На гэтым тыдні гаспадаркі пусцяць на палі касілкі, прэс-падборшчыкі, кормаўборачныя камбайны.
Выбіраць – з сена ці сенажу распачынаць нарыхтоўку – будуць кіраўнікі і аграномы. Калі “не чакаць аб’яўлення старту” на пасяджэнні райвыканкама прагучала як парада, то для запуску масавага зялёнага канвеера роўна тыдзень дадзены ў якасці загада.
Аднак распачаў сваё ўступнае слова старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі не з закладкі кармоў, а з пасяўной кампаніі. “У пачатку года быў досыць аптымістычны настрой. На падрыхтоўку тэхнікі, гуму выдзелілі з раённага бюджэту 900 тысяч – на 400 больш, чым планавалася, яшчэ 690 паступіла з абласнога. Зрабілі ўсё магчымае, а жадаемай аддачы, на жаль, не бачна. Распачаўшы першымі сяўбу, мы яе завяршаем ужо далёка не ў лідарах. А тым часам падышлі годныя травы, спрыяльны час сушыць сена, а пры двайной кампаніі і такой падрыхтоўцы ў нас дакладна будуць накладкі”.
На ўчарашнюю раніцу ў раёне было скошана 233 гектары травяных палеткаў, да гэтай работы прыступілі “Сафійскія дары”, “Ільюшынскі” і “Глыбачаны”, а апошняя гаспадарка распачала і нарыхтоўку сена.
Пра гатоўнасць тэхнікі – а гэта адзін з самых важных аспектаў, дакладаў намеснік начальніка райсельгасхарча С.А.Белагрыўцаў, пры гэтым лічбы адразу пераводзілі ў малюнак. Па стане на 18 мая “Ільюшынскі”, напрыклад, зможа закладаць у дзень толькі 200 тон, значыць, каб забяспечыць статкі, спатрэбіцца два месяцы. І што гэта будзе за корм? Зацягнутыя тэмпы ў корманарыхтоўцы больш недаравальныя, чым нават пры пасяўной. Перарослым травам ужо не вернеш пажыўных рэчываў, а калі своечасова не закрыць траншэю і не трамбаваць яе кругласутачна, сянаж ператворыцца ў гнілаж. Між тым папяровыя планы і рэаліі супадаюць далёка не заўсёды. Не хапае касілак, каб забяспечыць бесперабойную работу КВК, пасадзіш працаўніка на граблі – значыць не будзе каму паіць жывёлу… Дарэчы, нават па ідылічных раскладках, без уліку паломак, бальнічных лістоў і незавершанай пасяўной, на сённяшні дзень у сельгаспрадпрыемствах не хапае 15 механізатараў. Далёкія да ўзору траншэі і вагавая гаспадарка, не закуплены шпагат, плёнка і кансервант.
На прымяненні апошняга, біялагічнага, спыніліся асобна. Усе вартасці каштоўных бактэрый можна звесці на нуль, калі раствор перагрэць, закласці менш ці больш. Таму вырашана сёлета якасць сенажу не пакідаць на водкуп механізатарам, а ўносіць кансервант апырсквальнікамі непасрэдна пры закладцы ў траншэі. Спраўныя кандыцыянеры ў трактарах, гарачае харчаванне работнікаў, пажарная бяспека, стварэнне перасоўных атрадаў па рамонце тэхнікі і вяртанне ў строй той, што яшчэ не наладжана, – літаральна ўсе нюансы корманарыхтоўкі разгледжаны на пасяджэнні, аднак пытанне застаецца на кантролі.
А наколькі яно важнае – ведаў кожны з прысутных. Сёлета вялікія сродкі гаспадаркі вымушаны былі пазычаць у банкаў, каб закупіць за межамі раёна сянаж.
“Закласці пад поўную патрэбу і добрай якасці”, – такую канчатковую задачу паставіў старшыня райвыканкама перад кіраўнікамі, інжынерамі, кадравікамі, аграномамі.
А задача дакладна з няпростых: напрыклад, “Сафійскім дарам”, на базе якіх і праходзіла выязное пасяджэнне райвыканкама, сёлета трэба нарыхтаваць 32 тысячы тон травяністых кармоў – удвая больш за ўласны рэкорд гаспадаркі ў 16.
Вольга Караленка.
Кормозаготовка это такой же ответственный этап в работе крестьян как и посевная, ведь сколько кормов и какого качества заготовишь, такой результат работы будет в осенне зимний период. Поэтому сейчас залаживается база будущих привесов и надоев, а соответственно и доходов