В агрогородке Ореховно прошёл профсоюзный правовой приём граждан

Общество

На мінулым тыдні прававы прафсаюзны прыём грамадзян прайшоў у аграгарадку Арэхаўна. Вяскоўцы былі актыўнымі, звярнулася 8 чалавек, якія задалі 11 пытанняў, звязаных з абаронай працоўных інтарэсаў. Кансультацыі далі галоўны прававы інспектар працы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Яшчанка і памочнік пракурора Ушацкага раёна Вікторыя Клюцук. Прывядзём адказы на некаторыя пытанні.

– У час сацыяльнага водпуску без захавання зарплаты захварэла і мне выдалі лісток непрацаздольнасці. Ці падаўжаецца такі водпуск?

– Не. Згодна артыкула 171 Працоўнага кодэкса, падаўжаецца ці пераносіцца ў сувязі з хваробай толькі працоўны водпуск. Пасля закрыцця “бальнічнага” сацыяльны водпуск можа быць дадзены згодна заканадаўства ва ўстаноўленым парадку.

– Наймальнік мае права адправіць мяне ў камандзіроўку ў выхадныя дні? Магу я адмовіцца?

– Службовай камандзіроўкай лічыцца паездка па распараджэнні наймальніка на пэўны тэрмін у іншую мясцовасць для выканання задання. Работа ў выхадныя дапускаецца па прапанове наймальніка і толькі са згоды работніка ці наадварот, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам (напрыклад, для ліквідацыі аварыйнай сітуацыі). Прыцягненне да работы ў выхадны афармляецца загадам. Такім чынам, адмова ад камандзіроўкі ў Ваш выхадны не з’яўляецца парушэннем працоўнай дысцыпліны.

– Ці можна перад звальненнем забраць нявыкарыстаны працоўны водпуск і пасля яго заканчэння не выходзіць на работу?

– Па пісьмовай заяве работніка нявыкарыстаныя асноўны і дадатковы адпачынкі могуць быць прадастаўлены яму з наступным звальненнем (акрамя выпадкаў звальнення за парушэнні). Пры гэтым днём звальнення лічыцца апошні дзень водпуска. Пры звальненні ў сувязі з заканчэннем працоўнага дагавора водпуск з наступным звальненнем даецца ў межах дагавора. Такім чынам, пасля водпуска Вы можаце не выходзіць на работу, але прыйдзецца прыйсці да наймальніка за працоўнай кніжкай.

– Хацела ўладкавацца на працу, але атрымала адмову. Наймальнік спаслаўся на пенсію па ўзросце. Ці законныя дзеянні кіраўніка?

– Згодна артыкула 14 ПК, абмежаванне ў працоўных правах у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага паходжання, мовы, рэлігійных ці палітычных перакананняў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах, маёмаснага або службовага становішча, узросту, месца жыхарства, недахопаў фізічнага або псіхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, іншых абставін, не звязаных з дзелавымі якасцямі і не абумоўленых спецыфікай працоўнай функцыі работніка, забаронена. Вы маеце права звярнуцца ў суд з адпаведнай заявай, калі лічыце, што падвергліся дыскрымінацыі ў сферы працоўных адносін.

– На пенсіі працягваю працаваць, праз два месяцы заканчваецца тэрмін дзеяння кантракта. Наймальнік папярэдзіў, што не мае намеру працягваць са мной працоўныя адносіны. Заўваг пры гэтым не атрымлівала, хачу і далей працаваць – здароўе дазваляе. Ці мае права наймальнік не падоўжыць кантракт?

– Мае. Асаблівасці падаўжэння кантракта з работнікамі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, у заканадаўстве не прадугледжаны. Тут дзейнічае агульны парадак: падаўжэнне кантракта ў межах 5-гадовага тэрміну яго дзеяння ажыццяўляецца па пагадненні бакоў на тэрмін не менш за адзін год, а з работнікамі, якія не дапускаюць парушэнняў вытворча-тэхналагічнай, працоўнай дысцыпліны, – да заканчэння максімальнага тэрміну дзеяння. На меншы тэрмін кантракт падаўжаюць з пісьмовай згоды работніка. Пры гэтым дзеючым заканадаўствам для наймальніка не ўстаноўлены абавязак абгрунтоўваць работніку рашэнне аб прадаўжэнні тэрміну дзеяння кантракта або прычыны спынення працоўных адносін па заканчэнні тэрміну дзеяння кантракта.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *