Так склалася здаўна, што на месцы апошняга спачыну людзей садзілі дрэвы або рабілі могілкі на высокіх мясцінах сярод рэдкага дрэвастою. Раней на месцы пахавання ставілі толькі крыж, а ўсё добраўпарадкаванне зводзілася да прыбірання смецця, праполкі пустазелля ды развядзення кветак. За апошнія дзесяцігоддзі сітуацыя памянялася. На магілах стаяць мармуровыя, гранітныя помнікі з металічнымі ці каменнымі агароджамі, і менавіта дрэвы сталі для іх сапраўднай пагрозай. З такой праблемай ужо сутыкаліся многія, вось і нядаўна ў рэдакцыю патэлефанавала ўсхваляваная жыхарка Ушач, родныя якой пахаваны на могілках у Масцішчах Кубліцкага сельсавета. На месцы спачыну блізкіх людзей знаходзіцца старое дрэва, якое вось-вось можа паваліцца… Хто павінен наводзіць парадак на могілках? Да каго звяртацца? – задавалася пытаннем жанчына.
Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі старшыню раённага Савета дэпутатаў А.В.ПАШКОВІЧ.
– Заканадаўствам нашай краіны на месцы пахавання дазваляецца садзіць толькі кустовыя пароды і кветкі, а ў межах пахаванняў дрэвы садзіць забаронена. Але адпаведны закон і пастанова Саўміна, якія зацвердзілі правілы ўтрымання могілак, былі прыняты ўжо ў бягучым стагоддзі. Дрэвы ж, як правіла, растуць на могілках даўно. І няма ніякага дакумента, які б абавязваў каго-небудзь тыя дрэвы спілоўваць. Справа ў тым, што могілкі не знаходзяцца ні на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ні сельсаветаў, таму на ўборку іх не прадугледжаны бюджэтныя сродкі. Аднак, сельскія Саветы дэпутатаў спрадвеку займаліся гэтымі аб’ектамі і зараз надаюць ім належную ўвагу, вышукваючы магчымасці навесці там парадак. Усяго ў раёне налічваецца 142 могільнікі, у гэтым годзе сіламі сельскіх выканаўчых камітэтаў з удзелам насельніцтва і замацаваных арганізацый праведзены работы па добраўпарадкаванні на 84-х. Да ведама, спілаваць адно дрэва з дапамогай спецыялістаў сёння абыдзецца ў немалую суму – каля мільёна рублёў, зразумела, што сіламі сельвыканкамаў зрабіць гэта немагчыма. Аднак вырашыць пытанне можна, што называецца, усёй грамадой, з дапамогай сродкаў самаабкладання – добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, шляхам правядзення масавых суботнікаў. Менавіта так, напрыклад, зроблена ў вёсцы Стаі Вяркудскага сельсавета, дзе наведзены парадак, устаноўлена агароджа на могільніку, у тым ліку за кошт сродкаў самаабкладання жыхароў вёскі. А ў Рыбаках Кубліцкага сельсавета падчас суботніка мясцовымі жыхарамі добраўпарадкаваны грамадзянскія могілкі, зрэзаны аварыйныя дрэвы. Лічу, што гэта добрыя прыклады ўдалага вырашэння праблемы.
Трэба адзначыць, што ўжо ў гэтым годзе плануецца перадача вясковых могілак на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а ў такім выпадку ў бюджэце наступнага года будуць закладвацца сродкі на іх утрыманне і абслугоўванне.
Падрыхтавала В.ПОЛАЗАВА.