За советом и помощью — к старейшине

Экономика и малый бизнес

Шчыры і добразычлівы чалавек, заўсёды ўважлівая да акружаючых, неабыякавая да спраў і праблем аднавяскоўцаў, наогул цудоўная гаспадыня і жанчына! Так адгукаўся пра старэйшыну вёскі Усая старшыня Вяркудскага сельскага Савета дэпутатаў Васіль Пятровіч Цянюга. Пасля першых хвілін знаёмства з ёй да гэтых слоў хацелася дадаць, што Марыя Ісакаўна Пухава яшчэ і вельмі працавіты чалавек.

Хата старэйшыны прыкметная ў вёсцы не толькі тым, што акуратная і дагледжаная, але і тым, што побач расце вялізная бяроза, абхваціць якую аднаму чалавеку наўрад ці ўдасца. Застаць гаспадыню давялося за важнай восеньскай справай – уборкай бульбы. Пераносячы поўныя кошыкі, жанчына радавалася добраму ўраджаю.
Ужо больш чатырох гадоў Марыя Ісакаўна з’яўляецца старэйшынам Усаі. Карэнных жыхароў тут усяго 13 чалавек, летам колькасць насельніцтва павялічваецца ўдвая, а то і больш, бо “перасяляюцца” ў вёску дачнікі, прыязджаюць адпачыць да сваіх родныя і знаёмыя. І гэта не дзіўна – вёска размешчана ў маляўнічым кутку Ушаччыны, побач азёры Усая і Жэнна, а таксама чыстае і празрыстае возера – гідралагічны заказнік Крывое. Абсалютна з усімі М.І.Пухава знаходзіць агульную мову і добра наладжвае кантакт. Усё ёй тут блізка і знаёма, бо жыццё звязана з гэтымі мясцінамі. Тут нарадзілася, тут прайшло дзяцінства, выйшла замуж, вырасціла і выхавала дзяцей…  
Зусім іншыя былі часы, але ўмелі людзі выжываць у складаных умовах, не скардзячыся на жыццё. Пасля заканчэння школы, як і значная частка моладзі, М.Пухава адправілася на лесараспрацоўкі ў Карэлію, пасля вяртання на радзіму пэўны час працавала на розных работах у калгасе, потым брыгадзірам, затым у бухгалтэрыі і ашчадкасе. Вось ужо трынаццаць гадоў на заслужаным адпачынку. Столькі ж гадоў Марыя Ісакаўна жыве адна. Любяць наведваць яе дзеці і ўнукі, якія прыязджаюць з Наваполацка і Віцебска. Дапамагаюць спраўляцца з хатнімі справамі, наводзіць парадак, збіраць ураджай з прысядзібнага ўчастка, ды і сама ўвесь час у розных клопатах, хоць ужо не трымае вялікую гаспадарку – толькі курэй ды ката.
Ну а з абавязкамі старэйшыны жанчына сапраўды спраўляецца выдатна, ведае праблемы кожнага, калі такія ўзнікаюць. У такім выпадку імкнецца дапамагчы, знайсці аптымальнае рашэнне. У сельвыканкаме ведаюць, што можна разлічваць на надзейнага старэйшыну. Марыя Ісакаўна заўсёды выконвае план па зборы сродкаў самаабкладання – добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, якія потым шляхам прыняцця агульнага рашэння ідуць на пэўныя мэты, напрыклад, добраўпарадкаванне вёскі.
За час нашай не вельмі працяглай размовы да старэйшыны заходзілі аднавяскоўцы, каб папытацца пра справы ці проста павітацца. Марыя Ісакаўна ў сваю чаргу размаўляла з імі не проста як са знаёмымі, а быццам з роднымі. Добра адгукалася яна і пра дачнікаў. Склалася ўражанне і пацвердзіліся словы старшыні сельсавета, што жыхары невялікай вёсачкі ў маляўнічым месцы жывуць як адна дружная сям’я.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *