Падставай для гэтага артыкула стаў візіт у рэдакцыю жыхаркі райцэнтра Галіны Данілёнак. “Ля нашай шматпавярхоўкі па Фрунзэ, 30 расце пышны куст бэзу. Сёлета гэтыя кветкі зацвілі як ніколі рана, так радасна было імі любавацца, але сёння я з жахам убачыла, што нехта яго па-зверску абадраў. Не проста абламаў некалькі галінак для букета, а знёс усю верхавіну!” – абуралася ўшачанка, дэманструючы нам фотадоказы варварскага ўчынку.
Букет “з нацэнкай”
Хоць і папярэджвалі мы нядаўна ў сацсетках газеты пра тое, што ламаць бэз незаконна, відаць, не ўсе гэта прачыталі і прынялі да ведама. Таму мы звярнуліся да начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіла Шука за больш падрабязнымі тлумачэннямі.
“Сапраўды, ламаць бэз, як і любыя іншыя кусты і дрэвы, што растуць на вуліцах і ў дварах населеных пунктаў, забараняе закон “Аб раслінным свеце”. За выдаленне, перасадку і пашкоджанне раслін, адпаведна артыкула 16.17 КаАП РБ, фізічныя асобы могуць атрымаць штраф ад 5 да 30 базавых велічынь. Да таго ж будзе разлічана і нанесеная прыродзе шкода”, – зазначае спецыяліст.
“А ці мае значэнне, як моцна сапсаваны куст?” – удакладняем у Міхаіла Аляксандравіча. “Так. Калі зламыснік знішчыў ад 20 да 50 працэнтаў наземнай яго часткі, лічыцца, што ён пашкодзіў расліну не да спынення яе росту, адпаведна, шкода менш значная, калі больш паловы – то гэта ступень “да спынення росту” і ўрон буйнейшы”.
Але як прыцягнуць да адказнасці крыўдзіцеляў прыроды? Зразумела, што калі іх дзеянні заўважаць інспектары – будзе складзены пратакол. Можна звярнуцца да прыродаахоўнікаў, калі, напрыклад, вы зафіксавалі на фота ці відэа працэс знявечання дрэў і кустоў. Не варта забываць вандалам і пра тое, што ва Ушачах шмат відэакамер…
Але ўсё вышэй сказанае датычыцца менавіта двароў шматкватэрных дамоў і грамадскіх месцаў – з кустамі, што растуць на прыватных падворках, гаспадары могуць рабіць што заўгодна.
Аспекты біялагічныя і эстэтычныя
Канечне, калі куст ці дрэва штогод нявечыць, рэгулярна знішчаць суквецці, ламаць вялікія сукі, яго нармальнае развіццё парушыцца, праз “раны” пранікнуць інфекцыі, і магчыма, расліна зачахне. Разам з тым, многія чытачы скажуць, што ад некалькіх адарваных галін бэзу нічога не стане: праверана на шматгадовым вопыце! І ў пэўным сэнсе будуць мець рацыю.
Вось што патлумачыла на гэты конт настаўнік біялогіі Ушацкай школы Вольга Жыткая: “Для кустарнікаў зломліванне асобных галінак не нясе пагрозы. Усе знаюць, што ў прыродзе іх аб’ядаюць казулі, алені, ласі, аднак расліны аднаўляюцца і яшчэ больш пышнеюць. Да таго ж у кустоў ёсць спячыя пупышкі, якія прачынаюцца ў выпадку пашкоджання верхавінных. Так што на першы план у гэтай тэме я б паставіла не столькі біялагічны аспект, колькі этычны і эстэтычны. Мы належым да віду “чалавек разумны” і гэтаму азначэнню трэба адпавядаць… Лічу, што лепш атрымліваць асалоду ад прыгажосці раслін у іх натуральным асяроддзі. У японскіх школах нават ёсць прадмет – любаванне прыродай…”
Дарэчы, нешта падобнае мы знайшлі і ва Ушачах. Не ўсе ведаюць, што ва ўнутраным дворыку нашай цэнтральнай аптэкі створаны невялічкі раслінны аазіс. Зараз тут якраз расцвітаюць ландышы і, канечне, буяе прыгожы бэз. Насаджэнні прызначаны якраз для таго, каб работнікі ў вольную хвілінку маглі атрымаць асалобу ад іх прыгажосці.
На вяршыні хіт-параду
Натхнёныя, мы вырашылі прагуляцца па вуліцах райцэнтра, каб палюбавацца майскай квеценню. Як аказалася, кусты бэзу ёсць лічы што ў кожным двары. Нямала іх, напрыклад, ля дома №19 па Ленінскай. “Як толькі засяліліся, разам з суседкай Любоўю Захарэнка пасадзілі бэз. Прыемна, калі пад вокнамі прыгажосць і майскі водар!”, – падзяліўся з намі жыхар дома Іван Пухальскі. Ну а на прыгаданай у пачатку вуліцы Фрунзэ мы ўбачылі, бадай, самы бэзавы двор. Ля дома №24 налічылі два дзясяткі дагледжаных кустоў. Частку з іх калісьці пасадзіла Вольга Сырэль. “У нас, на шчасце, ніхто бэз не ламае: толькі фатаграфуюцца побач. А жыхары дома разам дбаюць пра кветнікі, сярод актывістаў – Марыя Паўлавец, Таццяна Ражноўская, Жанна Літвін, Лідзія Белавусава, Валянціна Гірсёнак, Вікторыя Уліновіч. Добрымі словамі трэба адзначыць нашых камунгасаўцаў: мы звярнуліся да іх з просьбай акультурыць кусты, і работнікі зрабілі ўсё старанна, якасна”.
Пра догляд за бэзам нам расказала начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Галіна Кашко: “Пасля таго, як бэз адцвіў, варта зрэзаць кветканосныя кісці секатарам. А ў пачатку вясны да руху сока зрабіць культурнае фарміраванне куста, выдаліць галіны, якія ўсохлі ці пакрыты мохам”.
Знайшлі мы самы бэзавы падворак і ў прыватным сектары. Некаторыя жыхары мікрараёна Еўдакіі Лось у маі спецыяльна пракладаюць маршрут прагулак праз вуліцу Азёрную, каб паглядзець на калекцыю сартавых раслін Валянціны Лісічонак. Відовішча сапраўды ўражвае! “Чаму бэз? Мінімум догляду – максімум прыгажосці, – зазначае гаспадыня. – Кожны мой гатунак нечым асаблівы: Мадам Лемуан – бялюткая, Аўкубафолія мае жоўта-зялёную лістоту, Шарль Жалі пахне мёдам, у Сенсацыі – кветкі з акантоўкай, а ад ружова-белай Прыгажуні Масквы (на здымку) проста вока не адарваць!”
Спадзяемся, мы пераканалі чытачоў у тым, што бэзам лепш любавацца ў яго натуральным стане. Тады фатаграфаваць кусты мы будзем толькі ў эстытычных мэтах.
Наталля БАГДАНОВІЧ.