В спорткомплексе «Юность-Ушачи» прошел традиционный областной турнир по дзюдо памяти тренера С.Шедько

Cпорт

Пры падрыхтоўцы большасці мерапрыемстваў арганізатары загадзя падбіраюць для іх зручныя даты, а вось турнір па дзюдо памяці С.Шэдзько нязменна праводзіцца 25 мая – у дзень нараджэння трэнера, які ўкараніў у нашым раёне гэты алімпійскі від спорту. 27-я па ліку спаборніцтвы прыпалі на суботу, калі ў школах праходзілі апошнія званкі, аднак родныя, былыя калегі і вучні Станіслава Анатольевіча, цяперашнія спартсмены і іх бацькі адклалі ўсе справы – і вялікая зала комплексу “Юнацтва-Ушачы” як звычайна была запоўнена.

На татамі выйшлі як ужо досыць умелыя барцы 2012-2013 гадоў нараджэння, так і 8-9-гадовыя дэбютанты. Вялікае прадстаўніцтва ў апошняй групе мелі гаспадары: у маладога трэнера Крысціны Зуевай падрасла плеяда здольных пачаткоўцаў. Майстэрства ім, канечне, пакуль не стае, але жадання і энергіі – аж зашмат! Зрэшты, і іншыя нашы барцы не падвялі сваіх трэнераў Веру Кіліну, Святлану Фядосенка і Кацярыну Маркевіч.

На вышэйшую прыступку п’едэстала ў гэты дзень узняліся Дар’я Кіслякова, Яўгенія Крывёнак, Валерыя Акулёнак, Эліна Фоміч, Ангеліна Алексяёнак, Вікторыя Дрозд, Варвара Лецкая, Ніка Міхаль, Максім Цвяцінскі і Ягор Марозаў. “Срэбра” ў камандную скарбонку паклалі Вікторыя Пятніца, Анастасія Серадзенка, Варвара Талалуева, Марыя Сіротка, Ксенія Цвяцінская, Дарына Муравіцкая, Ганна Мядзведская, Алёна Алексяёнак, Платон Трахімёнак, Іван Юргевіч, Вячаслаў і Раман Лабёнкі. “Бронзу” заваявалі Павел Крывёнак, Максім Паршонак, Савелій Раманоўскі, Іван Ціханаў, Ганна Пугач, Валерыя і Кіра Карэйша, Сафія Аўсіевіч, Мацвей Маслюк, Святаслаў Люцько, Арцём Чабатар, Аляксей Судак і Юрый Пугач.

“Вельмі рады золату дачкі! Гледзячы на поспехі старэйшай сястры Карыны, яна таксама выбрала дзюдо, – не хавалі эмоцый бацькі Вары Лецкай. – Наш трэнер лічыць, што патэнцыял у яе не меншы, а характар нават больш баявы, так что пры належным старанні павінна вырасці ў класную спартсменку”. Вялікая група падтрымкі была ў Антона Тарасюка, і ён удала пачаў спаборніцтвы, але саступіў у паядынку за медалі. “Гэты спорт яму вельмі падыходзіць, але трэба працаваць над характарам, бо як толькі не ўдаецца перамагчы – энтузіязм да заняткаў змяншаецца”, – падзялілася меркаваннямі бабуля хлопчыка Алена Іванаўна.

Так, дзюдо – гэта спорт мужных і ўпартых, які загартоўвае і цела, і дух. Менавіта за гэта ва Ушачах яго так любяць.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *