Ніякія абставіны для сапраўдных пачуццяў не перашкода! У гэтым упэўнены нашы маладыя землякі Мікіта Белеуш і Алеся Дробыш, якія нядаўна афіцыйна зарэгістравалі свае адносіны.
Ураджэнцы Арэхаўна і Загор’я не паверылі народным забабонам – маўляў, хто ажаніўся ў маі, увесь век “маяцца” будзе. Вяселле спецыяльна запланавалі на апошні вясновы месяц, у даты, блізкія да Свята Перамогі, іншых знакавых для краіны і нашага раёна дат. І як толькі хлопец, які зараз праходзіць тэрміновую вайсковую службу, атрымаў звальненне, паспяшаліся ў загс. Дарэчы, адкрылі тым самым шлюбную статыстыку мая.
– Урачыстасць атрымалася сапраўды ўнікальнай, з патрыятычным падтэкстам, – расказвае начальнік аддзела загса Ушацкага райвыканкама Аляксандра Стукалава. – Абаронца Айчыны сімвалічна прыйшоў на рэгістрацыю ў вайсковай форме. На памяць жа пра такі знакавы дзень новаспечанай сям’і былі ўручаны падарункі з дзяржаўнай сімволікай.
Шчасця маладым!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.