У некалі вялікіх Пуцілкавічах яшчэ нямала жылых дамоў. Аднак прыстанак Мацукевічаў адшукалі, нават не ведаючы адраса. Па касматай саве, што сядзела пад бэзам ля дарогі, вялікім сабаку ля ўваходу, плятні ля бяроз і размаляваных сценах. Адчуваўся адзіны стыль са штучнай кабетай на аўтобусным прыпынку, якую таксама вытачыла з бярвення Таццяна Аляксееўна.
Сама мастачка знаходзілася ў двары. Інакш у сонечны майскі дзень і быць не магло. Колькі клопату на агародзе ў любой гаспадыні, а Т.Мацукевіч разбіла градкі і клумбы, паставіла парнікі. Лепяльчанка і раней падтрымлівала бацькоўскі дом, а зараз нават зімавала тут – вярнулася назаўсёды.
– Сыны былі катэгарычна супраць, – расказвае жанчына. – У мяне шмат хранічных хвароб, і ў Лепелі пасля выхаду на пенсію я ў прамым сэнсе памірала. Сіл не было, лішняя вага мучыла, таму і не хацелі пускаць сюды. А як убачылі на лыжах(!), усе аргументы адпалі. Праўду кажуць, што дома і сцены лечаць. Хаця справа, канечне, у сялянскім укладзе, які не дазваляе хварэць, нават калі табе і дрэнна. Да крыніцы – 150 метраў, да тэхнічнай вады – сажалкі – 100. Пакуль пачысціш дарожкі да іх, каб прабіцца, а таксама да лазні, хлявоў, дроў і вады прынясеш, печы пратопіш – калорыі спальваюцца лепш чым на трэнажорах. Так і скінула я за зіму 15 кілаграмаў, паздаравела, што нават у суседа лыжы папрасіла.
Не аспрэчвае Таццяна Аляксееўна і гаючасць чыстага паветра – у некалькіх кіламетрах пачынаецца Бярэзінскі запаведнік, і крынічнай вады. І моц зямлі, якая аддае энергію, насычае квеценню сада, бэзу, півоняў. Літаральна ўсе кветкі – пасаджаныя ёй, а таксама выраблены цікавыя персанажы, абсталявана штучная буслянка, размаляваны сцены. Не толькі яны лечаць, але і яна іх. Домік, што будавалі бацькі, старэнькі, да таго ж пасля іх смерці не адзін раз рабаваўся злодзеямі. Так што пачынала амаль што з нуля. Алергія на алейныя фарбы, значыць бярэ ў рукі водаэмульсійныя. Як той тата Карла, ахвотна ажыўляе драўляныя калодкі, якія становяцца асновай яе экспанатаў і апранаюцца ў футра. Яна выдатна шые, таму лёгка майструе адзенне са старых шуб. Не лянуецца аднаўляць элементы пасля чарговых набегаў кошак. Іх ля яе абжытай хаты назбіралася каля паўдзясятка, а больш за ўсё яны любяць калашмаціць буслоў, не здагадваючыся, што тыя драўляныя. Дарэчы, бадзяжная жывёла таксама стала свойскай – гаспадыня не толькі корміць, аднак і не пашкадавала на стэрылізацыю палову пенсіі.
З вялікай работай ёй дапамагаюць сыны, любяць з’язджацца ў бацькоўскі дом і сёстры Таццяны Аляксееўны. І кожны збор ператвараецца ў цікавыя мерапрыемствы з песням, вершаванымі віншаваннямі імяніннікаў. Для кожнага – па індывідуальным сцэнарыі, якія піша таксама Таццяна. Хоць і адпрацавала жанчына апаратчыкам па ачыстцы вады ў лепельскай кацельні, аднак вучылася на культработніка. І спецыяльнасць выбірала сапраўды па задатках – не толькі малюе, складае вершы. Гітара, што стаіць у вялікім пакоі, таксама запатрабавана ёй і сынамі. Розныя прозвішчы маюць сёстры, Таццяна Аляксееўна па мужы, дарэчы, Карабань, аднак на вёсцы іх як і раней называюць Мацукевічамі. Жыве дом, жыве памяць. Як і раней, гаспадыня зрабіла сяннік з высушанага разнатраўя, на сцяне залы прымацавала верш старэйшай сястры Тамары – у іх сям’і ўсе творчыя натуры. Таццяна Уладзіміраўна кажа, што на радзіме Петруся Броўкі радкі самі кладуцца ў слупкі, ды і задум па добраўпарадкаванні яшчэ шмат. Ёсць у яе двары нават лаўка кахання. Каб памясціцца ўдваіх, трэба прыціснуцца адзін да аднаго. Хаця і адзін чалавек не будзе адчуваць на ёй самоту. Тут так хораша і спакойна, што ты проста перапоўнены любоўю – да прыроды, землякоў, усяго, што завецца Бацькаўшчынай.
Как приятно вернуться домой,
Отдохнуть после долгой дороги.
И в траве, покрытой росой,
Искупать уставшие ноги.
Как приятно с души смахнуть
Суету городского плена.
Выпить чая и сладко уснуть
На перине из свежего сена.
Как приятно с восходом встать,
Родниковой водой умыться,
Свежесть раннего утра вдыхать,
Чудным пением птиц насладиться.
Как приятно забыть все тревоги
И, присев в тени старого сада,
Вдруг понять, что не так уж много
В этой жизни для счастья надо.
Вольга Караленка.