А вы ведаеце, што можна атрымаць ад дзяржавы амаль 4,5-6 тысяч рублёў, прычым, не трэба выплачваць працэнты і нават вяртаць сродкі? Па ўсім відаць, не – інакш прэтэндэнтаў на субсідыю на Ушаччыне дакладна б паболела. Каб не ўпусцілі такую прывабную прапанову, сёння мы падрабязна раскажам пра дзяржпадтрымку, на якую могуць разлічваць тыя, хто мяркуе адкрыць уласную справу.
З беспрацоўнага – у прадпрымальнікі
Першая інстанцыя, куды трэба звярнуцца, – раённая служба занятасці. У банку даных, які вядзецца спецыялістамі, зараз больш за 170 вакансій, у тым ліку па рабочых прафесіях. Калі ж падыходзячага варыянта не знойдзеце, вам прапануюць іншы від дзейнасці.
“Дзяржава ідзе насустрач усім, хто мае жаданне наладзіць уласны бізнес, – расказвае галоўны спецыяліст службы Таццяна Гардзіёнак. – У прыватнасці, выдзяляецца аднаразовая бязвыплатная субсідыя. Для яе атрымання трэба быць зарэгістраваным у якасці беспрацоўнага і скласці бізнес-план. Дарэчы, з апошнім мы дапамагаем. Калі ж у чалавека ёсць неабходнасць падвучыцца прадпрымальніцкай справе, ён можа бясплатна прайсці спецыяльныя курсы”.
У грашовым эквіваленце памер субсідыі зараз складае 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, а гэта 4474,14 рубля. Калі ж прадпрымальніцкай ці рамеснай дзейнасцю па месцы жыхарства збіраецца займацца беспрацоўны з сельскай мясцовасці, то ён можа разлічваць на 15 БПМ, ці 6101,1 рубля. Гэтыя сродкі можна выкарыстаць на набыццё абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, сыравіны, аплату паслуг і іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй сваёй справы. Аднак трэба памятаць, што такая фінансавая падтрымка аказваецца дзяржавай толькі адзін раз, паўторна атрымаць субсідыю нельга! Давядзецца і трымаць перад службай занятасці справаздачу за выдзеленыя сродкі. Галоўнае, на што звяртаецца ўвага – іх мэтавае выкарыстанне.
Разлічваць на атрыманне субсідыі могуць грамадзяне працаздольнага ўзросту, якія з’яўляюцца зарэгістраванымі ў якасці беспрацоўных у службе занятасці, не могуць уладкавацца па наяўных вакансіях і хочуць паспрабаваць сябе ў прадпрымальніцкай ці рамеснай дзейнасці любога профілю, а таксама ў сферы аграэкатурызму. Падрабязная інфармацыя – па адрасе: г.п. Ушачы, вул. Ленінская, д. 12 (кабінеты № 49-50) або па тэлефонах: 5-73-51, 5-88-57.
“Сарафаннае радыё” ў дапамогу
Многія баяцца адкрываць уласную справу ў невялікіх гарадах і вёсках, маўляў, там меншая запатрабаванасць у розных відах паслуг, ды і пакупніцкая здольнасць насельніцтва ніжэйшая. І гэта, на думку спецыялістаў, адна з асноўных памылак. Магчыма, “залатых гор” у населеных пунктах з колькасцю жыхароў менш 10 тысяч адразу чакаць і не варта, але з іншага боку – некаторыя нішы на рынку застаюцца незанятымі, можна працаваць, не баючыся канкурэнцыі, ды і вывучыць свайго спажыўца тут значна прасцей. Выдаткі ж на рэкламу скароціць “сарафаннае радыё” (усе ж ведаюць адзін аднаго).
Усяго ў раёне зараз зарэгістравана 166 індывідуальных прадпрымальнікаў.
У фаворы – гандаль
Нягледзячы на ўсю прывабнасць прапановы, за атрыманнем субсідыі на Ушаччыне звяртаюцца нячаста. Сёлета толькі адзін мужчына выказаў жаданне паспрабаваць сябе такім чынам у рамеснай справе – у службе занятасці чакаюць яго канчатковага рашэння. Летась падобных фактаў увогуле не было. У 2022-м жа адна жанчына арганізавала ў райцэнтры дзейнасць у галіне фатаграфіі, другая адкрыла студыю прыгажосці.
Дагэтуль матэрыяльную падтрымку жыхары раёна атрымлівалі на рамонт і аддзелку памяшканняў, развядзенне буйной рагатай жывёлы, рамонт камп’ютараў, тэлефонаў і бытавой тэхнікі, адкрыццё гандлёвай кропкі. Дарэчы, рознічны гандаль традыцыйна знаходзіцца ў фаворы ва ўшацкіх прадпрымальнікаў. Праблем з арэндай памяшканняў практычна не ўзнікае.
Адкрываць Амерыку не трэба
Хто хоча, той абавязкова знойдзе занятак па душы. Прыклад таму – шлях у прадпрымальніцтва з дапамогай бязвыплатнай субсідыі ўшачанкі К.Пінчук, уладальніцы кропкі “Es nail”, што ў магазіне “Усё за капейку” па вул. Фрунзэ. Сваю справу ўшачанка рызыкнула адкрыць 2,5 года таму, калі па сертыфікаце, які на Дзень нараджэння падарылі блізкія, прайшла навучанне па манікюры і крыху папрактыкавалася на пазногцях пляменніцы.
