Для дабрабыту вяскоўцаў робіцца шмат, але рэзервы для ўдасканалення яшчэ ёсць. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі выязнога пасяджэння прэзідыума Ушацкага раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло на бягучым тыдні ў Вялікадолецкім сельвыканкаме.
У рамках прэзідыума і пры падрыхтоўцы да яго прадстаўнікі дэпутацкага корпусу пад кіраўніцтвам члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні Ушацкага райсавета Наталлі Мікалаеўны Марковіч вывучылі гандлёвае абслугоўванне ў аграгарадку (на пачатак года тут былі нараканні на асартымент тавараў – часта адсутнічалі малако, мяса, каўбасы), прааналізавалі праводзімую работу па выкананні ўсіх дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Адразу адзначым, што ранейшыя недахопы вырашаны – на паліцах магазінаў ёсць усё неабходнае, нядрэнна выглядае і агульны вясковы ўклад.
Як падкрэсліў у сваім дакладзе старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама А.Л.Сыс, на 1 студзеня бягучага года на даверанай яму тэрыторыі пражывала 942 чалавекі. У выдзяленні сельгастэхнікі для апрацоўкі іх прысядзібных участкаў дапамагае мясцовая гаспадарка, цвёрдым палівам, драўнінай забяспечваюць Касарское і Вялікадолецкае лясніцтвы. Гандлёвае абслугоўванне ажыццяўляюць зараз 6 стацыянарных і 2 аўтамагазіны. Медыцынскія паслугі аказваюць насельніцтву бальніца сястрынскага догляду і 2 ФАПы. У першай, дарэчы, працуюць 2 урачы агульнай практыкі, функцыянуюць дзённы стацыянар, стаматалагічны кабінет, аптэчны пункт. Значная ўвага ўдзяляецца добраўпарадкаванню населеных пунктаў: у 2023-м праведзена 6 суботнікаў, сёлета – ужо 4, вядзецца барацьба з баршчэўнікам. На пастаянным кантролі – звароты грамадзян. Так, летась у сельвыканкам іх паступіла 35, большая частка датычылася стану дарог і вуліц.
– На жаль, не ўсё атрымліваецца аператыўна вырашыць, – прызнаецца Алег Леанідавіч. – Так, гэтай зімой былі праблемы з расчысткай снегу: тэхніка проста не паспявала заехаць за дзень у кожны населены пункт. Рамонт дарог выкананы толькі часткова: па вуліцы Садовай у Вялікіх Дольцах і ў Царкавішчы. У пасёлку Мірны падсыпку, грэйдзіраванне правялі за сродкі самаабкладання, сабраныя насельніцтвам. Працягваем работу з дарожнікамі, камунальнікамі: пісьмова ўказваем на неабходнасць рамонту, грэйдзіравання дарог, выдалення аварыйных дрэў на абочынах, своечасовы вываз смецця…
На працягу некалькіх гадоў не вырашаецца пытанне водазабеспячэння ў Казімірове і Весніцку: тутэйшыя воданапорныя вежы належаць гаспадарцы, у якой няма сродкаў на іх абслугоўванне. Ёсць праблемы з ацяпленнем аддзялення паштовай сувязі ў аграгарадку: печка не спраўляецца са сваёй функцыяй – бывае, што зімой тавары падмярзаюць, не кажучы ўжо пра дыскамфорт для работніка ўстановы, наведвальнікаў. Па гэтых і іншых праблемных момантах шэрагу арганізацый дадзены ўказанні, рэкамендацыі па іх ухіленні.
Н.М.Марковіч:
– Радуе, што жыццё ў Вялікадолецкім сельсавеце не стаіць на месцы: функцыянуе 18 суб’ектаў гаспадарання, у якіх занята большасць працаздольных вяскоўцаў. Ёсць магчымасць атрымаць добрую адукацыю ў мясцовай школе, культурныя і іншыя паслугі. Годную ініцыятыву ў развіцці аграгарадка і вёсак традыцыйна праяўляюць старэйшыны. Упэўнена: калі ёсць любоў да зямлі і жаданне працаваць, і ў невялікіх населеных пунктах можна стаць паспяховым, запатрабаваным, шчаслівым!
Абмеркавана таксама работа з пажылымі грамадзянамі (каля 30 працэнтаў мясцовага насельніцтва – пенсіянеры), адзінокімі і інвалідамі. Не засталося без увагі і выкананне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” – на пасяджэнні камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва незанятым у эканоміцы мясцовым жыхарам прапанаваны вакансіі. Дарэчы, літаральна ўсе, што бывае нячаста, выказалі цвёрды намер працаўладкавацца – зацікавіліся пасадамі жывёлавода ў КУСГП “Вялікадолецкае”, грузчыка ва Ушацкім філіяле аблспажыўтаварыства, падсобнага рабочага ў ПМК-66.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.