«Прорыв Победы»: история легендарного прорыва

Общество

Прарыў Перамогі: асаблівая старонка ў летапісе Вялікай Айчыннай вайны

Ушачане не толькі з газетных артыкулаў, але і праз лёсы блізкіх людзей добра ведаюць пра прарыў варожай блакады ў маі 1944 года. Пра пекла, праз якое прайшлі жыхары нашага раёна. Перадаць словамі гэта немагчыма. І тым не менш, напярэдадні абласной патрыятычнай акцыі “Прарыў Перамогі”, якая адбудзецца заўтра, мы вырашылі прыгадаць пра 25 дзён асады кароценькімі рэальнымі аповедамі, трагічнымі і шчымлівымі, каб данесці атмасферу 80-гадовай даўніны.

Гарачы халодны красавік: 25 дзён асады

Гітлераўцы разумелі, што пры наступленні Чырвонай арміі непазбежна апынуцца паміж двух агнёў, а таму праводзілі супраць партызан карныя аперацыі. Толькі зімой 1943-1944 года яны пяць разоў няўдала спрабавалі прарваць абарону, аднак народныя мсціўцы гераічна адбівалі ўсе атакі і ў ходзе баявых дзеянняў разграмілі больш 30 гарнізонаў, падарвалі 40 эшалонаў праціўніка, знішчылі больш 300 машын з яго жывой сілай і боепрыпасамі.

11 красавіка 1944 года фашысты пачалі самую буйную ў гады Вялікай Айчыннай вайны карную аперацыю, кінуўшы супраць партызан 60 тысяч салдат і афіцэраў, 137 танкаў, 235 артылерыйскіх гармат, 70 самалётаў, 2 браняпоезды. У партызан жа мелася толькі 17 тысяч байцоў і 21 гармата: з аўтаматамі і вінтоўкамі яны вымушаны былі змагацца супраць танкаў і авіяцыі. Беларускі штаб партызанскага руху стварыў аператыўную групу для каардынацыі дзеянняў брыгад, кіраваць якой было даручана палкоўніку, камандзіру брыгады імя Сталіна Уладзіміру Елісеевічу Лабанку. 25 сутак партызаны вялі цяжкія баі. З 280 кіламетраў усяго да 8 сціснулася лінія абароны, 30 красавіка былі здадзены Ушачы, а атрады і бежанцы заціснуты ў Матырынскім лесе.

Красавік выдаўся халодным. На азёрах яшчэ стаяў лёд, і фашысты накіроўвалі па іх лёгкія танкі. Чым маглі супрацьстаяць партызаны? У кожным атрадзе былі падрыхтаваныя смельчакі, якія выходзілі на “Тыгры” з гранатамі і бутэлькамі з гаручай сумессю. Дзень і ноч будаваліся равы, дзоты, надаўбы (загароджы з бярвенняў), мініраваліся не толькі дарогі, масты, абочыны, але і лёд. І за кожны населены пункт партызаны стаялі на смерць.

  • Брыгада “За Савецкую Беларусь” трымала абарону на ўсходнім баку, на шашы Ула-Ушачы. Ад Чарсцвяд да Сарочына па бальшаку кіламетраў восем. Гэту адлегласць тэхніка праціўніка пераадольвала 12 дзён!

У брыгадзе была цэлая сям’я Сінкевічаў, аб якіх хадзілі легенды. Малодшы Васілёк – разведчык, які толькі яму ведамым чынам пранікаў у нямецкія гарнізоны. Коля-чорны і Коля-белы (па колеры валасоў). З чацвярых сыноў Савелія Восіпавіча ў жывых застаўся адзін Аляксей. Коля-белы і Васілёк загінулі, прыкрываючы адход атрада. Коля-чорны дайшоў да Берліна і там прыняў смерць. Бацька памёр ад тыфу ў дні блакады.

