Па інфармацыі Ушацкага РАУС, у красавіку на Ушаччыне было ўзбуджана сем крымінальных спраў.
У ход ішлі кулакі
Жыхар Селішча 1957 года нараджэння ўжо меў праблемы з законам, у тым ліку па фактах катавання, пагрозы забойствам. Адсядзеўшы нядаўна 2,5 года, маючы нязнятую і непагашаную судзімасць, ён зноў узяўся за прывычнае – са снежня 2023-га па сакавік 2024-га, прыняўшы алкагольны допінг, біў сваю сужыцельніцу, якая па ўзросце яму ў дочкі годная. У адносінах дамашняга тырана ўзбуджана чарговая крымінальная справа.
Калі сіла – не на карысць
Не давяла выпіўка да дабра і раней не судзімага 29-гадовага жыхара райцэнтра. Без усялякай прычыны ў скверы па вуліцы Савецкай ён ударыў маладога чалавека і за гэта трапіў у райаддзел міліцыі. Адтуль паспрабаваў збегчы, а калі яго схапіў праваахоўнік, прымяніў насілле, перакінуўшы яго праз бядро. За апошняе ў адносінах ўшачаніна ўзбуджана крымінальная справа (санкцыя артыкула прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі). Будзе ён адказваць і за хуліганства, з якога ўсё і пачалося.
“Уцяпліўся”
Маючы доступ да матэрыяльных каштоўнасцяў, не змог устрымацца, каб іх не “прарадзіць”, майстар па будаўніча-мантажных работах аднаго з прадпрыемстваў раёна. З сакавіка ён прысвоіў 10 упаковак уцяпляльніка коштам 275 руб. і 0,75 кубічнага метра абразной дошкі на суму 144 руб. У адносінах 52-гадовага раней не судзімага мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Дзеці – не ў прыярытэце?
Ураджэнка Шаркаўшчынскага, а зараз жыхарка Ушацкага раёна ў лік абавязаных асоб трапіла 10 гадоў таму і пра матэрыяльнае забеспячэнне сына і дачкі думала не заўсёды. Злоўжываючы спіртным, часам не хадзіла на работу – за тры нядаўнія месяцы назбірала ў КУСГП “Глыбачыны” 24 прагулы. Як вынік – зарабіла крымінальную справу і адправілася ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Увайшоў праз акно
На сваёй дачы ў Андрэйчыках мінчанін не быў з кастрычніка 2023-га. Тым часам, разбіўшы аконнае шкло, у дом пранік беспрацоўны мясцовы жыхар 1975 года нараджэння. Яго здабычай сталі чайнік, радыёпрыёмнік, куртка і прадукты харчавання на агульную суму 121 рубель.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.