Госці з райцэнтра ў жыхаркі Астравенца Ніны Сяргееўны Казьянінай бываюць нярэдка. Жанчыну, якая ў дзяцінстве спазнала жахі фашысцкіх канцлагераў, не пакідаюць без увагі прадстаўнікі розных раённых службаў і арганізацый. У гэты ж раз дэлегацыя была такая масавая, што гаспадыня нават занепакоілася: ці змесцяцца ўсе ў яе вясковай кватэры?
Прадстаўнікі дэпутацкага корпусу, работнікі сацыяльнай службы і “Белпошты”, актывісты рэспубліканскай партыі “Белая Русь” і піянерскай арганізацыі прыехалі да жанчыны, каб павіншаваць яе з надыходзячымі святамі, уручыць матэрыяльную дапамогу, кветкі, харчовыя наборы і смачны каравай. Ніна Сяргееўна не хавала радаснай усмешкі, якая ёй вельмі пасуе – як і прыгожая сукенка, апранутая з прыемнай нагоды.
Ушачанін Пётр Мечыслававіч Мажэйка ў чаканні дарагіх гасцей выйшаў на ганак. “Бачыце, нават дожджык у гонар вашага прыезду прыпыніўся!”, – заўважыў ён. Мужчына заўсёды ахвотна адгукаецца на прапановы прыняць удзел у патрыятычных мерапрыемствах, сустрэчах з моладдзю і з асаблівым імпэтам дзякаваў за віншаванні ў свой адрас ад юных гасцей.
Піянеры ж, у сваю чаргу, з цікавасцю слухалі яго ўспаміны пра нялёгкае пасляваеннае дзяцінства, калі ўрокі рабілі пры святле лучыны, ушацкіх настаўнікаў, якія аказалі ўплыў на яго станаўленне. “Ваша галоўная задача – вучыцца, каб стаць умелымі спецыялістамі і спрыяць далейшаму росквіту нашага раёна і ўсёй краіны”, – даваў школьнікам наказ Пётр Мечыслававіч. А ў актывіста “Белай Русі” Паўла Мікалаевіча Пашкова распытваў пра дзейнасць нядаўна створанай партыі, бо ўважліва сочыць за падзеямі грамадскага жыцця.
Цудам выжыла ў лагеры смерці “Азарычы” Вольга Касьянаўна Стрыжонак. У маленькай Белюкоўшчыне зараз зусім немнагалюдна, і прыезд віншавальнай “брыгады” стаў для пажылай жанчыны адметнай падзеяй. А ў час візіту ў Градзянец да Мікалая Уладзіміравіча Пятроўскага не толькі прыгадвалі цяжкія выпрабаванні мінулага, а і абмеркавалі актуальныя падзеі цяперашніх дзён, у прыватнасці, Усебеларускага народнага сходу, за ходам якога мужчына ўважліва назіраў. “Наш Прэзідэнт у сваім выступленні выказаў усё, што адчуваюць людзі, чаго хоча народ”, – падкрэсліў ён.
Уручаныя напярэдадні Дня Перамогі грошы, канечне, будуць гэтым людзям дарэчы. Але не менш парадавала іх увага землякоў, адчуванне таго, што яны паважаныя і запатрабаваныя.
У юбілейны год Вялікай Перамогі памеры дапамогі да 9 Мая ветэранам, вязням і іншым катэгорыям грамадзян значна павялічаны.
Наталля БАГДАНОВІЧ.