Взятка в 40 тысяч долларов

Закон - один для всех

Матэрыяльныя каштоўнасці беларускіх прадпрыемстваў прыцягваюць прагныя погляды не толькі дамарослых жулікаў, але і дзялкоў сумежных дзяржаў. Прычым, жаданне ўрваць для сябе смачны кавалак пірага не спыняе іх у выбары шляху. Калі наперадзе маячыць зялёны долар, абысці закон для іх сумлення нічога не значыць.
Вырашыў скарыстацца маёмасцю ААТ «Нафтан» у абыход закона і дырэктар аднаго з камерцыйных прамысловых прадпрыемстваў Растоўскай вобласці. Акцыянернае таварыства выставіла на рэалізацыю праз свой інтэрнэт-сайт чатыры турбахаладзільныя машыны. Дадзеныя апараты выкарыстоўваліся на «Нафтане» для ахалоджання паветра і вады, патрэбных у вытворчасці. Па адзнаках экспертаў рыначны кошт кожнай машыны складае паўмільёна долараў ЗША, а як лома – каля 60 тысяч долараў. Паводле ведамасных загадаў, усё дарагое абсталяванне, якое не выкарыстоўваецца на ААТ «Нафтан», павінна рэалізоўвацца толькі падчас правядзення адкрытага конкурсу. Гэтая ўмова, відаць, не падыходзіла растоўскаму дырэктару. У лютым бягучага года ён прапанаваў старшыні камісіі па рэалізацыі невыкарыстоўваемай маёмасці ААТ «Нафтан» выгадную здзелку. Камерсант набывае чатыры халадзільныя ўстаноўкі за 40 тысяч долараў кожную і перадае службовай асобе ААТ «Нафтан» па 10 тысяч у.а. за агрэгат. На такую прапанову старшыня камісіі адказаў катэгарычнай адмовай.
Але гэта не астудзіла запал прадпрымальнага растаўчаніна, які прадоўжыў сваю бурную дзейнасць па рэалізацыі вызначанага плану. Праўда, усе наступныя яго сустрэчы з супрацоўнікам «Нафтана» праходзілі пад пільным вокам чэкістаў.
У канцы сакавіка дырэктар зноў наведаў прадпрыемства і паабяцаў старшыні камісіі, што пасля падпісання кантракту і дэмантажу першай халадзільнай устаноўкі перадасць апошняму 10 тысяч долараў, а потым і астатнюю суму ўзнагароды. Пры гэтым ён павысіў кошт закупу кожнай машыны да 45 тысяч «зялёных».
4 красавіка ў Наваполацку ў службовым кабінеце пры перадачы 570 тысяч расійскіх рублёў службовай асобе ААТ «Нафтан» растаўчанін быў затрыманы супрацоўнікамі ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці.
У адносінах да яго была ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 431 «Дача хабару» Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Улічваючы стан здароўя прадпрымальніка і тое, што ён з’яўляецца замежным грамадзянінам, суд прыгаварыў яго да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Касацыйная інстанцыя прыняла да ўвагі прызнанне віны асуджаным, яго сямейнае становішча, стан здароўя і замяніла пазбаўленне волі на штраф у памеры 35 мільёнаў беларускіх рублёў. Штраф быў выплачаны, а “прадпрымальнік” адбыў на радзіму.
Прэс-група УКДБ па Віцебскай вобласці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *