За час, праведзены на сядзібе Галіны Віктараўны Аўчыннікавай у вёсцы Ляхава, я паспела звадзіць на прагулку французскага барана, ацаніць навобмацак пухавое апярэнне кітайскай шаўковай курачкі, паслухаць сольнае выступленне ўраджэнца зялёнага кантынента аўстралорпа. А яшчэ навучылася адрозніваць пароды курэй па колеры яек: аказваецца, бываюць яны і блакітныя, і нават зялёныя. Па насельніках гэтага падворка хоць геаграфію з заалогіяй вывучай!
У гэтым працэсе, праўда, можа падсцерагчы небяспека: толькі “грозная” мятла ў руках гаспадыні выратавала мяне ад баявога нападу пеўня-аўстралійца, які так і прымерваўся пусціць у ход дзюбу. А вось француза выгульваць аказалася нескладана: ды і не баран ён насамрэч, а трус экзатычнай пароды, вісячыя вушы і тоўстая мордачка якога стварае падабенства з прыгаданым парнакапытным. У адрозненне ад сваіх звычайных сабратаў ён можа набраць вагу да 10 кіло, а таму шустрасцю не вылучаецца: папазіраваў нам для фота і ахвотна вярнуўся ў клетку.
Зрэшты, нават не ведаю, хто зачараваў мяне больш: сімпатычныя гадаванцы гэтай сядзібы ці іх надзвычай пазітыўная і абаяльная гаспадыня, энергіі якой, здаецца, хапіла б на траіх. Родам яна з Міёршчыны, жылі ў вёсцы і заўсёды гадавалі шмат жывёлы. “Калі была школьніцай і на канікулах мяне на досвітку будзілі на сена, думала: вось вырасту і ніколі не буду трымаць жыўнасць! Але нешта пайшло не так…”, – жартуе мая суразмоўца.
Яна – маці трох дзяцей, прычым сярэдняя дачка мае інваліднасць па захворванні шчытападобнай залозы, пастаянна павінна прымаць прэпараты. Так сталася, што выхоўвае жанчына іх адна. Сям’я мае прыватны дом у Віцебску, але Галіна Віктараўна заўсёды марыла пра вясковую сядзібу, каб дзеці маглі дыхаць свежым паветрам і харчавацца натуральнымі прадуктамі. Падыходзячае месца шукала доўга, а калі прыехала паглядзець дом у Ляхаве, – адразу зразумела: тое, што трэба! Не спалохала нават тое, што мясцовасць досыць моцна забруджана баршчэўнікам: зараз яны планамерна выкопваюць расліну на ўчастку і ў яго наваколлі. Не засмуціла і немалая адлегласць – да паездак Галіна звыклая, бо працуе аператарам на полацкай аўтазапраўцы. Раней загадвала дзіцячым садам, але ўладкавалася на пазменную работу, бо такі графік для яе больш зручны. Так і вандруе паміж двума гарадамі і вёскай, размяркоўвае час і ўмудраецца ўсё паспяваць!
На выхадныя і канікулы ў Ляхаве збіраецца ўся сям’я. Вялікіх сродкаў у іх няма, таму ў парадак сядзібу прыводзяць паступова: адрамантавалі некалькі пакояў у доме, усё – сваімі рукамі. Дапамагае старэйшая дачка, якая ўжо жыве асобна. Сапраўдным мужчынам расце 10-гадовы Міша: летась, напрыклад, 5-літровым вядзерцам перанёс у дом увесь патрэбны для бетанавання падлогі пясок. А сярэдняя Каця – галоўная матуліна памочніца па доглядзе за жывёлай. І нават прафесію сабе адпаведную абрала: паступіла ў Лужасна на ветэрынарную медыцыну. “Калі яе равесніцы на дзень нараджэння чакаюць новыя мабільнікі, то наша Кацюша – чарговы набор рыбалоўных прылад. Прачынаецца на досвітку і бяжыць на возера – у наваколлі іх тры: Ліна, Усвея і Краснае. Так што да свойскага мяса, яек, агародніны ў нас яшчэ і натуральная рыба”, – распавядае Галіна Віктараўна.
Многія мяркуюць, што падсобную гаспадарку трымаць накладна і клопатна, але гаспадыня падворка стараецца ўсё пралічыць. Пшаніцу, авёс, кукурузу прывозіць з Віцебска, зерне размолвае на ўласным электрамлыне, бульба свая: для апрацоўкі агарода ёсць мотаблок. Шукае аптымальныя пароды гадаванцаў. Летась, напрыклад, вырошчвала парсючкоў дзюркоў, а цяпер плануе завесці в’етнамцаў. Апроч прыгаданых у пачатку баранаў гадавала трусоў парод палтаўскае срэбра, каліфорнія, а таксама рэксаў, кароткае футра якіх нагадвае мех норак. Былі яны досыць капрызнымі, таму зараз ад іх адмовілася, але некалькі год таму прадстаўляла гэту экзотыку на аграрнай выставе “Віцебскае падвор’е”.
Трусагадоўля – справа наколькі прывабныя, настолькі і каварная. Патрэбнасць прышчэпак нават не абмяркоўваецца. Ад аднаго слова міксаматоз бывалыя гаспадары хапаюцца за сэрца. Пару год таму не абмінула хвароба і гэты падворак: Галіна з дачкой заўважылі сімптомы адразу, рабілі гадаванцам уколы, закапвалі вочкі – і палову пагалоўя ўратавалі.
Але самы багаты відавы пералік – сярод птушкі. Геаграфічны “калейдаскоп” працягваюць залаты і срэбраны віандот, якіх калісьці вывелі амерыканскія індзейцы, карлікавыя кахінхіны в’етнамскага паходжання (Каціны любімцы), расійскія паўлаўскія. А ў ліпені экзатычную палітру папоўняць фазаны, якія ўжо “спеюць” у інкубатары. Яйцаноскасць і іншыя параметры прадукцыйнасці пры выбары новых відаў, канечне, улічваюцца, але і прыгажосць – важкі крытэрый.
Ніхто не будзе спрачацца, што падсобная гаспадарка – нялёгкая праца. У дзень нашага візіту Галіна толькі прыехала з начной змены, але перш чым адпачыць, пачала карміць шматлікіх гадаванцаў – на сядзібе, дарэчы, яшчэ і тры сабакі. “Затое колькі ўсё гэта дае энергіі! Патрымаеш на руках пухнаціка, палюбуешся птушкамі, пачэшаш бачок парсючкам – і пяшчота адганяе стому, – прызнаецца гаспадыня, заварваючы ў двары травяны чай. Дарэчы, таксама экзатычны: чабрэц і ліпу ў ім дапаўняюць пялёсткі аксамітак і руж. Незвычайнае і варэнне – яблычныя цукаты ў празрыстым бурштыне… Як жа тут утульна, цікава і хораша!.. Шкада, што пара ад’язджаць.
Вылучае Галіна час і на рукадзелле: вырабляе арыгінальныя свяцільнікі з азалону.
Наталля БАГДАНОВІЧ.