На цэнтр кіравання Ушацкага РАНС паступіла паведамленне пра здарэнне ў акваторыі возера Вечалле. На адлегласці 80 метраў ад берага перакулілася лодка з трыма рыбакамі. Адзін у несвядомым стане пайшоў пад ваду, другі застаўся на паверхні, учапіўшыся за плаўсродак, а трэці спрабаваў дабрацца да берага ўплаў. На месца тут жа прыбылі выратавальнікі, медыкі – бяды ўдалося не дапусціць.
Тое, як дзейнічалі прадстаўнікі органаў па надзвычайных сітуацыях, якую тэхніку, абсталяванне выкарыстоўвалі пры ратаванні тапельцаў, з берага ацэньвалі старшыні раённых камісій па надзвычайных сітуацыях Віцебшчыны, начальнікі падраздзяленняў МНС. Яны сталі ўдзельнікамі выязнога пасяджэння абласной камісіі па надзвычайных сітуацыях пры аблвыканкаме. Вядома, што апісанае вышэй адбывалася ў трэніровачным рэжыме, з “падстаўнымі” пацярпелымі, у якіх перакваліфікаваліся падрыхтаваныя спецыялісты.
Летась у краіне ахвярамі вады сталі 367 чалавек, у тым ліку 21 дзіця, сёлета такіх фактаў – 67 і 2 адпаведна.
Ушацкі раён – адзін з самых “водных” у паўночным рэгіёне: толькі азёраў у нас 186. Пляж Вечалля – адзін з лепшых па добраўпарадкаванні, абсталяванні (ёсць пантон, лежакі, кабіны для пераапранання, у купальны сезон прадугледжана работа выратавальнага паста, гандлёвай кропкі), таму збірае шмат адпачываючых. Як падкрэсліў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксей Героеў, менавіта па гэтых прычынах было вырашана сабрацца менавіта ў нашым краі. Была для гэтага, праўда, і непрыемная нагода: у ліку раёнаў, у якіх тонуць людзі, практычна штогод фігуруе Ушацкі. Так, ужо сёлета ахвярамі вады ў нас сталі двое грамадзян.
На Віцебшчыне ў купальны сезон 2024-га на пляжах будзе функцыянаваць 12 выратавальных станцый, 24 пасты пастаяннага дзеяння і 13 – сезоннага. Колькасць задзейнічаных у рабоце матросаў павялічыцца, што дазволіць у найбольш ажыўленых кропках дзяжурыць па двое.
У першай – тэарэтычнай – частцы пасяджэння, што праходзіла на базе райвыканкама пры ўдзеле начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Мялешкіна, кіраўніка Ушацкага раёна Сяргея Садоўскага, разгледжана аператыўная абстаноўка ў рэгіёне, прааналізаваны прычыны надзвычайных здарэнняў, гатоўнасць да купальнага сезона. Як адзначыў старшыня абласной арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Аляксандр Мясаедаў, асаблівую ўвагу трэба надаць навучанню дзяцей правілам бяспечных паводзін на вадаёмах.
Абмеркавана таксама ўтрыманне інтэрнатаў. Па словах першага намесніка начальніка абласнога ўпраўлення МНС Андрэя Гаўрыленкі, даручэнне Кіраўніка дзяржавы аб забеспячэнні пажарнай бяспекі на такіх аб’ектах шмат дзе не рэалізавана, пра што сведчаць ужо 4 пажары, якія адбыліся сёлета на Віцебшчыне.
66 кропак масавага адпачынку грамадзян паблізу вадаёмаў прызнаны сёлета афіцыйнымі ў Віцебскай вобласці. На Ушаччыне іх 4: пляжы на возеры Вечалле і ля санаторыя “Лясныя азёры” на Должыцы, месцы для купання на Чаравэччы і ў вёсцы Турасполле на рацэ Дзіва.
Пасля практычнай часткі ўдзельнікі пасяджэння пабывалі ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, мемарыяльным комплексе “Прарыў”, напярэдадні Дня Перамогі аддалі даніну памяці героям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.