Суіцыды – тэма, на якую прынята маўчаць. На ўсякі выпадак – каб не справакаваць у людзей з няўстойлівай псіхікай думкі аб самагубстве, каб не нагадваць сабе лішні раз аб смерці. Між тым, суіцыдаў становіцца ўсё больш. Аб гэтай глабальнай праблеме нам расказала ўрач-псіхіятр Ушацкай ЦРБ Тамара Іванаўна ЖЫЛКО:
– Сучасны рытм жыцця, шматлікія суб’ектыўныя фактары прыводзяць да таго, што чалавек часам можа рашыцца на злачынства супраць свайго жыцця. Па дадзеных сусветнай арганізацыі аховы здароўя, частата суіцыдаў у свеце – у сярэднім 15 выпадкаў на 100 тысяч чалавек. Узровень самагубстваў у Беларусі значна большы: каля 28 выпадкаў. У нашай краіне суіцыды займаюць чацвёртае месца ў “рэйтынгу” смяротнасці насельніцтва, саступіўшы толькі сардэчна-сасудзістым захворванням, пухлінам і хваробам органаў дыхання. Ва Ушацкім раёне за апошнія восем месяцаў здзейснена восем самагубстваў.
– Што можа падштурхнуць чалавека да самагубства?
– Асноўныя прычыны і асаблівасці суіцыдаў у Віцебскай вобласці – гэта злоўжыванне спіртнымі напіткамі, канфліктныя адносіны ў сям’і і на рабоце, сацыяльная неўладкаванасць. У групу рызыкі ўваходзяць таксама адзінокія людзі, тыя, хто скасаваў шлюб. Большасць тых, хто развітваецца са сваім жыццём, – людзі за 40 гадоў. Суіцыд вельмі рэдка выкліканы якім-небудзь адным фактарам, ён, як правіла, – вынік цэлага комплексу прычын.
– Зразумела, што ўрач можа распазнаць, прааналізаваць фактары рызыкі. А як звычайны чалавек можа зразумець, што з яго суседам, сябрам адбываецца нешта нядобрае? Як бацькам распазнаць суіцыдальныя думкі ў дзяцей?
– Трэба звярнуць увагу на змену паводзін чалавека і больш слухаць яго. Той, хто адважыўся на самагубства, можа кідаць фразы накшталт “Вы мяне больш не ўбачыце”, “Я вам больш надакучваць не буду”. Ён пачынае прыводзіць у парадак справы, раздаваць даўгі, пісаць развітальныя запіскі. Насцярожыць павінны і прыкметы дэпрэсіі: паніжэнне настрою, апатыя, а часам, наадварот, не характэрная для асобы гіперактыўнасць. Дрэнна, калі ў чалавека парушаны сон, знікае апетыт і цікаўнасць да прывычных спраў, жыцця блізкіх людзей. Нядобрай прыкметай можа быць і прыняцце псіхаактыўных рэчываў – алкаголю або наркотыкаў.
– Што рабіць чалавеку, калі яму не хочацца жыць?
– Хтосьці з вялікіх сказаў: “Бывае, што не хочацца жыць, але гэта зусім не азначае, што хочацца не жыць”. Трэба гнаць ад сябе чорныя думкі і звярнуцца за дапамогай да псіхіятра. У райбальніцы працуе “тэлефон даверу”. Кожны, хто апынуўся ў складанай сітуацыі, можа патэлефанаваць па нумары 2-73-44 з 8 да 17 гадзін і па нумары 2-15-57 з 17 да 8 гадзін. Паверце, звычайная гутарка здымае добрую палову напружання. Чалавек у сілу розных прычын можа проста не ведаць, што яго праблему можна вырашыць. Калі здаецца, што ўсё дрэнна і ніколі не будзе лепш, варта спыніцца, падумаць, узважыць. І не рабіць апошні крок! Жыццё цудоўнае, і яно даецца чалавеку толькі аднойчы.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.