Кожнае 1 верасня – непаўторнае і шчымлівае. Вось і на гэты раз свята першага званка ва ўсіх школах раёна прайшло кранальна і шчыра. На пляцоўках і памяшканнях, дзе праходзілі мерапрыемствы, было ўрачыста, цёпла і ўтульна.
Ва ўсіх навучальных установах, як заўсёды, Дзень ведаў праходзіў па-рознаму, але ўсюды ён быў па-свойму асаблівы, насычаны на радасныя ўсмешкі, шчырыя словы.
Добрага шляху па краіне ведаў пажадаў у гэты дзень настаўнікам і вучням Ільюшынскай школы старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак. Алег Анатольевіч уручыў калектыву ўстановы сучасны персанальны камп’ютар за перамогу ў конкурсе па падрыхтоўцы агульнаадукацыйных устаноў да новага навучальнага года. Такія ж падарункі ў гэты дзень атрымалі калектывы Арэхаўскай і Кубліцкай школ (другое і трэцяе месцы ў конкурсе).
Святочнага настрою дадало школьнікам з Ільюшына і Старога Сяла прадпрыемства ААТ “Ільюшынскі”, якое выдзеліла школам да Дня ведаў па тры тоны зерня. Кіраўніцтва гаспадаркі за добрасумленную працу падчас летніх канікул уручыла дванаццаці школьнікам грашовыя прэміі. Такую ж “матэрыяльную дапамогу” ў памеры 100 тысяч рублёў атрымаў у гэты дзень і вучань Кубліцкай школы Аляксандр Верташонак.
Падчас урачыстых лінеек у школах былі падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшае афармленне кабінетаў замежнай мовы. Пераможцам уручаны слоўнікі і іншыя кнігі на агульную суму 600 тысяч рублёў, набытыя аддзелам адукацыі райвыканкама.
У Кубліцкай школе лінейку адкрыў новы дырэктар Аляксандр Леанідавіч Раманоўскі, які выкладаў у школе гісторыю.
Як заўсёды, масава і маштабна праходзіла лінейка ва Ушацкай школе. Пад дружныя апладысменты прысутных граматамі былі ўзнагароджаны вучні, якія падчас канікул не сядзелі дома, а працавалі ў розных арганізацыях раёна. Пасля заканчэння ўрачыстасцяў адзінаццацікласнікі разам з першакласнікамі па добрай традыцыі ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам.
Для ўсіх школьнікаў раёна прагучаў у гэты дзень першы званок, які праводзіў іх у падарожжа па краіне ведаў. Ва ўсіх класах прайшоў першы ўрок па тэме: “Твая зямля, твая Радзіма названа светла – Беларусь!”.