Медики из Витебска провели приём пациентов в Ушачской ЦРБ

Здравоохранение

Паколькі ва Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы на сённяшні дзень няма ўрача-дэрматолага і пастаяннага хірурга, візіт такіх спецыялістаў з Віцебскага медуніверсітэта быў чаканы многімі. Таму ў сераду, калі прыём ажыццяўлялі адразу двое, пацыентаў у паліклініцы прыбавілася.

Нягледзячы на тое, што хірургі прыязджаюць да нас з абласнога цэнтра на рэгулярнай аснове, жадаючых пракансультавацца, атрымаць на месцы неабходную дапамогу было шмат – давялося нават павялічыць запланаваны загадзя час прыёму. На гадзінніку было амаль 16 гадзін, калі з кабінета на першым паверсе ад віцебскага спецыяліста выходзіў апошні на гэты дзень пацыент – дзевятнаццаты па ліку.

20 жыхароў раёна пажадалі сустрэцца з дэрматолагам. З усімі, хто мае скурныя паталогіі, ушацкія медыкі правялі неабходную падрыхтоўчую работу – на прыём усе прыходзілі з вынікамі ўжо праведзеных аналізаў, што дазваляла доктару хутка паставіць дыягназ, прызначыць лячэнне.

Нагадаем, што ў красавіку чакаецца яшчэ адзін візіт у райбальніцу хірурга з ВДМУ – 17 чысла, а таксама кардыёлага – 18 і 30. Не забудзьцеся загадзя ўзяць талончык (іх колькасць з улікам непрацяглага часу прыёму абмежавана), а ў другім выпадку – папярэдне прайсці абследаванне ва ўрача агульнай практыкі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *