Апошнімі тыднямі надвор’е дазваляла весьці барацьбу з баршчэўнікам больш інтэнсіўнымі тэмпамі, і на ўчарашнюю раніцу работы па хімапрацоўцы небяспечнай расліны былі праведзены на 850 гектарах, што складае 70 працэнтаў запланаваных плошчаў. Разам з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаілам Шуком мы праехалі па раёне, каб паназіраць за работай брыгад абласнога ўпраўлення МНС, што знішчаюць пустазелле на тэрыторыі ўсіх сельсаветаў, паглядзець на вынікі працы землекарыстальнікаў, якія таксама павінны змагацца з баршчэўнікам.
Усяго на Ушаччыне заняты прадстаўнікі 12-ці райаддзелаў. З Полацка, Докшыц і іншых бліжэйшых месцаў прыязджаюць на змену штодня, а работнікі з больш аддаленых размясціліся ў нас для пражывання. “Працуем у вашым раёне другі тыдзень. Што сказаць… Аб’ёмы ўражваюць! – падзяліўся з намі першы намеснік начальніка Дубровенскага РАНС Дзмітрый Маланухін, які кіраваў работай брыгады ля Баяршчыны. – Раней апрацоўвалі баршчэўнік у сваім і суседнім Талачынскім – гэта проста непараўнальна. Разумеем, што трэба справіцца як мага хутчэй, таму шчыруем з 8 раніцы да 8 вечара. У Ціханяты, дзе нас размясцілі ў гасцявым доме, вяртаемся, толькі каб прыгатаваць ежу і адпачыць. Абеды ж бяром з сабой у поле. Канечне, выконваць работу ў сродках аховы вельмі няпроста, асабліва зараз, калі стала горача. Але мы – людзі загартаваныя”.
А вось бешанковіцкія выратавальнікі, якіх мы сустрэлі ў Селішчы, да ўшацкіх рэалій ужо звыклыя – былі ў нас летась, апрацоўвалі ўчасткі ў вяркудскім баку. А таму з веданнем справы давалі парады навічкам з Сянно, якія нядаўна прыбылі на дапамогу і выязджалі ў напрамку Чарапоўшчыны.
Актуальнае пытанне барацьбы з баршчэўнікам і іншымі інвазіўнымі раслінамі было разгледжана на нядаўнім пасяджэнні райвыканкама. Дэталёва прааналізаваны ход работ, пастаўлены канкрэтныя задачы перад землекарыстальнікамі.
Сустрэлі мы ў наваколлі Селішча і трактар ушацкіх энергетыкаў: гэта арганізацыя як правіла выконвае работы планамерна і адказна. Тое ж можна сказаць і пра лясгасаўцаў, якія ўвогуле ўжо набліжаюцца да заканчэння хімапрацоўкі сваіх забруджаных плошчаў.
А вось на некаторых прыдарожных палосах баршчэўнік адчувае сябе прывольна. Паглядзіце, якую “клумбу” выгадавала ДРБУ-105 на абочыне непадалёк ад Лісічына. Не адстае ў гэтым плане і ДЭУ-37 – разлапістыя кусты мы бачылі і на дарогах Р-46, Р-113. “Відавочна, што гэтым службам неабходна сур’ёзна брацца за справу, інакш у хуткім часе “зялёны агрэсар” стане візітоўкай ушацкіх дарог”, – зазначае начальнік інспекцыі.
Падрыхтавала
Наталля БАГДАНОВІЧ.