Происшествия в Ушачском районе

Закон - один для всех

Па матэрыялах РАУС за мінулы тыдзень аддзелам міліцыі да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства прыцягнута пяць чалавек, за распіццё спіртных напіткаў ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах – адзінаццаць. Узбуджана пяць крымінальных спраў.

Няўдалая карэктура

Рабочы КУСГП “Дубраўка” вырашыў прадоўжыць сабе адпачынак, для чаго “падкарэкціраваў” даты на сваім бальнічным лістку. Аднак зрабіў гэта, мабыць, не надта акуратна – пацёртасці і допісы былі заўважаны кіраўніцтвам гаспадаркі. Факт падробкі пацвердзіла экспертыза. У адносінах мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.

“Добры механік”

Жыхар Аршанскага раёна прыехаў на сваю дачу ў вёску Судзілавічы Ушацкага раёна на сваім аўтамабілі. А вось для таго, каб паехаць назад, яму прыйдзецца шукаць ужо іншыя віды транспарту. Справа ў тым, што злодзей выкраў з машыны ўсё, што можна было адтуль выцягнуць: сядзенне, шкло, дэталі… Відаць, добры механік, бо хутка і акуратна здолеў разабраць аўто. Урон, які панёс пацярпелы, склаў 2,5 мільёна рублёў. Супрацоўнікамі міліцыі ўстаноўлена, што выкрадальнік – жыхар вёскі Кублічы. Частка выкрадзенага вернута ўладальніку.

Пракаціўся…

У міліцыю аб угоне свайго аўтамабіля паведаміў жыхар райцэнтра. І літаральна праз некалькі хвілін сам яго і знайшоў. Выкрадальнік – жыхар гарпасёлка – прыкмеціў уначы “Опель-Кадэт” на вуліцы Віцебскай, пранік унутр, аднак далёка не ад’ехаў, пакінуў машыну ля суседняга дома. Узбуджана крымінальная справа.

У гаспадарцы спатрэбіцца!

З лесвічнай пляцоўкі дома ў гарпасёлку, дзе працавалі мантажнікі-сувязісты ААТ “Белсувязьбуд” невядомая асоба выкрала перфаратар, кошт якога – 414 тысяч рублёў. Рэч у гаспадарцы, канечне, запатрабаваная, але ж і прыкметная – не іголка… Праваахоўнікі шукаюць “будаўніка”.
Яшчэ раз хочацца нагадаць грамадзянам: будзьце ўважлівыя, не пакідайце без нагяду каштоўныя рэчы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *