“А-2, В-3, а цяпер давайце C-4, D-5…” Напэўна, каб пачуў гэтыя перамовы ў аўдыёфармаце, дык падумаў бы, што людзі, якія іх вядуць, гуляюць у шахматы ці, скажам, у марскі бой. Насамрэч жа займаліся яны будаўніцтвам: састаўлялі маркіраваныя бярвенні зрубаў. Прынамсі, “баявая” тэма ў працэсе ўсё ж прысутнічала: у дзень рэспубліканскага суботніка на полі ля комплексу “Прарыў” мужчыны ўзводзілі… вёску 80-гадовай даўніны, якая будзе дэкарацыяй для рэканструкцыі ваенных падзей у час маючага адбыцца абласнога свята “Прарыў Перамогі”.
Вядома ж, на збудаванні патрэбна была няновая драўніна, таму знайшлі спосаб, як адным стрэлам забіць двух зайцаў: разабралі пяць безгаспадарчых пабудоў, перавезлі на новую лакацыю і склалі з іх вёску. “Вельмі рады, што старая лазня, якая стаяла ля віцебскай шашы, больш не будзе псаваць выгляд Слабады і паслужыць добрай справе! Яе разбор ужо быў у планах, але на такую аператыўнасць я ніяк не разлічваў”, – не хаваў добрага настрою старшыня Сарочынскага сельвыканкама Віталь Клімашэўскі. Не менш задаволены быў і яго калега Міхаіл Хоміч, бо ў гэты дзень ліквідавалі трухлявыя будынкі ва Угрынках і Старым Сяле Ушацкага сельсавета.
Прынамсі, лёгка гэта ўсё апісаць, а вось выканаць такі аб’ём работ, канечне, было няпроста. Таму на дапамогу супрацоўнікам райвыканкама, лясгаса і райаддзела па надзвычайных сітуацыях прыбыў працоўны дэсант з пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада №1 ААТ “Нафтан”. Мужчыны, як тыя казачныя волаты, за першую палову дня знеслі старыя, а за другую – узвялі новыя пабудовы. “Працаваць сёння менавіта на гэтым славутым ушацкім мемарыяле для нас – і цікава, і ганарова”, – зазначыў начальнік наваполацкага атрада Дзяніс Высоцкі, які, дарэчы, у рабоце паказваў прыклад сваім калегам. “Па ўсім відаць, у будаўнічай справе Вы не навічок?” – пацікавіліся мы ва ўшацкага выратавальніка Максіма Дукмасава. “Так і ёсць! Напрактыкаваўся на будаўніцтве ўласнага дома!” – патлумачыў той.
У рэспубліканскім суботніку прынялі ўдзел каля трох мільёнаў беларусаў. Сабрана больш 14,5 мільёна рублёў. Заробленыя сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы па ўсёй краіне.
Увогуле відовішча было ўражлівае: прыпыняліся нават некаторыя машыны, што ў гэты час рухаліся па трасе ля комплексу. Напэўна, вось гэтак, вялікай грамадой, калісьці нашы землякі ўзводзілі даваенныя вёскі, так што элемент рэканструкцыі гістарычных падзей мы ўбачылі ўжо падчас суботніку.
Аднак не толькі наваяўленыя будаўнікі шчыравалі ў гэты дзень на “Прарыве”. Вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні аб’екта выканалі прадстаўнікі сектара культуры. Увогуле парадак ля помнікаў і абеліскаў наводзілі ў многіх кутках раёна. Масавы дэсант працаваў у Слабадзе ля абеліска, устаноўленага ў гонар воінаў-землякоў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай. Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Марковіч і Сяргей Мялешкін, кіраўнік нашага раёна Сяргей Садоўскі разам з дэпутатамі райсавета, работнікамі некалькіх арганізацый добраўпарадкавалі тэрыторыю ля помніка. Прыемна, што далучыліся да работы і мясцовыя жыхары. “Я хоць ужо і ва ўзросце, але калі ўбачыў, што тут працуюць людзі, не змог застацца ў баку, – прызнаўся нам Міхаіл Пятровіч Жарнасек. – Гэта ж мая родная вёска, тут усё жыццё прайшло, а на абеліску ёсць і прозвішча мужа маёй бабулі Івана Іванавіча Шаўчэнкі. Так што для мяне гэта і сямейны помнік…”. А наш дэпутат у аблсавеце Сяргей Мікалаевіч Мялешкін падкрэсліў, што наводзіць парадак на сваёй зямлі павінен кожны грамадзянін краіны – і не толькі падчас суботнікаў.
Выключна мужчынскую каманду ўбачылі мы ля тэрыторыі былога льнозавода. Камунальнікі, энергетыкі і электрасувязісты стварылі зводную брыгаду, каб навесці парадак на грамадзянскіх могілках. Хоць тут ужо некалькі дзесяцігоддзяў не хаваюць людзей, аднак месца апошняга спачыну ўсё роўна трэба прывесці ў належны выгляд – тым больш што непадалёк будуць ладзіцца мерапрыемствы фестывалю “Экстрым-Прарыў”. У дзень суботніка тут высеклі хмызняк і пачалі ўстаноўку агароджы.
Шмат работы знайшлося і ў цэнтры гарпасёлка: парадак тут наводзілі работнікі падатковай інспекцыі, Белдзяржстраха, следчага камітэта, пракуратуры, шэрагу іншых арганізацый. Як звычайна не засталіся ў баку медработнікі, прычым некаторыя прыйшлі з дзецьмі. Спрытна працаваў з лапатай сямікласнік Леанід, які вырашыў дапамагчы маме Таццяне Казьянінай. “Жывём жа ў сваім доме, так што для мяне падобная работа не ў навіну”, – патлумачыў старанны хлопчык. Тым часам камунгасаўскія электрыкі пракладалі праз праезную частку праводку, каб падключыць асвятленне да нядаўна ўстаноўленага на перакрыжаванні турыстычнага ўказальніка.
Самую ж масавую жаночую брыгаду давялося ўбачыць у гэты дзень таксама на будаўніцтве. Прадстаўніцы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ТЦСАН, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і іншых службаў наводзілі парадак у памяшканнях інтэрната для спартсменаў. Работнікі аддзела па адукацыі традыцыйна выехалі ў Турасполле, каб падрыхтаваць да летняга сезона аздараўленчы лагер.
Шмат чаго было зроблена і на тэрыторыі сельсаветаў. Наводзіўся парадак на вуліцах населеных пунктаў, высякалася кустоўе на вясковых могілках.
І хоць надвор’е ў суботу было пераменлівым, працоўнага запалу ўшачан яно не астудзіла. Рабіць годныя справы ў добрай кампаніі заўсёды прыемна!
Наталля БАГДАНОВІЧ.