду паклалі ў камандную скарбонку ўдзельнікі выпрабавання “Тэхніка воднага турызму”. Трэці год жаночую пазіцыю ў дуэце байдарачнікаў займае Святлана Краснова, а яе напарнікам стаў загадчык аддзела спорту і турызму райвыканкама Сяргей Ціханёнак, які мае значны вопыт у гэтым практыкаванні. Удзел кіраўнікоў падобнага рангу ў адным з відаў праграмы – патрабаванне рэгламенту, і калі ў асобных зборных функцыянеры не лічацца моцным звяном, то ў нас – якраз наадварот.
Бескампрамісна змагалася міні-футбольная каманда. Яе аснову склалі вопытныя ігракі Леанід Карабань, Юрый Уладзіёнак, Ігар Коршун, Раман Фядосенка, Аляксандр Грысюк, а таксама Андрэй Лодзіс, які рызыкнуў заняць пазіцыю галкіпера. Маладое ж пакаленне футбалістаў прадставіў толькі Віктар Волах. Нашы хлопцы выбілі з турніру Верхнядзвінск і Лепель, а вось у гульні з гаспадарамі былі ўжо не такімі свежымі, ды і фактар дамашняга судзейства ніхто не адмяняў… Тым не менш 7-е месца з 17 удзельнікаў – вынік годны.
Прыгаданыя вышэй Ю.Казак і В.Жогаль няблага паказалі сябе ў скачках у даўжыню, вельмі стараліся прынесці дастойныя балы гіравікі Уладзімір Аўдошка, Аляксей Базылеў і Міхаіл Лісіца, у сваю сілу выступілі тэнісісты, валейбалісты і стрытбалісты. У агульным заліку наш раён сёлета стаў 8-м, перамогу ж святкавалі глыбоцкія спартсмены.
“У нашай камандзе былі прадстаўлены многія арганізацыі раёна: як заўсёды шмат удзельнікаў дэлегавалі РАНС, лясгас, дэпартамент аховы, далучыліся і кіраўнікі арганізацый – напрыклад, за валейбольную каманду выступаў начальнік райгаза Андрэй Залеўскі. Прыемна, што ўжо некалькі год запар фінішуем у першай палове пратакола, але відавочна, што ўвесь патэнцыял мы пакуль не раскрылі”, – падвёў вынікі выступлення С.Ціханёнак.
Наталля БАГДАНОВІЧ.