У прайшоўшыя выхадныя стартаваў чэмпіянат Віцебскай вобласці па футболе сярод аматарскіх каманд, які адначасова з’яўляецца рэгіянальным этапам першынства Рэспублікі Беларусь другой лігі. 24 каманды з усіх раёнаў падзелены на тры групы: “Захад”, “Усход” і “Цэнтр”. Менавіта ў апошняй будуць змагацца ўшачане, а іх сапернікамі стануць бешанковіцкія, глыбоцкія, докшыцкія, лепельскія, чашніцкія, шумілінскія футбалісты, а таксама другая каманда з Міёр. У бой нашы землякі ўступяць у бліжэйшую суботу.
Чаго нам чакаць ад абласнога першынства? На гэтую тэму пагутарылі з трэнерам каманды Р.Фядосенкам. “Будзем рэалістамі: у адрозненне ад міні-футбола, дзе нашы землякі няблага выглядаюць на розных турнірах, дастойныя выступленні на вялікім полі прыгадаюць, напэўна, толькі аматары са стажам. Увогуле, апошні раз мы праводзілі афіцыйныя матчы па футболе каля 10 год таму. Відавочна, што чэмпіянат стане няпростым выклікам, аднак хлопцы настроены рашуча і пастараюцца паказаць усё, на што здольныя”, – дзеліцца меркаваннямі Раман Мікалаевіч.
Начальнік упраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Фацееў: “Галоўная задача гэтай лігі – папулярызацыя футбола. Мы выконваем даручэнне Кіраўніка дзяржавы аб стварэнні ў кожным раённым цэнтры аматарскай футбольнай каманды”.
Камплектаваць склад зборнай яму дапамагае інструктар ФСК Ігар Коршун. У папярэднюю заяўку каманды ўключаны 27 чалавек, і выраз “сплаў маладосці і вопыту” ў гэтым выпадку якраз дарэчы: самаму старэйшаму нашаму іграку 44 гады, а маладзейшаму – 16. Як заўсёды, разлічваюць на правераную лясгасаўскую “дыяспару”: Андрэя Клямяценку, Юрыя Уладзіёнка, Леаніда Карабаня, Андрэя Лодзіса. Галкіперскую пазіцыю паспрабуюць закрыць Міхаіл Ярмош і Уладзімір Хамёнак. У абойме не толькі работнікі ўшацкіх арганізацый, згодны прыязджаць на матчы ўраджэнцы раёна, якія працуюць у іншых гарадах: Яўген Ярмош, Сяргей Малей, Андрэй Парашкін, Андрэй Жаваранак. Узмацніў бы каманду Арцём Ільіноў, які навучаўся ў футбольнай акадэміі Мінскага “Дынама”, вось толькі правесці зможа максімум дзве гульні, бо ўжо мае на руках павестку на армейскую службу. Больш дакладны склад будзе вызначаны бліжэй да старту.
“Разумеем, што тактычныя сакрэты не раскрыеце, але за кошт чаго паспрабуеце даць бой сапернікам?” – цікавімся ў Р.Фядосенкі. “Відавочна, найперш будзем выкарыстоўваць тое, што адпрацавана ў міні-футбольным фармаце: кароткі пас, гульню ў сценку. Спадзяемся на камандны дух і самаадданасць – гэтыя якасці заўсёды былі ўласцівыя ўшачанам”, – зазначае наш суразмоўца.
4 мая каманду чакае паядынак з докшыцкімі сапернікамі. На жаль, усе матчы ўшачан будуць выязнымі: у нашым раёне шмат выдатных спартыўных аб’ектаў, аднак стандартнага футбольнага поля няма. Лясгасаўскі стадыён, які выручаў раней, ужо не функцыянуе, а новы, пабудаваны ля спарткомплексу, для афіцыйных матчаў такога ўзроўню не падыходзіць па параметрах. Пажадаем нашай камандзе ўдачы і, вядома ж, будзем расказваць чытачам пра ход турніру.
Наталля БАГДАНОВІЧ.