Грып – вострае інфекцыйнае захворванне з паветрана-кропельным механізмам перадачы ўзбуджальніка. Характарызуецца вострым пачаткам, выражанай інтаксікацыяй і паражэннем дыхальных шляхоў. Для грыпу характэрна вельмі хуткае развіццё клінічных сімптомаў. Тэмпература цела дасягае максімальных значэнняў (39-40 градусаў) ужо ў першыя 24-36 гадзін. З’яўляецца галаўны боль, а таксама боль пры руху вочных яблыкаў, у мышцах і суставах. Можа зніжацца артэрыяльны ціск. Сухі кашаль, закладзенасць носу з’яўляюцца, як правіла, праз некалькі гадзін ад пачатку хваробы. Тыповае для грыпу – развіццё трахеіту, якое суправаджаецца кашлем у вобласці грудзіны. Паражэнне нервовай сістэмы пры грыпе звязана з таксічным дзеяннем віруса, яно звычайна развіваецца на трэці-пяты дзень хваробы. Сезонныя эпідэміі ўзнікаюць штогод у асенне-зімовы перыяд. Асноўная крыніца інфекцыі – хворы чалавек.
У будучым эпідэмічным сезоне прагназуецца пад’ём захворвання на грып і ВРВІ сярэдняй (умеранай) інтэнсіўнасці. Будзе пераважаць цыркуляцыя вірусаў грыпу А (Н3N2 і пандэмічнага Н1N1), а таксама В, пераважна Віктарыянскай разнавіднасці. Па Ушацкім раёне хворых на грып на сённяшні дзень не выяўлена.
Вакцынацыя дазваляе знізіць рызыку захворвання на грып і ўскладненняў у сярэднім у два разы. Сучасныя вакцыны не ўтрымліваюць “жывы” вірус і адносяцца да найбольш бяспечных і эфектыўных. Яны стымулююць стварэнне ў арганізме чалавека антыцел супраць віруса. Увесь спектр грыпозных вакцын прайшоў рэгістрацыю ў Беларусі і дазволены для ўжывання. Перад правядзеннем прышчэпкі кожнага пацыента аглядае медыцынскі работнік.
Ва Ушацкай ЦРБ ужо пачалі прышчапляць ад віруса грыпу. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у вакцынацыі. Абараніце сябе і сваіх блізкіх!
В.КУЦ,
урач-інфекцыяніст Ушацкай ЦРБ.