В отделении по охране объектов г.п. Ушачи Полоцкого отдела Департамента охраны проводили на заслуженный отдых начальника Сергея Пугачева

Общество

У аддзяленні па ахове аб’ектаў г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы праводзілі на заслужаны адпачынак начальніка Сяргея Пугачова. У раённым Цэнтры культуры ў яго гонар адбыўся вечар-партрэт.

Службе ў органах унутраных спраў мужчына прысвяціў 22 гады, палова з іх – у ахове. Прайшоў шлях ад оперупаўнаважанага да начальніка аддзялення. Таму зразумела, што тых, хто прыйшоў раздзяліць святочны момант з С.М.Пугачовым, было нямала: былыя і сённяшнія калегі, кіраўніцтва, родныя.

Намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні палкоўнік Андрэй Серафімаў уручыў Сяргею Міхайлавічу за шматгадовую добрасумленную і бездакорную службу Грамату Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (на здымку). Пра гады ў ахове будзе нагадваць ручны гадзіннік з адмысловым лагатыпам.

– Прыязджаючы ва Ушачы, заўсёды для сябе адзначаў, што ў аддзяленні выдатны калектыў, Вы заўжды ўмелі знайсці падыход да кожнага работніка, згуртаваць, правільна паставіць задачы і ўсёй душой хварэлі за справу, – падкрэсліў начальнік Полацкага аддзела Сяргей Ціханаў. – За ўвесь час маёй работы ўшачане ніколі не падвялі, і ў гэтым у многім заслуга кіраўніка. Што пацвердзіў і нядаўні выпадак, калі зламыснікі праніклі ў адзін з аб’ектаў пад аховай, але дзякуючы асабоваму саставу і Сяргею Міхайлавічу былі затрыманы ў лічаныя хвіліны.

Кранальнае віншаванне і падарунак падрыхтаваў для віноўніка ўрачыстасці яго калектыў, пажадаўшы абавязкова ажыццявіць мары і задумы, на якія не хапала часу з-за напружанай службы.

“Я ўжо адключыў будзільнік!” – казаў Сяргей Міхайлавіч у апошні свой рабочы дзень, але ўсе прысутныя на яго ўрачыстасці былі ўпэўнены, што яшчэ доўга ён будзе прачынацца рана без падказкі сігналу, уздрыгваць ад тэлефонных званкоў і хвалявацца пры гуку сірэн машын аховы – з памяці ж не сціраюцца такія старонкі жыцця.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *