Хроника происшествий на Ушаччине за март

Происшествия

Па інфармацыі райаддзела міліцыі, у сакавіку на Ушаччыне ўзбуджана 15 крымінальных спраў. Большасць з іх – дзевяць – традыцыйна па фактах крадзяжу, дарэчы, вінаватыя асобы па ўсіх устаноўлены.

Выкралі тэлефон і картку

Адразу два злачынствы здзейснены ў магазіне “Капеечка”. У першым выпадку ўраджэнец Віцебска, а зараз жыхар Ушацкага раёна 1972 года нараджэння не змог прайсці міма чужога мабільнага тэлефона. Каб вызваліць сабе рукі, гэты сродак сувязі коштам 605 рублёў гаспадыня ненадоўга пакінула без увагі на паліцы ў гандлёвай зале.

Страціла пільнасць яшчэ адна ўшачанка, якая пасля разліку за пакупкі забылася на касе банкаўскую картку. Апомніцца вельмі хутка дапамаглі смс-паведамленні пра спісанне з яе рахунка грашовых сродкаў. Як высветлілася, наступная пакупніца, ураджэнка Глыбокага 1977 года нараджэння прысвоіла карту і пачала ёй распараджацца – затарылася на суму 87 рублёў і ў самой “Капеечцы”, і ў дзвюх бліжэйшых гандлёвых кропках. І на гэтым наўрад ці б спынілася, аднак была затрымана праваахоўнікамі.


Галодныя злодзеі

Відаць, галоднай была жыхарка Ушач 1990 года нараджэння, калі разам з таварышам зайшла ў дом па вуліцы Ленінскай, дзе той пражывае са сваёй маці. Інакш як яшчэ патлумачыць, што ўсе ўбачаныя на кухні прадукты на суму 104 рублі яна вырашыла выкрасці? Праважаты ж, які часта знаходзіцца “падшафэ”, падвоху не адчуў.

Незаконна “затарыўся” у адным з дамоў у вёсцы Андрэйчыкі ўраджэнец Расійскай Федэрацыі 1975 года нараджэння. Выставіўшы аконнае шкло, пранік у памяшканне, дзе яго здабычай сталі не толькі чатыры слоікі з тушонкай, гарбата, кава, цукар, але і рэчы неядомыя: радыёпрыёмнік, лямпа, дзве сякеры, гумовыя боты і іншыя на агульную суму 122 рублі.
Сваёй упартасцю здзівіў ураджэнец Ліпаўца 1968 года нараджэння. Праз дзвярную шчыліну ў адным з дамоў па вуліцы Каранеўскага ў райцэнтры ён адкінуў металічны кручок з завесы, адкрыўшы тым самым уваход у памяшканне. Ну а потым ажно тройчы сюды наведваўся за тушонкай – вынес 11 слоікаў. Калі ж гаспадар надзейна зачыніў дзверы, злодзей не адчаіўся – прынёс лесвіцу, выставіў раму і “ўвайшоў” праз акно. На гэты раз зноў узяў слоік з тушонкай і ўпакоўку з кавай. Агульны ўрон, які панёс пацярпелы, склаў 113 рублёў.
Гэтак жа праз адцісканне дзвярнога кручка ў чужы дом у Арэхаўне залез мясцовы жыхар 1981 года нараджэння. Дагэтуль судзімасці ў яго не было – на такія дзеянні, хутчэй за ўсё, падштурхнула выпітае спіртное. У знаёмых мужчына выкраў прадукты і іншую маёмасць коштам каля 85 рублёў.


Усё спатрэбіцца!

Прынцыпам, вынесеным у загаловак, кіруюцца многія ўшацкія злодзеі. Вось і жыхар райцэнтра, прыняўшы на грудзі пару-тройку чарак алкаголю, яшчэ ў лютым ля аднаго з дамоў па вуліцы Ленінскай прыкмеціў для сябе два металічныя катлы на суму 102 рублі. З верасня па сакавік (дакладная дата не ўстаноўлена) 37-гадовы плінчанін разбіў аконнае шкло на дачы ўшачаніна ў вёсцы Самоўка, пранік у памяшканне і выкраў газавую пліту і балон, пячное ліццё агульным коштам 260 рублёў.

Неаднаразова “засвяціўся” перад праваахоўнікамі ўжо судзімы жыхар Угрынак 1970 года нараджэння. З лютага па сакавік, выставіўшы аконную раму, ён залез у адзін з мясцовых дачных дамоў, дзе незаконна пажывіўся дошкамі, цвікамі, кірзавымі і гумовымі ботамі, двума слоікамі з фарбай, апырсквальнікам для раслін (урон склаў 100 рублёў). Ён жа “правёў рэвізію” на дачы навапалачаніна па-суседстве – вынес дарагую швейную машынку.


Незаконны арсенал

захоўвалі ў сябе дома двое нашых землякоў. Так, у жыхара вёскі Альшаны правахоўнікі выявілі адзін вінтовачны патрон. У прадстаўніка ж Вялікадалеччыны “набор” быў куды больш унушальны: 44 патроны заводскай вытворчасці, бяздымны порах, выбуховае рэчыва. Дзе ўсё гэта набыў і як планаваў выкарыстаць, высвятляецца.


Меркавалі зарабіць – давялося згубіць

Двое жыхароў Ушацкага раёна пацярпелі ад дзеянняў інтэрнэт-махляроў. Так, мужчыны хацелі выгадна згуляць на біржы – і, здавалася, першыя аперацыі прыносілі прыбытак. “Памочнікі” ж па сетцы заахвочвалі ўкладацца зноў і зноў. Вядома, пераводзіць сродкі назад ніхто не збіраўся. Як вынік – адзін пацярпелы пазбавіўся 359 рублёў, другі – 340.


Неразумныя дзеянні

Ад “няма чаго рабіць” займеў праблемы з законам юнак 2009 года нараджэння. Увечары, знаходзячыся на трасе Р-46 каля вёскі Вацлавова, ён схапіў устаноўлены тут палімерны слуп і з размаху кінуў у іншамарку, якая праязджала міма. Кошт ветравога шкла, якое было разбіта ў выніку такіх хуліганскіх дзеянняў, ацэнены ў 290 рублёў.

Не разлічваў на строгія меры ўздзеяння ў адносінах сябе і 35-гадовы ўшачанін. Пасля таго, як адбыў за здзейсненае раней злачынства пакаранне, усяляк ігнараваў ўстаноўленыя патрабаванні прэвентыўнага нагляду: выпіваў, у РАУС не з’яўляўся, адсутнічаў па месцы жыхарства… Тым самым “зарабіў” сабе чарговую крымінальную справу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *