Пасяўная кампанія на Ушаччыне выходзіць на фінішны адрэзак. Яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры (без уліку грэчкі і кукурузы на зерне) у нашым раёне пасеяны на 80 працэнтах запланаваных плошчаў, а “Глыбачаны” і “Сафійскія дары” ўжо цалкам справіліся з адпаведным заданнем.
“Ільюшынскі” практычна завяршыў сяўбу яравога рапсу. Вядуць гэту работу вялікадальчане і сафійцы, якія таксама маюць у вясеннім плане крыжакветныя. Два апошнія прадпрыемствы распачалі і сяўбу кукурузы на зерне.
А вось ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” зусім блізкі да поўнага заканчэння пасяўной. З зерневымі тут справіліся яшчэ 7 красавіка, пасеяўшы на 540 гектарах ячмень, авёс і пшаніцу – рабілі гэта найперш для севазвароту, бо летась усе 1270 гектараў ушацкага ўчастка былі заняты “каралевай палёў”. Сёлета ж яна будзе расці на шасцістах.
Менавіта за працэсам сяўбы кукурузы паназіралі мы на мінулым тыдні на палях ля вёскі Стаі. У гэты дзень тут працаваў магутны лепельскі мехатрад. Наш прыезд аграрыяў крыху здзівіў: не чакалі, што ўшацкую прэсу зацікавяць немясцовыя кадры. Тым не менш, Аляксандр Ільюхін з гатоўнасцю пакінуў кабіну новенькага “Кіраўца”, на якім дыскаваў поле, каб расказаць пра свае працоўныя будні, якія пачынаюцца а шостай гадзіне раніцы і завяршаюцца з цёмным. “Гэты агрэгат зачапіў нядаўна, а на першым этапе працаваў на сеялцы. Тэхнічны арсенал у нас годны, і малады інжынер талковы, усё належным чынам арганізавана – так што ад працы атрымліваю задавальненне!” – не хаваў добрага настрою ветэран вытворчасці.
Суседняе поле з вялікімі вымачкамі “сушылі” трактары з чызелямі, “прычэсвала” глебу 12-мятровая барана, а следам рухалася сеялка. Кіраваў жа працэсам наш зямляк Ігар Іванюта, які ўзначальвае вытворчы ўчастак. “Зіма, як і паўсюдна, была складанай, аднак змяншэння пагалоўя не дапусцілі. Не скарацілі і пасяўныя плошчы – наадварот, на лепельскіх палетках дадалі ў свой план яшчэ паўтысячы гектараў, пашыраюцца і магутнасці сушыльнай гаспадаркі, так што і ўчастак, і таварыства развіваюцца”, – падзяліўся з намі спецыяліст.
Як нацэльвае кіраўніцтва рэгіёна, акцэнт у раслінаводчай галіне ў бліжэйшы час будзе змешчаны менавіта на абслугоўванне патрэб жывёлагадоўлі, у “Віцебскаграпрадукце” ж гэты накірунак практыкуюць даўно і
паспяхова.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Посевная — время массового сева, к нему надо быть готовым на 100% и выполнить все работы в срок, чтобы заложить основу хорошего урожая в будущем.