В санатории «Лесные озёра» заложили аллею белорусско-российской дружбы, приуроченную 80-летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общество

“Зазірнуў на ўшацкі рынак – бачу, саджанцы прадаюць… Тут і нарадзілася ў мяне ідэя: купіць і пасадзіць яблыньку, каб потым людзі частаваліся яе пладамі, – расказваў нам жыхар Санкт-Пецярбурга Уладзімір Гудкоўскі, які ў гэтым месяцы адпачываў у “Лясных азёрах”. – Так і паддаўся парыву душы! Падумаў, калі на тэрыторыі здраўніцы гэтага не дазволяць, дык проста дзе-небудзь у суседняй вёсцы ці ля дарогі пасаджу. У знак удзячнасці такой прыгожай і гасціннай зямлі”.

Зрэшты, шукаць “запасны варыянт” не давялося: ініцыятыву дырэктар санаторыя Віктар Грынкевіч, канечне, падтрымаў. Больш за тое, разам яны вырашылі, што яблынька стане пачаткам пладовай алеі, папоўніць якую пры жаданні змогуць і іншыя адпачываючыя. А на шыльдзе, якую заказаў Уладзімір Іванавіч, пазначылі, што закладзена яна ў гонар адметнага свята – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Алея стане сімвалам беларуска-расійскага сяброўства. Як вядома, госці з суседняй краіны вельмі любяць наш санаторый, многія прыязджаюць сюды па некалькі год запар. Да такіх, прынамсі, належыць і сам ініцыятар годнай справы. Нарадзіўся ён на Любаншчыне, а ў 1979-м паехаў на Ямал, дзе шчыраваў вадзіцелем амаль 30 год. З роднай Беларуссю сувязяў не парываў, наведваў бацькоў. А “Лясныя азёры” адкрыў для сябе выпадкова: ехаў праз наш раён у Санкт-Пецярбург, убачыў указальнік і завярнуў пацікавіцца, што за месца такое. І вось ужо пяць год мужчына адпачывае на Ушаччыне. “Бываў у розных здраўніцах, але тут – лепш за ўсё! Вельмі ціха, неверагодная прырода, прафесійны і прыветлівы персанал”, – не шкадуе кампліментаў расіянін. Будзем спадзявацца, што побач з яблынькай з’явяцца і іншыя дрэўцы. А ўвогуле, і сам наш санаторый з’яўляецца своеасаблівым сімвалам добрасуседскага сяброўства і супрацоўніцтва.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *