Ушачские кооператоры в этом году освоили 7 видов новой продукции

Общество

“Вітаміны РР, В12, гліцын, туарын, яблычная, вінная кіслата і нават маралавы корань, які вельмі карысны для мужчын”, – лабарант цэха безалкагольных напіткаў Галіна Сцяпанаўна Шайтар (на здымку) з веданнем справы пералічае кампаненты новага энергетыка. Каму ж як не распрацоўшчыкам, ведаць перавагі сваёй прадукцыі, якую актыўна рэкламуюць не толькі моцнай палове.

Ушацкія кааператары сёлета асвоілі 7 найменняў прадукцыі.

Прыгаданы корань нармалізуе ціск, з’яўляецца антыаксідантам і, чаму і трапіў у склад напітка, дапамагае знізіць хранічную стамляльнасць, лягчэй пераносіць высокія фізічныя і разумовыя нагрузкі. Уласцівасці лекавай расліны, аднак, можна пералічаць яшчэ доўга.

Слова “пралонг” азначае прадаўжэнне дзеяння. Ужываецца ў фінансавай сферы, медыцыне, гандлі. Шмат прадукцыі з брэндам пралонг выпускаецца для рухавікоў аўтамабіляў.

“Пяць відаў энергетыка асвоілі некалькі гадоў таму, а сёлета дапоўнілі лінейку яшчэ чатырма, – дадае старшы майстар цэха Таццяна Сямёнаўна Шылёнак. – Прынцып вырабу застаўся ранейшым, спачатку рыхтуем згодна рэцэптуры цукровы сіроп, а потым ідзе разліў і газіраванне. Адрозненне новых напіткаў у тым, што калі ва “Урагане” асноўны кампанент – кафеін, то ў “Энерджы Пралонгу” – маралавы корань”.

Майстар праводзіць у склад, дзе стаяць упакоўкі цёмных паўлітровых бутэлек энергетыка з яркімі этыкеткамі – выпускаюцца маладзёжныя напіткі выключна ў такім аб’ёме і зацемненымі, як і ўсе лекавыя сродкі. Аднак сам “Энерджы Пралонг”, а таксама са смакам вішні, лайма, апельсіна мае крыху жаўтаваты колер і знешне нагадвае хутчэй мінералку, а па смаку – ліманад. Пробныя партыі выпусцілі яшчэ ў канцы мінулага года, а потым чакалі заключэнняў і атрымання ўсіх неабходных дакументаў, вырабу этыкеткі.

М.Сазонава, А.Жалейка.

122 тысячы далаў напіткаў і 81 – пітной і мінеральнай вады: сёлета перад кааператарамі пастаўлена задача павялічыць леташнія аб’ёмы адпаведна на 20 і 35 працэнтаў.

Пашырэнне асартыменту – дадатковая нагрузка на работнікаў цэха, а тым больш калі гаворка ідзе пра затратныя па часе энергетыкі. Наогул любое пераключэнне лініі, як па відах прадукцыі, так і па ўпакоўцы – гэта яе спыненне. А летам аб’ёмы значна ўзрастаюць, паколькі ўшацкі брэнд “Вечалле”, як і напіткі, вада пастаўляецца па ўсёй Беларусі. Тым не менш, не толькі “Энерджы Пралонг” асвоілі нашы кааператары, а і напіткі “Фрутта-мікс” з яблычна-мядовым смакам, маліны і грэйпфрута, грушы і апельсіна. Не блытаць з “Тархунам”, “Залатым ключыкам” ці “Дзюшэсам”. Напітак адрозніваецца ад звычайных “ліманадаў”, бо па-першае, гатуецца на цукры, па-другое, не ўтрымлівае газаў. Такім чынам зараз ушацкі цэх выпускае ўсе віды безалкагольных напояў: проста пітную ваду і з водарам, мінеральную, напіткі газіраваныя і не, энергетыкі.

З 29 мая цэх безалкагольных напіткаў на 2 гадзіны павялічыў працоўную змену.

– Ініцыятарам пашырэння асартыменту апошніх была старшыня Віцебскага аблспажыўтаварыства Таццяна Назарава, – дадае дырэктар Ушацкага філіяла Ганна Хамёнак. – І мы адзіныя ў вобласці, хто асвоіў выпуск энергетыкаў без кафеіну. Не толькі ўшачане ганарацца сваім брэндам “Вечалле”. Гэта ўвогуле візітоўка кааператараў Віцебшчыны. І назва мінеральнай вады з сёлетняга года “выбіта” на кожнай бутэльцы, што выйшла з канвеера нашага завода, незалежна ад таго, вада гэта ці ліманад.

Г.Хмялеўская.

Выпуск прадукцыі сёлета плануецца павялічыць больш чым на чвэрць, і з задачай кааператары спраўляюцца. За чатыры месяцы бутылізавалі 20 тысяч далаў мінеральнай вады і 29 – напіткаў (апошнім пакупнікі па-ранейшаму аддаюць больш перавагі). І зімнія ўпакоўкі не чакалі лета на складзе. Усё распрадаецца адразу, таму смагу спякотных майскіх дзён кааператары задавольвалі па прынцыпе – з плеч у печ, для чаго і павялічылі працоўную змену, а не штат. Як заўсёды, замяняюць адзін аднаго, не дзелячы абавязкі. Здараецца, што і майстар знаходзіцца на лініі, а ў час майго наведвання аператара замяняла лабарант, а пакаваць прадукцыю дапамагала купажыст Маргарыта Віктараўна Сазонава. Заўсёды выручае і становіцца ў гарачы час за канвеер ветэран вытворчасці Галіна Віктараўна Хмялеўская. “Прэформы і ўсе кампаненты – у наяўнасці, галоўнае, каб спыненні былі выключна з-за змены асартыменту і тары”, – аптымістычна зазначае Т.С.Шылёнак. Нягледзячы на нагрузку, калі ўсё круціцца – яна ў настроі без энергетыкаў. Яны больш чым людзям патрэбны лініі па разліве, на якой здараюцца паломкі. Вось і нядаўняя адсутнасць у крамах мінералкі, аб чым паведамлялі нашы чытачы, была абумоўлена непаладкамі. Пажадаем нашым кааператарам удалага сезона.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *