Владельцы агроусадеб Ушачского района рассказали, как идет подготовка к новому туристическому сезону

Общество

Вось-вось пачнецца каляндарнае лета, і аматары адпачынку ў экалагічна-чыстых мясцінах актыўна браніруюць вольныя месцы на ўшацкіх сядзібах і турбазах. Ці гатовы аб’екты да інтэнсіўнага прыёму гасцей? Ці могуць прапанаваць ім якасныя і бяспечныя паслугі? Разбіраліся ў гэтым падчас перадсезоннага аб’езду турыстычных кропак раёна, у які адправіліся разам з прадстаўнікамі зацікаўленых службаў. Даць гаспадарам кампетэнтныя парады, адказаць на пытанні, выслухаць прапановы, звярнуць увагу на недахопы – такую мэту мелі ўдзельнікі рабочай групы.

І калі памочніка ўрача-гігіеніста РЦГЭ Наталлю Мароз цікавілі забеспячэнне турыстаў якаснай пітной вадой, умовы прыгатавання ежы, то старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Пацэйка звяртаў увагу на наяўнасць і спраўнасць вогнетушыцеляў, аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Пачаўся ж маршрут са “старажылаў” галіны. Аграэкасядзібы “Мікалаеўскі пасад” і “Марусіна хата” даўно занялі сваю нішу ў гэтай сферы і выдатна арыентуюцца ў патрабаваннях заканадаўства, а дробныя заўвагі заўсёды выпраўляюць. Прыкметна абнавіўся да сёлетняга сезона, стаў яшчэ больш камфортным дом паляўнічага ў Мірным – увогуле Ушацкі лясгас надае шмат увагі развіццю турпаслуг.

Нам жа было цікава пазнаёміцца з аб’ектамі, якія не так даўно папоўнілі турыстычную карту раёна. Да такіх належыць “Villa Zvon” – арыгінальны камфартабельны домік на самым беразе возера. Тут вельмі ціха і прыгожа. Адзінае, чаго крыху не стае – дык гэта “аграрнага” кампанента, але гаспадары ўжо працуюць у гэтым напрамку: на ўчастку пасаджаны пладовыя дрэўцы, з’явіліся градкі. Як вядома, госці сядзіб павінны мець магчымасць частавацца вырашчанай на іх натуральнай прадукцыяй. Сям’я Падрэз з “Мікалаеўскага пасада”, напрыклад, трымае з гэтай мэтай падсобную гаспадарку, а Андрэй Барэйка прапануе гасцям “Дольчэ Віта” свойскі мёд. Нядаўна пачалі агратурыстычную дзейнасць на Ушаччыне мінчане Генадзь і Таццяна Лапіцкія, але прыбыўшы на іх сядзібу ў вёсцы Белае, мы адразу прыйшлі да высновы, што назва “Бераг мары” гэтаму аб’екту абсалютна адпавядае.

Гаспадары грунтоўна падышлі да справы, імкнуцца ўсё давесці да ідэалу, актыўна працягваюць добраўпарадкаванне, набылі для гасцей лодкі, арэлі, батуты і многае іншае. Такім чынам у гэтай вёсцы ўжо дзве аграсядзібы – і калі “Рыбакова хата” прызначана для эканомных і не надта патрабавальных гасцей (да слова, рабочая група прапанавала правесці там абкос тэрыторыі), то новая прывабіць тых, хто любіць камфорт і рэспектабельнасць.

“Хоць некаторыя заўвагі маюцца, у цэлым можна канстатаваць, што правераныя аб’екты гатовы парадаваць гасцей незабыўнымі летнімі ўражаннямі”, – падвяла вынік дырэктар турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Ушацкага раёна Дар’я Мілая.

Сваю нішу спрабуе заняць і аграсядзіба “Ціханяты”, новыя гаспадары якой актыўна ўзяліся за справу. А прыгаданы населены пункт можа паспрачацца з Белым за права называцца самым турыстычным, бо тут жа размешчаны і яшчэ адзін запатрабаваны аб’ект – гасцявы дом, які належыць прыватнаму прадпрыемству. Дарэчы, у дзень нашага візіту ён быў цалкам запоўнены: у пакоях размясціліся энергетыкі і супрацоўнікі МНС, што прыбылі ў камандзіроўку для работ у нашым раёне. “Умовы пражывання, зацішнасць месца, прымальны кошт – усё гэта дазваляе прыцягваць кліентаў”, – падзяліўся з намі адміністратар Канстанцін Басак.
Рабочая група праінспектавала таксама аўтастаянкі і месцы адпачынку на азёрах, гарадскі пляж.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *