Сярэдняя тэмпература па Ушацкай райбальніцы ў гэту сераду дакладна перавышала норму, а настрой у актавай зале проста зашкальваў – столькі пазітыўных эмоцый, творчасці і крэатыву падарылі гледачам удзельніцы конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшая медыцынская сястра”. Паспаборнічаць за такое званне на гэты раз не пабаяліся 5 маладых, аднак дасведчаных майстроў шпрыца, танометра, медпрэпаратаў.
Пра тых, хто днём і ноччу дапамагае людзям, з’яўляючыся правай рукой і вачыма доктара, хто ўмее лячыць не толькі цела, але і душу, казаў напачатку мерапрыемства галоўны ўрач райбальніцы Юрый Валянцінавіч Пацёмкін. Усім прадстаўнікам прафесіі ён пажадаў моцнага здароўя, сіл і магчымасцяў для рэалізацыі планаў, ну а канкурсанткам – удачы ў праходжанні іспытаў.
Падчас візітоўкі ўсе пяцёра прызналіся, што прыйшлі ў прафесію па закліку сэрца. Так, ураджэнка Касароў Святлана Дарашкевіч, якая працуе ў псіхіятрычным кабінеце паліклінікі, расказала, што ў дзяцінстве хацела стаць спявачкай, потым актрысай, міліцыянерам, аднак у 9 класе цвёрда вырашыла, што будзе дапамагаць людзям.
Вопыт участковай і працэдурнай медсястры з цікавасцю набывае зараз у Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду, на Маладолецкім ФАПе, загадчыкам якога з’яўляецца, яшчэ адна наша зямлячка Таццяна Мядзянік. І хаця мае нямала здольнасцяў – скончыла музычную школу па класе “фартэпіяна”, захапляецца маляваннем, валейболам – знайшла сябе менавіта ў медыцыне.
Нечакана для блізкіх, многія з якіх – педагогі, абрала прафесію медсястры Валерыя Тарчынская, якая працуе ў кардыялагічным кабінеце. Ужо падчас практыкі ўпэўнілася, што зрабіла правільны выбар, а зараз актыўна асвойвае новыя “гарызонты”, у прыватнасці, сферу эндаскапіі.
Дар’я Цвяцінская, наадварот, пайшла па слядах родных. Нюансы медыцынскай справы яна ведае з маленства – маці і бабуля, якія працавалі ў бальніцы, многа расказвалі пра гэта. Здаецца, любая задача ёй пад сілу: працуе ў кабінеце ўрача агульнай практыкі, задзейнічана ў правядзенні дыспансерызацыі, ведае рэгістрацыйную дзейнасць.
У тым, што без упэўненасці медыку не абысціся, не сумняваецца Таццяна Крывёнак. Пасля заканчэння Полацкага медкаледжа вярнулася на малую радзіму і працуе фельчарам неадкладнай дапамогі. “У нашай справе “лішніх рук” не бывае, а калектыў у нас, сапраўды, выдатны!” – зазначыла дзяўчына.
Высокі прафесіяналізм удзельніц пацвердзілі два наступныя этапы праграмы. Маладыя спецыялісты расказвалі тэорыю аказання меддапамогі, а пасля дэманстравалі веды на практыцы – праводзілі рэанімацыйныя дзеянні і стэрылізацыю бікса (спецыяльнага кантэйнера для медыцынскіх матэрыялаў, інструментаў), накладвалі павязку на плечавы сустаў, кампрэс на вуха, спавівалі малыша. Пры гэтым улічвалася не толькі якасць праведзенай працэдуры, але і хуткасць. Не абышлося і без дадатковых пытанняў ад журы.
Па-новаму паглядзець на творчыя здольнасці, уменні канкурсантак дапамагло дамашняе заданне. Кулінарнымі шэдэўрамі парадавалі Таццяна (Мядзянік) і Валерыя – ужо ад аднаго выгляду іх пірожных “Бульбачка”, румяных сінабонаў у многіх пацяклі слінкі. Другая Таццяна (Крывёнак) уразіла вакалам – песню “Дальнабойшчык” выканала не горш за знакамітую цёзку. Цэлую калекцыю мяккіх цацак, якія сама шые, прадставіла Дар’я. Святлана ж прэзентавала штучны букет з падсветкай, а таксама наглядную “інструкцыю” па яго вырабе.
Гледачы актыўна падтрымлівалі канкурсантак, ды і самі паміж этапамі дэманстравалі клас у вясёлых заданнях, мініяцюрах медыцынскай тэматыкі. Гучнымі апладысментамі ўспрынялі і інфармацыю, што журы не стала размяркоўваць галоўных гераінь на пераможным п’едэстале – кожная дастойна звання лепшай! Усе пяцёра атрымалі ад арганізатараў дыпломы і кветкі, а ад райкама БРСМ і раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа – памятныя падарункі.
* * *
Без узнагарод не засталіся і іншыя прадстаўніцы прафесіі. Да Сусветнага дня медыцынскай сястры, да якога звычайна і праводзіцца ў раёне прыгаданы конкурс прафмайстэрства, Ганаровымі граматамі Ушацкай ЦРБ адзначаны Таццяна Жогаль, Валянціна Жодзік, Вікторыя Кальчэўская, Наталля Каваленка, Юлія Філімонава і Вольга Шастакова, Падзякамі ЦРБ – Ксенія Селезень, Святлана Шчадрова, Алеся Пясецкая, Вікторыя Карчэўская, Вольга Пальчэўская і Дзіяна Паршонак.
Падрыхтавала
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.