Жительница Ушачского района присвоила чужую банковскую карту

Происшествия

Напэўна, многія з нас станавіліся сведкамі сітуацый, калі пасля разліку ў магазіне людзі забываліся забраць з тэрміналу сваю картку. Здаецца, алгарытм дзеянняў у такім выпадку зразумелы: наступны пакупнік павінен аддаць яе прадаўцу, занесці ў бліжэйшае аддзяленне банка ці міліцыі.

А вось жыхарка аднаго з аграгарадкоў абрала іншы варыянт: убачыўшы на касе “Капеечкі” забытую картку, тут жа разлічылася ёю за свой тавар. Пакінуўшы магазін, працягнула шопінг у “Табакерцы” і прыватнай краме, дзе таксама аплаціла пакупкі з чужога рахунка. Тым часам сапраўднай уладальніцы на тэлефон сталі прыходзіць СМС-паведамленні аб аперацыях – яна заблакіравала картку і звярнулася ў міліцыю.

Пры наяўнасці ў гандлёвай зале відэакамер вызначыць “прыватызатара” не складае цяжкасцей – і праз некалькі гадзін следчая група ўжо стукалася ў дзверы каварнай пакупніцы. “А я якраз збіралася ехаць ва Ушачы, каб аддаць карту: толькі зараз рагледзела, што гэта не мая!” – запэўніла жанчына. Зрэшты, у яе шчырасці можна ўсумніцца хаця б таму, што ўласная і чужая адрозніваліся нават па колеры.

Ды і ў любым выпадку дзеянні жанчыны трапілі пад артыкул 212 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Нават калі картка не выкрадзена, а знойдзена, як толькі чалавек здымае з яе грошы – ён здзяйсняе крадзеж маёмасці з выкарыстаннем камп’ютарнай інфармацыі. Наступствы ж залежаць ад сумы: калі знята да 2-х базавых (80 рублёў) – гэта адміністрацыйная адказнасць, калі больш – крымінальная, прычым, з максімальным пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі да 3-х год. Гераіне аповеду не пашанцавала: яна патраціла 87 рублёў і “выйшла за рамкі” КАаП. Рашэннем суда ёй быў прызначаны штраф у памеры 60 базавых велічынь (2400 рублёў). Зусім нявыгадны атрымаўся шопінг…

Варта адзначыць, што гэта не першая падобная справа ў нашым раёне. Летась згубленую карту знайшоў мужчына асацыяльных паводзін. Пры гэтым ва ўладальніцы паслуга СМС-інфармавання падключана не была, і зламыснік некалькі дзён разам з сябрамі адзначаў такую ўдачу. Праўда, потым за “банкет” давялося разлічыцца арыштам на 2 месяцы і прымусовым лячэннем ад алкагалізму.

Яшчэ раз падкрэслю: прысвоеная карта хутчэй за ўсё прынясе толькі праблемы. І ўвогуле, нездарма нашы продкі казалі: чужое дабро бэрэ за рабро.

Наталля АВАДНЁВА, пракурор Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *