В Ушачском музее народной славы открылась выставка белорусского художника Игоря Ермакова «В мире абстракции»

Культура

Напрамак, у якім працуе беларускі мастак Ігар Ермакоў, не аднясеш да масавай культуры. Тым не менш, выстава “У свеце абстракцыі”, якая дэманструецца зараз ва Ушацкім музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, абавязкова ўразіць як тонкіх прыхільнікаў мастацтва, так і тых, хто хоча пашырыць свае веды і ўражанні.

Яе дэманстрацыя ва Ушачах стала магчымай дзякуючы грамадскаму аб’яднанню культуры і мастацтва “Вечеря”, старшыня якога Сяргей Далгарукаў – знакаміты беларускі мецэнат, дацэнт БДУ – асабіста прыехаў на ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі. Быў на ёй і ўжо вядомы ўшачанам Вячаслаў Аўгусціновіч, работы якога выстаўляліся ў нас у 2022-м годзе. На яго пейзажах – шмат ушацкіх краявідаў, бо лёс неаднойчы прыводзіў творцу ў нашы мясціны. Тое ж можна сказаць і пра Ігара Ермакова, адно з палотнаў якога, дарэчы, называецца “Вяркуды”. Справа ў тым, што мастак пэўны час жыў у вёсцы Лозы і нават выкладаў маляванне ў Вяркудскай школе. Зараз ён працуе за мяжой, а гэтым летам адзначыць 60-гадовы юбілей, да якога падышоў з прыкметным творчым багажом: карціны Ігара экспануюцца ў розных краінах свету, ён арганізуе выставы сучаснага беларускага мастацтва.

“Асабіста мяне работы Ігара проста заварожваюць. Яны – не для беглага прагляду: да абстрактнай карціны можна (і трэба!) вяртацца зноў і зноў у пошуку новых сэнсаў”, – дзеліцца ўражаннямі захавальнік фондаў музея Святлана Турло.

“На маю думку, гэта адна з лепшых экспазіцый, што дэманстраваліся ва Ушачах. Абстрактнае мастацтва гутарыць з чалавекам на мове колеру, ліній і форм, запрашае пафантазіраваць, пашукаць асацыяцыі. Менавіта гэтая “пластычнасць” і робіць яго адметным. І выдатна, што за гэтымі эмоцыямі нам не трэба ехаць у сталіцу”, – разважае самадзейная ўшацкая мастачка Вольга Мурашова.

У экспазіцыі прадстаўлены не толькі карціны, а і эксклюзіўныя прадметы з прынтамі работ І.Ермакова, іншых беларускіх мастакоў і дызайнераў, якія, дарэчы, можна набыць. Гэта посуд, адзенне, аксесуары, выраб якіх арганізавала ТАА “Монтэкорыс”. “Наша мэта – пашырыць фармат класічнай выставы, паказаць сатворчасць мастака і майстра. Далёка не кожны можа купіць карціну, а вось шопер з яе выявай – па кішэні любому. Дарэчы, вытворчасць вязаных сумак мы наладзілі на Ушаччыне: заняцца гэтым згадзіліся вяркудскія рукадзельніцы Ірына Краснова і Святлана Корабава. Пакуль гэта пілотны праект, але мы спадзяёмся, што ён дакажа сваю дзейснасць. Прынамсі, мы ўкладаем у яго і сацыяльны аспект, бо мусім даваць “падпрацоўку” вяскоўцам, падлеткам, інвалідам”, – патлумачыла дырэктар і сазаснавальнік таварыства Наталля Жаўнерык.

Выстава будзе дэманстравацца ва Ушачах да канца чэрвеня. Плата за ўваход – 2 рублі. Асабіста я пабывала на ёй ужо двойчы і прызнаюся, што ў другі раз карціны ўразілі яшчэ больш. Мяркую, што цікава тут будзе нават тым, хто, убачыўшы абстракцыю, з сарказмам зазначае: “Маё трохгадовае дзіця намалюе нічуць не горш…”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “В Ушачском музее народной славы открылась выставка белорусского художника Игоря Ермакова «В мире абстракции»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *