5 июня в Беларуси отмечается День охраны окружающей среды

Общество

“У нас тут баршчэўнік да градак падбіраецца. Калі вы ўжо прыедзеце і яго знішчыце?”. “Мы нядаўна ў лесе мядзведжыя сляды бачылі. Вам трэба тэрмінова з гэтым разабрацца! У вас жа там ёсць паляўнічыя ў штаце?”… Такія тэлефанаванні паступаюць у інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя даволі часта. Многія людзі ўпэўнены, што раённыя эколагі, як тыя чараўнікі, могуць умомант вырашыць іх надзённыя праблемы. І яны, канечне, заўсёды імкнуцца дапамагчы, хоць асноўная функцыя арганізацыі – ажыццяўляць кантроль за захаваннем заканадаўства, а яе калектыў складаецца ўсяго з двух супрацоўнікаў: начальніка Міхаіла Шука і галоўнага спецыяліста Ніны Крахоткі.

На плячах апошняй – справаздачы, пратаколы, шматлікія іншыя дакументы. У дзень нашай размовы, напрыклад, эколагі пачалі выбарачную праверку адной з ушацкіх арганізацый па плане, зацверджаным Камітэтам дзяржкантролю. У “папяровым моры” Ніна Васільеўна арыентуецца выдатна: у экалагічную інспекцыю прыйшла пасля работы ў падатковай – і вось ужо амаль 12 год сочыць за тым, каб людзі бераглі прыродныя багацці.

Як можна быць прынцыповым інспектарам і пры гэтым заставацца вельмі сціплым, добразычлівым, душэўным чалавекам? Як удаецца ніколі не пераходзіць на павышаны тон, цярпліва выслухваць, супакойваць, тлумачыць? “Любы інспектар гатовы да таго, што частка людзей будзе ўспрымаць яго негатыўна. Зрэшты, гэта доля ўсіх, хто абараняе заканадаўства і выяўляе яго парушальнікаў”, – канстатуе мая суразмоўца. “Дык можа ў вашай практыцы бывалі і сітуацыі кшталту пагоні за браканьерамі ці ананімных пагроз?” – развіваю тэму. Яна ж адказвае, што з падобным экстрымам пашчасціла не сутыкацца. Але прыгадвае выпадак, калі яны перашкодзілі зламыснікам незаконна здабываць на возеры матыля, і ў час наступнага рэйду за машынай эколагаў на пэўнай адлегласці пастаянна ехала аўто – верагодна, нехта адсочваў іх маршрут…

Н.Крахотка курыруе работу грамадскіх эколагаў. І трэба сказаць, што робіць сваю справу паспяхова. На працягу апошняга часу добраахвотныя памочнікі ўшацкай інспекцыі нязменна ўваходзяць у лік лепшых у рэгіёне. Не быў выключэннем і гэты год: днямі стала вядома, што Таццяна Уладзіміраўна Ліленка заняла другое месца ў адпаведным абласным конкурсе.

Нярэдка выкрываць парушэнні дапамагаюць неабыякавыя грамадзяне. Нядаўна, напрыклад, у інспекцыю паведамілі, што адзін вясковец зрэзаў бярозы на грамадскай тэрыторыі, каб зрабіць з іх апоры для тэрасы. У яго двары сапраўды ляжалі фрагменты ствалоў, і хоць гаспадар сцвярджаў, што гэта прывезеныя яму дровы, замер дыяметраў і іншыя акалічнасці пацвердзілі іх незаконнае паходжанне, і парушальнік быў прыцягнуты да адказнасці. Але бываюць і выпадкі, калі суседзі, якія не ладзяць паміж сабой, спрабуюць “насаліць” адзін аднаму з дапамогай скаргаў у інспекцыю, так што разбірацца ў кожнай сітуацыі трэба дасканала.

Звяртаюцца да эколагаў, і калі ў бяду трапляюць жывёлы ды птушкі. Неаднойчы Ніна Васільеўна прымала ўдзел у “ратавальных аперацыях” – вымалі з замярзаючых палонак лебедзяў, дастаўлялі ў заапарк аляня, а некалькі год таму, калі людзі знайшлі ў лесе траўміраванага чорнага бусла – чырванакніжную птушку таксама перадалі спецыялістам. А колькі інспектары высадзілі дрэў і кустоў! Алеі, да якіх яны непасрэдна прыклалі руку, зелянеюць на “Прарыве” і ля музея, у Сарочыне і ў Мосары, а елкі і сосны растуць на дзялянках лічы што кожнага лясніцтва.

“Работа ў “экалогіі” без сляда не праходзіць: ніколі ўжо не зламаеш галінку, не кінеш міма сметніцы паперку, ды і чужую з тратуара паднімеш. Бачыш перапоўнены кантэйнер ці кучу смецця пад кустом – і аўтаматычна дастаеш тэлефон… Відаць, у кожнага, хто хварэе за сваю справу, выпрацоўваюцца падобныя рэфлексы. А мне і маім калегам, безумоўна, пашчасціла, бо мы можам унесці пасільную лепту ў тое, каб наша зямля заставалася чыстай, прыгожай і багатай”, – зазначае Ніна Васільеўна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *