В ОГАИ Ушачского РОВД напомнили правила пользования средствами персональной мобильности

Профилактика и безопасность

Усё большую папулярнасць ва ўшачан набываюць сродкі персанальнай мабільнасці. Ганяюць на іх, як кажуць, і старыя, і маладыя – пры гэтым часта парушаюць Правілы дарожнага руху.

Далёка не ўсе падобныя сродкі сапраўды з’яўляюцца электрасамакатамі (указанай у дакументах назве верыць не варта!) – па тэхнічных характарыстыках яны могуць адносіцца да тыпу мапед ці матацыкл, а значыць, патрабаваць наяўнасці вадзіцельскай катэгорыі і захавання правілаў. Давайце разбірацца. Калі гаворка ідзе пра сродак, ехаць на якім трэба стоячы, – гэта дакладна электрасамакат. У выпадку ж, калі кіраванне адбываецца седзячы, ёсць нюансы. “Калі максімальная хуткасць – звыш 25 км/гадз., а магутнасць электрарухавіка ў рэжыме працяглай нагрузкі – звыш 25 КВт, гэта ўжо катэгорыя транспартных сродкаў, – зазначае начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Мікалай Гаўрылюк. –Калі ў дакументах хуткасць не ўказана ці ёсць сумненні ў праўдзівасці такой інфармацыі, дастаткова і двух астатніх пунктаў: аналагічная мотатранспарту канструкцыя (руль матацыклетнага тыпу, такая ж пасадка, пры гэтым не важна, два колы ці тры) і магутнасць батарэі”.

Варта нагадаць, што асобы, якія кіруюць электрасамакатамі, адносяцца да катэгорыі пешаходаў. А значыць, перамяшчацца могуць толькі па тратуарах і абочынах (не па праезнай частцы!), а ў цёмны час сутак павінны пазначаць сябе і сродак святлоадбівальнымі элементамі.

* * *

Падчас нядаўняга рэйду з праваахоўнікамі, што ладзіўся ў рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Матацыкліст” па дарогах гарпасёлка, Вялікадолецкага і Ушацкага сельсаветаў, давялося сустрэць нямала парушальнікаў. “Я ж на электрасамакаце!” – не разумелі прычыну спынення многія. Калі ж разам з дзяржаўтаінспектарамі адкрывалі дакументы, глядзелі характарыстыкі, якія ўказвалі, што гэта мапед, разгублена паціскалі плячыма. Не разлічваў займець праблемы з законам і жыхар Наваселля, які прымацаваў да веласіпеда рухавік ад мапеда. Пра новы “статус” транспартнага сродку мужчына не падумаў, як вынік – за адсутнасць правоў атрымаў штраф у памеры 5 базавых велічынь.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *