Проект «Один день с …»: рассказываем о том, как в Ушачах готовят будущих водителей

Калейдоскоп

Праект, распачаты ў мінулым годзе, спадабаўся многім чытачам. Мы вырашылі яго працягнуць і сёння адкрываем другі сезон газетнага серыяла, прысвечанага розным запатра-баваным у грамадстве прафесіям.

Хоць размова пойдзе пра тых, хто сядзіць у кабіне аўто, адпраўляцца ў дальнія вандроўкі нам не давялося. Маршрут абмежаваўся пераездам у Градзянец, дзе ўжо на працягу 36 год навучаюць будучых аўтамабілістаў. І хоць галоўная місія Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Ушацкага райсельгасхарча – забяспечваць годнымі работнікамі прадпрыемствы АПК, для многіх ушачан гэта ўстанова асацыіруецца з навучаннем тых, хто марыць атрымаць правы. Тут рыхтуюць вадзіцеляў легкавушак, грузавікоў (у тым ліку з прычэпамі), аўтобусаў. “Не вучым хіба што вагонаважатых, але калі ва Ушачах пракладуць рэйкі, дык і гэта асвоім!” – жартуюць спецыялісты. Адметна, што фактычна ўвесь час цэнтр узначальваў адзін кіраўнік – Сяргей Васільевіч Кучаронак. Тут выкладаюць устройства аўтамабіляў, правілы дарожнага руху, асновы бяспекі і меддапамогі, а за практыку адказваюць майстры вытворчага навучання Ілья Міхайлавіч Крыскевіч, Уладзімір Сяргеевіч Хадан і Сяргей Іосіфавіч Чэрвоны. Апошні працуе з тымі, хто будзе вадзіць грузавікі, аўтобусы і фуры. Ён і дапамог нам глыбей пранікнуць у нюансы гэтай прафесіі.

У мінулым годзе ў цэнтры прайшлі падрыхтоўку 63 вадзіцелі транспартных сродкаў катэгорыі “В”, 12 чалавек, якія ўжо мелі пасведчанне на кіраванне легкавымі аўтамабілямі, перавучыліся на катэгорыю “С”, 14 – з “С” на “СЕ”, 17 – з “С” на “D”.

Адчуеш габарыты – “прыручыш” грузавік

Між іншым, установу, дзе з катэгорыі “В” можна перавучыцца на “С”, у нашым рэгіёне яшчэ трэба пашукаць, таму на заняткі ў Градзянец ездзяць людзі з Бешанковіч, Наваполацка і нават Верхнядзвінска. Зараз у гэтай групе займаюцца 15 чалавек, і ў іх ліку тры жанчыны. “Чаму пайшла на “С”? У жыцці ўсё можа спатрэбіцца. Магчыма, набудзем грузавы мікрааўтобус, не выключаю, што з ваджэннем калісьці звяжу і работу”, – патлумачыла навапалачанка Наталля Верташонак, якая ў гэты дзень практыкавалася на аўтадроме. Родам яна з Падмаскоўя, а вось муж, як можна здагадацца па прозвішчы – наш зямляк, ён і падказаў пра ўшацкі цэнтр. Дзяўчына ў дэкрэтным водпуску, у час заняткаў за малышом прыглядаюць родныя, і нават тое, што ва Ушачы даводзіцца прыязджаць на рэйсавым аўтобусе, яе не спыняе. “Падабаецца і вучоба, і выкладчыкі, з Сяргеем Іосіфавічам адразу знайшлі кантакт: тлумачыць даступна, умее і настрой узняць”, – адзначае навучэнка. Плён месяца заняткаў ужо бачны: назіраю, як яна заводзіць ЗІЛ і выконвае практыкаванне будучага экзамену – заязджае заднім ходам у пазначаны вешкамі бокс. “Самае галоўнае – навучыцца адчуваць габарыты, бо калі ў легкавушцы бачыш дарогу і праз задняе шкло, то тут арыентуешся толькі па люстэрках”, – каменціруе С.Чэрвоны.

Жанчынам кіраваць грузавіком у фізічным плане няпроста. Ёсць і яшчэ адзін нюанс: крэсла ЗІЛа пачынае “ўключаць” амартызацыю, толькі калі вага вадзіцеля больш 55 кіло, так што фігурыстыя дзяўчаты сядзяць на ім, як на табурэце. Затое могуць суцяшаць сябе, што калі не зрасцецца з самазвалам, ёсць шанс падацца ў мадэльны бізнес!
Практыкавалася на аўтадроме і яшчэ адна абаяльная дзяўчына: падапечная Ільі Міхайлавіча Крыскевіча Алена Баграцова ездзіць у Градзянец з вёскі Гомель, каб атрымаць правы на легкавы аўтамабіль. ВАЗ-2107 досыць упэўнена рухаўся па пляцоўцы, але С.Чэрвоны папрасіў мяне быць уважлівай і далей адысці ад дарогі: “Ведаеце, што агульнага ў інструктара і дрэсіроўшчыка? Да вучэбнай машыны, як і да тыгра, ніколі нельга паварочвацца спінай!”

Чароўны зумер і пластыкавы “пасажыр”

Паўзу паміж урокамі мы выкарысталі, каб разгледзець “жалезнага вучэбнага каня”. ЗІЛ-130 верай і праўдай служыць цэнтру з моманту яго стварэння. Канечне, за гэты час неаднойчы рамантаваўся, але абслугоўваюць яго руплівыя майстры, таму машына ззяе свежымі фарбамі і выглядае маладжава.

Дарэчы, ва ўшацкіх арганізацыях у справе зараз толькі два самазвалы падобнай канфігурацыі – яшчэ адзін “ветэран” шчыруе ў паліўзбыце.

У кабіне грузавіка шмат, як зараз кажуць, лайфхакаў. Забыўся, як пераключаць перадачы – перад вачыма намаляваная схема, ля кожнай кнопкі – падказка: “святло”, “газ”, “падсос”, “дворнікі”, а вось стрэлкі з подпісамі “права”, “лева” мяне крыху здзівілі. “Дарэмна ўсміхаецеся! Бывае, што пачаткоўцы моцна губляюцца, – перахапіў мой позірк інструктар. – Але падказка не для іх. На гэтай жа машыне мы вучым катэгорыю “Е”, а там ёсць праблемны момант: калі пры руху заднім ходам хочаш завярнуць прычэп улева, руль трэба выкручваць управа, і наадварот. На першых занятках блытаюцца 70-80 працэнтаў вучняў. Дарэчы, прычэп у нас двухвосевы, асвоіцца з ім не так проста. Ёсць нават выраз: таго, хто вучыўся ў Градзянцы, у “Гіртэку” бяруць без стажыроўкі”, – мовіць С.Чэрвоны. Гэта, канечне, жарт, але кажуць, што падобны выпадак сапраўды быў.

Вучыцца на катэгорыю “Е” ідуць не толькі будучыя дальнабойшчыкі: з 15 чалавек мінулага выпуску ў фуры селі тры, астатнія ўладкаваліся ў лясгас, ЖКГ, іншыя мясцовыя прадпрыемствы.

Паказаў мне інструктар і больш тэхналагічныя знаходкі. Адна з самых распаўсюджаных памылак, калі забываюць выключаць сігнал павароту. “Доўга не мог прыдумаць, як з гэтым змагацца. Спрабаваў негуманны спосаб: памыліўся – рабі 15 прысяданняў!.. – расказвае Сяргей Іосіфавіч (шчыра кажучы, за некалькі гадзін зносін я так і не прызвычаілася вызначаць, у якіх момантах ён жартуе). – І раптам нагледзеў у інтэрнэце прыладу – далучаеш яе да паваротніка, і пакуль ён уключаны, ідзе гукавы сігнал. Сем рублёў на “вайлдберысе” – і праблемы больш няма: гучны зумер дакладна не праігнаруеш. Як вынік – у час апошняй здачы экзамену ў ДАІ ўпершыню не было ніводнай заўвагі на гэты конт”.
Ёсць свае хітрасці і па катэгорыі “D”. Першую групу вадзіцеляў аўтобусаў цэнтр выпусціў два гады таму, і гэты напрамак аказаўся запатрабаваны: сёлетнія навучэнцы толькі здалі экзамен, а ўжо сем чалавек запісалася ў наступны набор. Сярод тых, хто атрымаў гэту катэгорыю, ушачанін Дзяніс Пчолка – супрацоўнік РАУС якраз быў непадалёк па службовых справах і прыпыніўся, каб запытацца ў інструктара, ці ёсць у бліжэйшых планах вучоба групы “Е”. “Вельмі дзейсным прыёмам, які дапамог нам навучыцца плаўна вадзіць аўтобус, была… бутэлька з вадой, – заінтрыгаваў мяне Дзяніс. – Сяргей Іосіфавіч ставіць на панэль у салоне пластыкавую паўтаралітроўку і кажа: “Уявіце, што гэта чалавек, ваша задача ехаць так, каб ён не ўпаў”. На першых уроках “пасажыр” часцяком катаецца па салоне, а пад канец стаіць, як мае быць”. Што ж, ёсць падставы спадзявацца, што выпускнікам цэнтра дакорлівы выраз: “Гэй! Не дровы вязеш!..” чуць не давядзецца…

“Прынады” эстакады

“А бываюць зусім няздольныя да ваджэння людзі?” – пытаюся ў суразмоўцы. І чую чарговы афарызм: “Таго, каго немагчыма навучыць, можна натрэніраваць!”. Наступны ж вучань да праблемных яўна не належаў. Аляксандр Шараеў 22 гады адпрацаваў у Плінскім лясніцтве, калі ж пасля аперацыі работа вальшчыка стала не па сілах, адвучыўся ў цэнтры на качагара і ўладкаваўся ў матырынскі клуб. Раней, таксама ў Градзянцы, атрымаў пасведчанне трактарыста, здаў на легкавушку, а зараз вырашыў пашырыць вадзіцельскі дыяпазон. Дыяганальная паркоўка, якая таксама ў праграме на экзамене, у яго атрымліваецца лепш за ўсіх. На гэтым жа ўроку адпрацоўвалі практыкаванне на эстакадзе: трэба ўзняцца ўверх, затармазіць, а потым крануцца з ручніка. У час першай спробы машыну крыху адцягнула ўніз, а напрыканцы занятку Аляксандр усё рабіў спрытна. Яшчэ крыху папрактыкуецца – і атрымае дазвол на выезд у горад, дзе праходзіць другі этап заняткаў.

Дарэчы, некалькі год таму навучанне на катэгорыю “С” тут прайшоў і Дзмітрый Дрозд, які нядаўна стаў дырэктарам цэнтра. “Вучоба давалася лёгка, і я ўвесь час намагаўся забегчы наперад праграмы, так што Сяргей Іосіфавіч мяне нават крыху прытарможваў”, – прыгадвае ён.

У чарговым перапынку ўпрошваю настаўніка правезці мяне праз эстакаду – і разумею, чаму некаторыя не любяць гэта практыкаванне: у яго пачатку вадзіцель бачыць перад сабой толькі неба, што, напэўна, напружвае тых, хто баіцца вышыні. Я не з такіх, і манеўр, наадварот, натхняе “прыгадаць маладосць” – у 80-я ўсе ўшацкія старшакласнікі вучыліся ў школьным ВВК, і я асвойвала якраз спецыяльнасць вадзіцеля грузавіка. Ездзіла, праўда, на ГАЗ-53, ды і ў наступныя 40 год ні разу не садзілася за руль, але інструктар запэўніў, што ў ваджэнні – як на вадзе: калі хоць раз паплыў, навык не забудзеш – і вызваліў вадзіцельскае крэсла…

І я сапраўды паехала – канечне, з дэталёвымі падказкамі надзейнага спецыяліста, які сядзеў побач. Зусім не страшна, калі ведаеш, што пры патрэбе ён націсне на паралельны тормаз. Дарэчы, рыхтуючы машыну да работы з групай, Сяргей Іосіфавіч пафарбаваў педалі, дык вось тыя, што на пасажырскім месцы, па-ранейшаму блішчаць некранутым чорным колерам: пускаць іх у справу пакуль ні разу не давялося. “Такія вось кемлівыя ў нас вучні!” – усміхаецца пазітыўны інструктар.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *