Праздничный вечер, посвященный юбилею поэтессы Тамары Бородёнок, состоялся в Ушачской районной библиотеке

Калейдоскоп

А вы ведаеце, што ва Ушачах жыве “другі Кандрат Крапіва”, праўда, жаночага полу, аўтар не толькі баек, гумарэсак, але і вершаў, прозы, перакладаў? Упэўнены: з яго творчасцю кожны сустракаўся не раз – чытаў ці чуў ад землякоў, з высокай сцэны.

“Так трапна на адной з творчых сустрэч, што ладзілася ў раёне, паэты з Мінска назвалі Тамару Дзмітрыеўну Барадзёнак, – расказала кіраўнік народнага клуба творчых сустрэч “Муза” Людміла Якаўлеўна Дунец. – Калі тая прачытала свае гумарыстычныя творы, госці былі ўражаны іх высокім ўзроўнем”. “А ў маёй памяці выпадак, калі шмат гадоў таму запрасілі ўшацкую паэтэсу на школьнае мерапрыемства, – далучылася педагог-ветэран Ушацкай школы, а зараз старшыня клуба цікавых сустрэч “Ушачане” Ніна Аляксандраўна Багдановіч. – Вельмі перажывалі, як вучні ўспрымуць паэзію. Але ж атмасфера ў запоўненай актавай зале была выдатная – дзецям, як і дарослым, творы былі дакладна па душы”.

Гэтыя і іншыя цёплыя словы пра Т.Барадзёнак і ў яе адрас гучалі ў мінулую пятніцу ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. З нагоды 65-годдзя жанчыны тут быў наладжаны святочны вечар, які сабраў аматараў паэтычнага слова, даўніх сяброў Тамары Дзмітрыеўны, прафсаюзных лідараў арганізацый, у якіх яна працавала. Павіншаваць з юбілеем, падзякаваць за ўспяванне ў творчасці малой радзімы прыйшла таксама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч.

Свой першы верш – пра журавоў, што адлятаюць у вырай – ураджэнка вёскі Казіна (некалі існавала паблізу Матырына) напісала, калі ёй было ўсяго сем гадоў. Друкавацца ж у “Патрыёце” пачала ў сталым узросце. На яе творчым рахунку – ужо 26 выдадзеных зборнікаў, шматлікія публікацыі ў газетах і часопісах, падборкі вершаў уваходзяць у калектыўныя зборнікі беларускіх паэтаў.

Многія творы Тамары Дзмітрыеўны самі просяцца на музыку. Невыпадкова пісалі яе да вершаў нашы землякі Сяргей Парашкін, Мікалай Віткоўскі, Сяргей Мядзведзеў, Ігар Сідарчук, Алег Іваноў. А яшчэ песні на словы Т.Барадзёнак ужо многа гадоў выконвае дзяржаўны ансамбль “Талака” Віцебскай філармоніі.

Летась ва Ушацкай раённай бібліятэцы імя Е.Лось выдадзены біябібліяграфічны паказальнік па творчасці Тамары Барадзёнак “Наша спадчына”. Ён утрымлівае звесткі пра артыкулы і публікацыі, прысвечаныя жыццю, творчасці паэтэсы і адрасаваны краязнаўцам, бібліятэчным супрацоўнікам, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай і фальклорам.

Падчас вечарыны і госці, і сама Тамара Дзмітрыеўна прачыталі і нават праспявалі нямала твораў. На іх напісанне, па словах юбіляршы, штодня натхняюць прыгажосць роднага краю, яго гераічная гісторыя, багацце культуры, людзі…

Мерапрыемства пад сімвалічнай назвай “Таленту творчы палёт” з удзелам Т.Д.Барадзёнак прайшло ў панядзелак і ў аддзеле дзіцячай, юнацкай кнігі. На сустрэчу былі запрошаны вучні чацвёртых класаў Ушацкай СШ, якія з цікавасцю слухалі пра дзяцінства зямлячкі, яе сям’ю і вучобу, пра тое, як выходзяць “з-пад яе пяра” вершы.

“Сапраўды насычаным атрымаўся юбілей, – усміхаецца Тамара Дзмітрыеўна. – Эмоцый на напісанне не аднаго твора хопіць”. Зрэшты, на гэта ва Ушачах спадзяюцца многія – пра вялікую колькасць аматараў творчасці Т.Барадзёнак сведчыць той факт, што ўзяць у бібліятэцы адразу ўсе яе зборнікі ніяк не атрымаецца: большая іх частка заўсёды “на руках”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *