Районному центру культуры и народного творчества присвоено имя Народного артиста Белорусской ССР Геннадия Гарбука

Общество

Ушаччына з’яўляецца радзімай многіх вядомых творцаў, сярод якіх і таленавіты беларускі акцёр Генадзь Гарбук. Цяпер прозвішча Народнага артыста БССР, уладальніка Дзяржаўнай прэміі СССР, медаля Францыска Скарыны, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прэміі “За духоўнае адраджэнне” будзе ўвекавечана ў нашым гарпасёлку. Урачыстае мерапрыемства з нагоды прысваення Ушацкаму раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці імя знакамітага земляка адбылося ў першыя дні мая.

Удзельнікі ўрачыстасці не маглі не прыгадаць самыя яркія старонкі біяграфіі Генадзя Міхайлавіча. Ураджэнец Глыбачкі з першага класа наведваў танцавальны гурток. Пазней запраўляў усёй самадзейнасцю школы – кіраваў хорам, ставіў п’есы, вучыў іншых чытаць вершы, сам саліраваў са сцэны. У юнацтве марыў стаць эстрадным спеваком. У старэйшых класах уладкаваўся ў раённую кінафікацыю пісаць афішы для фільмаў. “У мяне было зацішнае месца каля кінамеханіка, і я ўпотай глядзеў усе замежныя стужкі”, – успамінаў ён. Тады і вырашыў стаць акцёрам. Паступіўшы ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, Генадзь Міхайлавіч вучыўся на курсе ў легендарнага рэжысёра і педагога Дзмітрыя Арлова. Пасля заканчэння ВНУ малады акцёр непрацяглы час служыў у тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, а ў пачатку 60-х перайшоў у Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, якому прысвяціў больш за 50 гадоў свайго жыцця. На сцэну купалаўскага выходзіў да апошняга свайго дня…

Славу Генадзю Міхайлавічу прынеслі “Людзі на балоце”, “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Трывожнае шчасце”, “Плач перапёлкі”, “Чорны замак Альшанскі”, “Знак бяды”… Яго партрэт знаходзіцца ў Лонданскай кінаакадэміі, паколькі апошні фільм, па меркаванні брытанскіх кінакрытыкаў, уваходзіць у дзясятку лепшых фільмаў пра Другую сусветную вайну.
Адметна, што прысваенне культустанове імя Г.Гарбука адбылося ў Дні партызанскай славы. Усё жыццё Народны артыст лічыў “Прарыў” свяшчэнным месцам. Падчас вучобы ў інстытуце лёс звёў Генадзя Міхайлавіча з Анатолем Анікейчыкам, архітэктарам, які стаў аўтарам нашага мемарыяла ў гонар прарыву блакады. У маі 2016-га на адкрыцці “Прарыву” пасля рэканструкцыі, Г.Гарбук стаяў у натоўпе землякоў і прыгадваў жудасныя падзеі сямідзесяцігадовай даўніны. Ён заўсёды так натуральна іграў партызан, вайскоўцаў, простых землякоў. Хаця не толькі трагічныя ролі ўдаваліся акцёру, бо ён валодаў адметным пачуццём гумару. І нездарма адным з самых запамінальных стаў вобраз Андрэя Ходаса з “Белых Росаў”.

– На Віцебшчыне склалася добрая традыцыя ўвекавечваць памяць землякоў не толькі ў назвах вуліц, а і ва ўстановах адукацыі, культуры. Гэта вялікая справа звязвае імёны і пакаленні, мае значэнне ў выхаванні юных беларусаў. Наш зямляк Генадзь Гарбук вядомы не толькі ў нашай краіне, заслужыў аўтарытэт і ўнёс уклад у захаванне багатай культурнай спадчыны Беларусі і вельмі сімвалічна, што менавіта галоўная культустанова Ушаччыны будзе насіць яго імя, – адзначыла на ўрачыстым мерапрыемстве член Савета Рэспублікі, старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч.

– Для нас гэта вялікі гонар, – падкрэсліла дырэктар Цэнтра культуры В.У.Грыневіч. – Кожны з нас павінен зберагчы сваё, роднае. Да гэтага імкнёмся ў сваёй рабоце.
Ужо шэсць гадоў як пайшоў з жыцця Генадзь Гарбук, але жыве памяць аб ім і ўсе яго неўміручыя вобразы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *