У Беларусі, напэўна, няма ніводнага роду, па якім не прайшлася чорным полымем вайна. Не абмінула горкая доля і вялікую сям’ю нашай зямлячкі Марыі Рыгораўны Седуновай. Пра лёс гэтай жанчыны і яе блізкіх, пра іх уклад у Перамогу расказала нам яе дачка Вольга Міхайлаўна.
У селяніна Рыгора Седунова, які жыў у лясной вёсачцы Васілевічы, што недалёка ад Глыбачкі, было шасцёра дзяцей – усе сыны апроч малодшай Маруські. Усяго паўгода было дзяўчынцы, калі памерла маці, а мачаха палюбіць яе не змагла, хоць і старалася дзяўчынка дагадзіць, гадавала малодшага браціка, што тым часам з’явіўся на свет. А вераснёўскім вечарам 37-га ў хату ўвайшлі “людзі ў чорным”. Бацьку зачыталі пастанову і загадалі збіраць рэчы: у органы паступіў данос, што ў доме вісіць партрэт царскага жандара. Да рэвалюцыі на такой пасадзе служыў у Пецярбургу татаў брат, ды толькі ні партрэта, ні самога родзіча ўжо не было. Аднак Рыгора забралі – і больш яго ніхто не бачыў. Маруська скончыла сямігодку і паехала ва Ушачы на курсы рахункаводаў, але з пачаткам вайны вярнулася ў вёску.
…Немцы прыбылі ў Васілевічы тыдні праз два. Пад’ехалі да калодзежа, пачалі мыцца, гагаталі па-свойму, гралі на губных гармоніках. Вясковыя хлапчукі з цікавасцю разглядалі матацыклы, якіх ніколі не бачылі. Потым пачаўся абход хат: “Матка, яйка, шпек!” А па бальшаку ў кіламетры ад вёскі бясконцым патокам рухалася нямецкая тэхніка…
Калі вясной 42-га прайшлі чуткі, што ў лесе з’явіліся народныя мсціўцы, браты Васіль і Фёдар пайшлі ў лес, а летам і 17-гадовая Маруська стала партызанкай атрада імя Кутузава брыгады імя Чапаева. Спачатку мыла бялізну, дапамагала гатаваць ежу, а потым яе сталі браць і на баявыя заданні: хадзіла на падрыў чыгункі, стаяла ў дазоры, а зімой 43-га некалькі разоў у складзе групы партызан адпраўлялася за лінію фронту за зброяй. Так у дзяўчыны з’явіўся свой карабін. А вясной немцы спалілі Васілевічы: лічы што ўсе тутэйшыя мужчыны былі ў атрадзе, ды і саму вёску акружаў лес. Знішчылі 30 двароў, уцалела толькі маленькая лазня на ўскрайку, а вось жыхары паспелі схавацца ў лесе. Самым цяжкім момантам стала блакада. “Як мы тады выжылі? Кожны дзень – страшныя баі, амаль цэлы месяц. Колькі ў лясах загінула людзей – ніхто не ведае. Я засталася жывая, але страціла двух братоў: Васіль знік без вестак, Фёдара расстралялі фашысты, мачаху з малодшым Ванем вывезлі ў Германію”, – прыгадвала Марыя Рыгораўна.
Калі брыгада імя Чапаева злучылася з часцямі Чырвонай арміі, камандзір сказаў Марыі: “Пайшлі з намі далей ваяваць – хутка перамога”. І яна была залічана рэгуліроўшчыцай у дарожны батальён 3-га Беларускага фронту. Сапраўды, летам 44-га здавалася, што вайна неўзабаве скончыцца, але наперадзе быў яшчэ год цяжкіх выпрабаванняў. “Вясной 45-га фарсіравалі нямецкую рэчку: пераходзілі ўброд, узняўшы над галавой аўтаматы, а на ёй толькі лёд сышоў. Вылілі з ботаў ваду, адціснулі адзенне – і зноў апранулі, губы сінія, калоцімся, а трэба далей ісці. Толькі вечарам спыніліся, каб сагрэцца”, – дзялілася ўспамінамі гераіня аповеду. Рух войскаў быў вельмі актыўны. Асабліва страшна было пад горадам Пілау, дзе баі былі вельмі жорсткія…
З прадстаўлення да медаля “За баявыя заслугі”: “У час праходжання буйных баявых злучэнняў для штурму Кёнігсберга М.Седунова літаральна па некалькі дзён не спала і не сыходзіла з дарогі, наводзячы на ёй рэвалюцыйны парадак”.
А аднойчы была Марыя на пасту і пачула стрэлы, потым – залпы: няўжо, думае, немцы дзесьці прарваліся? І тут бягуць да яе аднапалчане: “Яфрэйтар Седунова, чаго стаіш? Вайна скончылася!..”.
Вяртацца дзяўчыне не было куды – паехала ў Ленінград, дзе да вайны жылі тры старэйшыя браты. Генадзь памёр у 42-м, Мікалай быў смяротна паранены ў час абароны горада, перажыць блакаду пашчасціла толькі Аляксандру. Дзяўчына ўладкавалася ў тыпаграфію. “Атрымаю паёк: лустачку хлеба ды ржавы селядзец, пакуль дайду да інтэрната – усё і з’ем. Сяброўкам дык хоць нешта з вёскі перадавалі, а мне дапамогі не было. Не вытрымала голаду і вярнулася ў Беларусь”, – распавядала яна.
Родных на радзіме не засталося: мачаха памерла пасля палону, Ваню адправілі ў дзіцячы дом (адшукала яго толькі праз некалькі год, хлопец атрымаў рабочую спецыяльнасць і жыў у Мінску). Па накіраванні Полацкага абкама камсамола Марыя паехала на Браслаўшчыну, дзе спачатку загадвала хатай-чытальняй, а потым сельпо, працавала на торфабрыкетным заводзе. Выйшла замуж, разам з мужам вырасціла дзвюх дачок. Дзеці, унукі і праўнукі свята шануюць яе памяць, захоўваюць дакументы і ўзнагароды. Памятаюць пра гэту сям’ю і на малой радзіме – прозвішча партызана Васіля Седунова значыцца на помніку, які ўзведзены ў Глыбачцы ў гонар землякоў, што палі смерцю храбрых у час Вялікай Айчыннай.