Хочаш скокнуць з дзясятага паверха ці дзеля “забавы” пазбіваць на аўто пешаходаў? Тады купляй курыльную сумесь.
Аднак зусім не такія аб’явы даюць на сваіх сайтах гандляры “зеллем”. Як правіла, там можна ўбачыць фразы “цалкам бясшкодна”, “класныя адчуванні”. Ну, гэта зусім іншая справа, думаюць падлеткі і набываюць спайсы. Як вынік – ламаюць сабе жыццё.
У нашай краіне своечасова зразумелі небяспеку курыльных сумесяў – мы аднымі з першых паставілі іх за мяжу закону. Што робіцца па прафілактыцы іх рэалізацыі, спажывання на Ушаччыне, чым небяспечныя спайсы – пра гэта і іншае расказвае оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку райаддзела ўнутраных спраў Сяргей РАМАШЭЎСКІ:
– Згодна з Дэкрэтам №6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, у раёне распрацаваны комплексны план работы ў адзначаным накірунку. Задзейнічаны ўстановы адукацыі, культуры, аховы здароўя, іншыя суб’екты прафілактыкі. Праваахоўнікі пра наступствы згубнай звычкі нагадваюць у школах і працоўных калектывах, правяраюць месцы масавага знаходжання моладзі (кафэ, Дамы культуры, клубы), пад пастаянным кантролем і раней судзімыя за незаконны абарот наркатычных сродкаў (на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі іх зараз пяць, адзін “назіраецца” ва ўрача псіхіятра-нарколага).
У 2023 годзе на Ушаччыне выяўлена 2 факты захоўвання наркотыкаў (марыхуаны) – да крымінальнай адказнасці прыцягнуты жыхар гарпасёлка і госць раёна. Па фактах вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін летась складзена 22 адміністрацыйныя пратаколы. Сёлета незаконны “скарб” – марыхуану – праваахоўнікі выявілі ў 1 жыхара сельскай мясцовасці.
– Як правіла, спрабуюць наркотыкі падлеткі і моладзь. Гэта тлумачыцца небагатым жыццёвым вопытам?
– Прычыны розныя. Здараецца, да новых адчуванняў штурхае цікаўнасць: “А што будзе, калі паспрабую?” Часам не хочацца заставацца белай варонай сярод таварышаў, якія ўжываюць “зелле”. Хтосьці лічыць, што небяспека не такая сур’ёзная, як яе апісваюць розныя крыніцы. Апошняе асабліва адносіцца да спайсаў. Існуе міф, што яны не ўтрымліваюць наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Гэта не так!
Галоўныя кампаненты курыльных сумесяў – шалфей прадказальнікаў, гавайская ружа, блакітны лотас. Здавалася б, нявінная падборка раслін з прыгожымі і нават рамантычнымі назвамі, вось толькі кожная з іх – вельмі моцны галюцынаген, утрымлівае атрутныя рэчывы, уздзейнічае на арганізм у некалькі разоў мацней за тую ж марыхуану.
– Якую небяспеку нясуць курыльныя сумесі?
– Рэгулярнае іх ужыванне вядзе да незваротных парушэнняў дзейнасці нервовай сістэмы. Паніжаецца канцэнтрацыя ўвагі, аслабляецца памяць, зніжаецца інтэлект, узнікае схільнасць да дэпрэсіі і суіцыду. У аматараў спайсаў – пастаянны кашаль, хрыплы голас. Развіваюцца ларынгіт, фарынгіт, запаленне лёгкіх. Працяглае курэнне сумесяў можа прывесці да раку поласці роту і гартані, глоткі і лёгкіх. Вядома шмат выпадкаў, калі пад уздзеяннем міксаў скакалі з дахаў шматпавярховак, кідаліся на акружаючых з нажом…
– Якія прыкметы ўказваюць на ап’яненне ад курыльных сумесяў?
– Парушэнне каардынацыі руху, санлівасць, пашыраныя зрэнкі, цяжкасці з факусіроўкай позірку, невыразнае маўленне, бледнасць скуры, парушэнне ўвагі, млоснасць. Пра атручванне спайсамі сведчаць ірвота, павышаны ціск, частае сэрцабіццё, галюцынацыі, адсутнасць рэакцыі на знешнія раздражняльнікі. У непаўналетніх пры перадазіроўцы магчымы смяротны зыход.
– Як засцерагчы дзяцей ад наркотыкаў?
– Скажу банальную і ў той жа час важную рэч: дзеці патрабуюць увагі. Калі ў сям’і камфортны псіхалагічны клімат, даверлівыя адносіны, адкрыта абмяркоўваюцца праблемы, то верагоднасць, што ў падлетка з’явяцца шкодныя звычкі, мінімальная. Разам з тым, дзіця павінна ведаць пра згубны ўплыў наркотыкаў, каб умець сказаць ім цвёрдае “Не!”.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.