“Пра магчымасць атрымання субсідыі ведала даўно: яе на развіццё бізнесу некалі браў мой муж, сям’я сястры, – расказвае Кацярына. – Паколькі ж марыла пра ўласную справу, гэтак жа накіравалася ў службу занятасці. І ўжо літаральна праз месяц мой зварот адобрылі. Падкрэслю: асаблівых цяжкасцяў не ўзнікла – трэба было толькі зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнай (на гэта хапіла некалькіх хвілін), атрымаць праз райвыканкам дазвол на рамонт узятага мной у субарэнду памяшкання (менш за гадзіну) і скласці бізнес-план. Паколькі маю вышэйшую эканамічную адукацыю, сама ўсё хутка разлічыла – і ў канцы снежня 2021-га афіцыйна стала індывідуальным прадпрымальнікам”.
Атрыманых К.Пінчук сродкаў хапіла на абсталяванне яе міні-салона ўсім неабходным: мэбляй, убудаванай выцяжкай, фрэйзерам… Заставалася толькі крыху ўкласціся ў “расходнікі”.
Што ўшачанка гэтак жа адзначае са станоўчага боку: практычна ўсё зараз можна знайсці ў інтэрнэце, прычым, з дастаўкай.
“Хоць і асвоіла ўжо звыш 10 навучальных праграм па манікюры, гэты занятак лічу сваім хобі, а не асноўнай работай, – адзначае Каця. – Вялікага патоку кліентак у мяне няма, ды і не імкнуся да гэтага. Цяпер усе мае думкі – пра хуткае адкрыццё сваіх магазінаў”.
“Адкрываць Амерыку”, упэўнена наша суразмоўца, не трэба – усё, чым сам рэгулярна карыстаешся, з высокай верагоднасцю спатрэбіцца, спадабаецца іншым.
Год адпрацаваць – і можна не вяртаць
Напэўна, многія з вас хаця б раз звярталіся за рамонтам мабільнага тэлефона, тэлевізара, іншай тэхнікі да індывідуальнага прадпрымальніка А.Станкевіча. Сваю справу – таксама дзякуючы субсідыі – ён адкрыў сем гадоў таму, за выдзеленыя грошы набыў неабходнае абсталяванне. “Прыемна, што дзяржава аказвае падтрымку прадпрымальнікам на старце іх дзейнасці, – кажа Алег. – Акрамя атрымання субсідыі ў мяне была магчымасць бясплатна зарэгістравацца ў якасці ІП і на працягу першых трох месяцаў разлічваць на 25-працэнтную падатковую льготу”. Дарэчы, на апошнюю пры ўмове аплаты адзінага падатку і зараз могуць разлічваць усе, хто зарэгістраваўся ў якасці ІП упершыню.
Не хавае, што рада была паспрабаваць сябе ў якасці прадпрымальніка і Д.Мухіна з прыгаданай вышэй студыі прыгажосці. Справу сваю яна спыніла праз год пасля атрымання субсідыі. Сродкі ж, як і набытыя за іх рэчы, вяртаць не спатрэбілася: было выканана асноўнае патрабаванне – занятасць у прадпрымальніцтве мінімум 6 месяцаў на працягу аднаго года пасля рэгістрацыі ў якасці ІП.
“Справа была па душы, ды і кліентаў хапала, – прызнаеца Дар’я. – Але ж вырашыла дапамагчы бацьку, які таксама з’яўляецца ІП, – зараз працую на яго. Аднак не выключаю, што некалі аднаўлю ўласную дзейнасць. Вялікі плюс у тым, што абсталяванне і вопыт ужо ёсць”.
З індывідуальнага прадпрымальніка ў самазанятую перакваліфікавалася нядаўна ўладальніца фотапавільёна “Фокус” А.Булыкіна. Пачыналася ж усё для яе гэтак жа з атрымання субсідыі – за яе сродкі набыла неабходнае абсталяванне. “Ад нявесткі Дзіяны, якая пачынала такую справу, канечне, тое-сёе накшталт разака, фарбаў засталося, але ж самі разумееце – камеры, прынтары 10-гадовай даўнасці ўжо не актуальныя – была патрэба ў абнаўленні”, – расказвае Алена Леанідаўна. – Змяніць жа “статус” рашыла, бо лічу яго больш простым і зручным”.
Узровень беспрацоўя на Ушаччыне складае 0,2 працэнта пры планавым заданні не больш за 0,4. На ўліку службы занятасці знаходзіцца восем чалавек, траім з іх ужо выдадзены накіраванні на працаўладкаванне.
Магчыма і перавучыцца…
Зразумела, стаць паспяховым прадпрымальнікам не так проста: патрабуюцца ініцыятыўнасць, пастаянныя зносіны з людзьмі, часта ненарміраваныя рабочыя дні… Магчыма, некаму больш даспадобы вырабляць штосьці сваімі рукамі, напрыклад, рэзаць па дрэве, з лазы ці ратанга плесці кошыкі, рабіць сувеніры. У такім разе можна стаць рамеснікам.
Ёсць магчымасць і перавучыцца. Служба занятасці дапамагае таксама тым, хто хоча змяніць спецыяльнасць, – дае накіраванні на навучанне па самых розных прафесіях, на якія ёсць попыт. Прычым, гэта цалкам бясплатная для беспрацоўнага чалавека прапанова.
* * *
Як бачым, варыянты знайсці месца на рынку працы зараз ёсць практычна ў кожнага. Было б жаданне, а для адкрыцця ўласнай справы – яшчэ і крыху рашучасці.
Падрыхтавала
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымках: К.Пінчук, А.Булыкіна.