  • Подзвіг панфілаўцаў паўтарыла 25 красавіка рота Уладзіміра Ганчарова (брыгада імя Панамарэнкі) ля вёскі Кісялёва. Доўгі бой супраць варожага батальёну – адступілі. Потым нечаканы ўдар – і немцаў з вёскі зноў выбілі. Вораг кінуў новыя сілы. Рэзервовага атраду яны крыху не дачакаліся… 13 партызан змагаліся да апошняга, але не адышлі, не далі рассекчы брыгаду і разбурыць абарону на паўднёвым напрамку.

Легенды не выходзяць у запас

Пра асаблівы статус Полацка-Лепельскай партызанскай зоны сведчыць той факт, што прозвішчы 5 кіраўнікоў брыгад на сайце “Партызаны Беларусі” занесены ў раздзел “Легендарныя партызаны”.

Сярод іх Фёдар Фаміч Дуброўскі, адзін з заснавальнікаў партызанскага руху на Ушаччыне, камандзір першай брыгады імя Дубава (пасля расфарміравання насіла назву Чашніцкай), адзін з дзесяці камандзіраў партызанскіх фарміраванняў Беларускай ССР, якому было прысвоена воінскае званне “генерал-маёр”! Партызаны кадравага ваеннага і ўраджэнца Ушацкага раёна клікалі бацькам.

За галаву камбрыга Аляксея Данукалава агенты гестапа абяцалі 100 тысяч нямецкіх марак і вялікае памесце. Загінуў Аляксей Фёдаравіч 27 красавіка 1944 года пры авіябамбёжцы Вялікіх Долец, калі ў штабе брыгады распрацоўвалі выхад з кола. Фашысты настолькі баяліся камбрыга, што выкапалі і ўзарвалі труну з пахаваным целам. Брыгада “Аляксея” пры жыцці кадравага ваеннага насіла яго імя, а пасля смерці – прозвішча.

Прыклад камандзіраў акрыляў. І гэта не прыўзнятая ў пасляваенны час даніна камуністам. Камбрыг брыгады “За Савецкую Беларусь” Павел Мінаевіч Раманаў ведаў, што чалавечыя сілы не бязмежныя і падчас карнай аперацыі фашыстаў імчаў на тыя ўчасткі, дзе цяжэй за ўсё. Прыкрываючы выхад сваіх падначаленых ужо пасля прарыву блакады, ён быў забіты асколкам міны.

Іван Мацвеевіч Цімчук у час прарыву быў камісарам (а потым камандзірам) І Антыфашысцкай брыгады, той самай, што была створана вермахтам з палонных чырвонаармейцаў і пад кіраўніцтвам не менш легендарнага палкоўніка Гіль-Радзіёнава ў 1943 годзе ў поўным саставе перайшла на бок партызан. Менавіта яна прыняла асноўны ўдар у ноч з 4 на 5 мая: з 1413 яе байцоў загінула 1026.

Уладзімір Елісеевіч Лабанок, камісар брыгады “Дубава”, камбрыг брыгады імя Сталіна і кіраўнік аперацыі па прарыве блакады. Як і пералічаным вышэй камбрыгам яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, а сярод узнагарод ёсць ордэн Суворава І ступені – вышэйшая палкаводчая адзнака.

У радах аднаго з партызанскіх атрадаў разрываў кола блакады разведчык Міхаіл Ягораў – той самы сяржант, які пазней разам з грузінам Кантарыя ўзняў сцяг Перамогі над Рэйхстагам.

Няма ў спісах легенд камбрыга Лепельскай брыгады Дзмітрыя Цімафеевіча Караленкі, хаця аўтарытэт яго сярод партызан быў непахісны. У.Лабанок апісваў такі эпізод прыняцця ў партыю Мікалая Няпомняшчага. “А як тваё імя па бацьку?”, – запыталіся члены камісіі. “У мяне не толькі яго, але і прозвішча няма. Нічога не памятаю, таму і далі такое ў дзетдоме”. “Ну дык выбірай сам!”, – прапанавалі таварышы. “Дзмітрыевіч” – сказаў партызан. Тады яго не запыталіся, чаму выбраў такое. А калі Мікалай загінуў падчас аднаго з баёў, яго сябар сказаў: “Гэта ён у гонар Дзмітрыя Караленкі такое імя па бацьку ўзяў”.

Ад на зямлі

Пакідалі свае дамы і ішлі разам з партызанамі вяскоўцы. Бясконцыя абозы рухаліся да Ушач, якія былі пакінуты 30 красавіка. 230-кіламетровая партызанская абарона скарацілася ўсяго да васьмі кіламетраў. Карнікі блакіравалі народных мсціўцаў у Матырынскім лесе, і ў ноч з 4 на 5 мая партызаны пайшлі на прарыў варожага кола.

  • Вось як апісваў тую ноч У.Е.Лабанок: “Людзі былі гатовыя да ўсяго. Але тое, што адбылося, пераўзышло ўсе нашы чаканні. У адно імгненне схаваныя начной цемрай нашы перадавыя часці ператварыліся ў рухомы вогненны паток. Асобных стрэлаў не было чутна. Стаяў суцэльны грохат. Гэта быў рэальна апошні рашучы бой”.

 

  • З кнігі партызанкі брыгады імя Чапаева В.А.Клачковай “Дарога да шчасця”: “Дабраўшыся да ракі, пачалі перапраўляцца. Хто ўплаў, хто на конях. У гэты час немцы адкрылі чарговы агонь. Схавацца такой колькасці людзей немагчыма. Рэчка перапоўнена. Тады я ўпершыню ўбачыла, як маці, звар’яцеўшы ад страху, кідаюць сваіх дзяцей. Апрытомнеўшы, пад кулямётным агнём вяртаюцца, скокаюць у ледзяную ваду, толькі дзяцей ужо няма. Некаторыя звязвалі сябе дротам, каб не згубіцца і выцягнуць пры небяспецы… У паветры і на зямлі перамяшалася ўсё. Нечым дыхаць ад парахавога дыму. Здаецца, на нас падае неба. Зямля паўсюдна ўслана мёртвымі целамі, раненыя просяць прыстрэліць, а вада ў рэчцы зрабілася чырвонай ад крыві”.

  • Не адразу заўважыла, што кулі прашылі цельца яе прывязанага хусткай да грудзей дзіцяці, маладая вясковая настаўніца Варвара Мірановіч. Толькі калі праз некалькі гадзін выйшлі з-пад абстрэлу, зразумела, што малыш прыняў на сябе прызначаныя ёй кулі і выратаваў жыццё.

 

  • З кнігі М.Абрыньбы “Лёс апалчэнца”: “Партызанка Ала суправаджала абоз з параненымі, даглядала хворых на тыф. Там жа, падчас блакады яна нарадзіла дзіця, раней загінуў муж разведчык Васіль Нікіфараў. Падчас абстрэлаў жанчына хавала коней з дарогі ў лес, бегла з вядром да палявой кухні за ежай, карміла, паіла і перабінтоўвала партызан. Схуднелая да чарнаты, седзячы на возе і прыціскаючы да грудзей, у якіх не было малака, дзіця, адчула яго смерць. Ала амаль страціла розум. Яна выкапала каля варонкі ямку і пахавала немаўля. І сама стала мёртвай, але працягвала ўсю цяжкую працу медсястры і байца. Яе стан жудасны. Але для жанчын, якія даўно страцілі абутак і ідуць па карэнішчах дарог з дзецьмі за спіной і на руках, — пакуты Алы, толькі дзіцячы стогн. Яе становішча выклікала зайздрасць. Яна ведае, куды вязе параненых, яна ведае, што робіць, яна з’яўляецца свядомым звяном у агульным руху, а яны — што страцілі і мэту, і сілы, куды ідуць?”

У ноч прарыву партызаны разграмілі варожыя гарнізоны і вывелі разам з сабой з акружэння больш 15 тысяч мірных жыхароў.

Унікальная баявая аперацыя паспрыяла больш хуткаму вызваленню Беларусі і назаўсёды застанецца ў ваеннай гісторыі прыкладам неверагоднай мужнасці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *